ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Памяць пра спачылых святароў: успаміны вернікаў. Частка сёмая
- 28 лістапада, 2025
- Фота: catholic.by // Catholicminsk.by
Лістапад, месяц асаблівай малітвы за памерлых, паціху набліжаецца да завяршэння. Аднак нашыя прыватныя малітвы за спачылых будуць штодня гучаць і далей. У іх не забудзьмася ўзгадаць пра святароў, якія вялі нас да Бога і адышлі ў вечнасць. Сённяшнюю апошнюю частку з цыклу ўспамінаў вернікаў мы прысвецім ксяндзу Рышарду Юніку, шматгадоваму пробашчу парафіі святога Юзафа ў Рубяжэвічах (Стаўбцоўскі дэканат).
Даведка

Ксёндз Рышард Юнік нарадзіўся 1 чэрвеня 1939 года ў вёсцы Русінавічы Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў каталіцкай сям’і Юзафа і Яніны Юнікаў. Акрамя Рышарда, у сям’і было яшчэ двое сыноў: Баляслаў і Вацлаў. Была і сястрычка, якая памерла маленькай.
Будучы душпастыр праходзіў падрыхтоўку да святарства ў 1970-я гады пад кіраўніцтвам ксяндза інфулата Вацлава Пянткоўскага ў падпольнай семінарыі ў вёсцы Мядзведзічы. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 29 чэрвеня 1978 года ў Рызе з рук біскупа Валяр’яна Зондакса. Быў першым пасля вайны святаром, які паходзіў з Пінскай дыяцэзіі. Служыў спачатку вікарыем ў Мядзведзічах, пасля пробашчам у Новай Мышы і Рубяжэвічах.
З рубяжэвіцкай парафіяй гісторыя святарства ксяндза Рышарда Юніка вельмі цесна звязаная. З 1961 года на працягу 13 гадоў будучы святар працаваў у ёй арганістам. У 1979 годзе ксёндз Рышард стаў яе пробашчам. У Рубяжэвічы, дзе з’явіўся пастаянны святар, прыязджалі вернікі з Мінска, Маладзечна, Стоўбцаў, Дзяржынска, Івянца і іншых парафій, дзе святароў не было.
Адышоў у вечнасць 2 снежня 2014 года. Пахаваны ў Рубяжэвічах на прыкасцёльнай тэрыторыі.
Ніна Макарэвіч, г. Дзяржынск
Са святой памяці ксяндзом Рышардам Юнікам я пазнаёмілася летам 1985 года ў Рубяжэвічах, калі з мамай прыехала да Першай cповедзі.
Уласна, мама мяне і рыхтавала да сакрамэнту пакаяння. Яна надрукавала на машынцы кароткі катэхізіс, і мы некалькі месяцаў рыхтаваліся. Пасля гадоў праз 5-10 бачыла падобныя ў касцёлах Мінска (польскія словы, друкаваныя кірыліцай).
Цікава, што ўвесь катэхізіс, слова ў слова, яна памятала з дзяцінства, калі іх малых (а гэта былі 40-я гады мінулага стагоддзя, ішла вайна) катэхетка пані Леакадзія рыхтавала да Першай Камуніі.
Пешшу, з групкай дзяцей, яны ішлі да Рубяжэвіч (гэта прыкладна 20 км), начавалі ў пабожных людзей, а ў нядзелю прыступалі да Першай Камуніі.
Потым былі дзесяцігоддзі атэізму, зачыненыя святыні, а катэхезы і малітвы пані Леакадзіі яны запомнілі на ўсё жыццё…
Дзякуючы гэтай пані Леакадзіі і памяці маёй мамы, я і пазнаёмілася з асновамі веры. Прыступаючы першы раз да важных сакрамэнтаў, я трохі хвалявалася, канешне.
Памятаю, у гэты дзень мы ехалі наўздагад, тэлефона не было… Ксёндз Рышард кудысьці збіраўся ад’язджаць, спяшаўся, але, убачыўшы нас, падышоў, згадзіўся паспавядаць і удзяліць Камунію.

Ён запомніўся мне чалавекам з добрай усмешкай на твары, любячым Бога, людзей, гумар, але прынцыповым і непрымірымым у адносінах да граху.
Выкарыстоўваў любую магчымасць, каб абвяшчаць Хрыста людзям. Таму, напрыклад, нават пахаванне магло зацягнуцца.
Вельмі любіў музыку, касцёльныя спевы, сам добра спяваў, бо напачатку быў арганістам у касцёле. Хацеў, каб на святой Імшы спявалі прыгожа і рабіў заўвагі, калі хтосьці фальшывіў.
На мяне гэта таксама вельмі паўплывала: люблю спяваць і дбаю пра прыгажосць і чысціню спеву.
Але найбольш паўплывалі на мяне яго адносіны да службы Пану Богу — што нельга Божую справу рабіць дрэнна, абы як.
Божа, Ты паклікаў святароў да сваёй службы і ўчыніў іх пастырамі нашых душаў. Аддаю Табе ў апеку ўсіх памерлых святароў, якія пры жыцці вялі мяне да Цябе. Выслухай маю малітву і дай ім шчасце ў небе разам з усімі апосталамі. Амэн.
Пачытаць, якімі засталіся ў памяці вернікаў іншыя душпастыры, вы можаце таксама ў першай, другой, трэцяй, чацвёртай, пятай і шостай частках цыклу.
Шчыра дзякуем ўсім нашым чытачам, якія падзяліліся сваімі ўспамінамі.