Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Памяць пра спачылых святароў: успаміны вернікаў. Частка трэцяя

  • 5 лістапада, 2025
  • Калаж: vaticannews.va // Catholicminsk.by

Працягваем публікаваць успаміны вернікаў пра памерлых душпастыраў, заахвочваючы да малітоўнай памяці пра іх. Сёння даніну павагі аддамо ксяндзу прaлату Міхалу Варанецкаму CM, шматгадоваму пробашчу парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Ружанах (Пінская дыяцэзія, Пружанскі дэканат), а пасля першаму духоўнаму айцу семінарыстаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Даведка

Ксёндз Міхал Варанецкі CM нарадзіўся 23 снежня 1908 года ў Новай Вілейцы (цяпер раён Вільні). Там скончыў школу місіянераў святога Вінцэнта дэ Поля. У Вільні скончыў ніжэйшую, а пасля ў Кракаве вышэйшую семінарыю гэтай жа Кангрэгацыі. У Кракаве ў 1929 годзе прыняў манаскія шлюбы, у 1935 годзе — святарскае пасвячэнне. У 1936-1937 гадах выкладаў матэматыку і геаграфію ў кракаўскай семінарыі. На працягу ўсёй Другой сусветнай вайны быў духоўным айцом у вайсковым шпіталі ў Львове. Пасля вайны стаў адміністратарам парафіі ў Лыскаве (сёння Пружанскі дэканат Пінскай дыяцэзіі). У 1949 годзе быў арыштаваны за захаванне часопісаў з антыкамуністычнымі артыкуламі, абвінавачаны ў стварэнні падпольнай арганізацыі  і асуджаны на 25 гадоў прымусовых работ. Накіраваны ў лагер Джэзказган у Казахстане, дзе працаваў на медным рудніку. Вызвалены ў ліпені 1956 года. Пасля вызвалення на працягу 34 гадоў выконваў душпастырскую паслугу ў Ружанах, куды прыязджалі вернікі яшчэ з 12 парафій, што не мелі ўласных святароў. У 1990 годзе быў прызначаны духоўным айцом для семінарыстаў новастворанай Гродзенскай семінарыі і афіцыялам касцёльнага суда. У 1996 годзе стаў генеральным вікарыем Гродзенскай дыяцэзіі. Памёр 10 чэрвеня 1998 года. Пахаваны на бэрнардынскіх могілках у Гродне.

Ядвіга Краснадэмская, г. Ваўкавыск

Мае бацькі жылі ў вёсцы Кузявічы, сёння гэта Пружанскі раён Брэсцкай вобласці. Дзякуючы руплівасці маёй мамы, а таксама бабулі і дзядулі, мы стараліся ездзіць на нядзельную Імшу ў Ружаны ў тыя складаныя часы пераследу веры, таму ксяндза Міхала Варанецкага я ведала з дзяцінства. Гэта святар, які мяне ахрысціў, падрыхтаваў да Першай споведзі і Камуніі, пасля ў больш сталым узросце ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі (меў такі дазвол). Шлюб мы з мужам таксама бралі ў ружанскай парафіі. Можна сказаць, што ўсё маё сакрамэнтальнае жыццё праходзіла пры ксяндзу Міхале. Ён жа так доўга служыў у нашай парафіі!

Ксёндз Міхал, як вядома, ездзіў і ў іншыя парафіі, дзе не было святароў. Памятаю, у нядзелю, адслужыўшы Імшу у Ружанах, ён ехаў у Поразава (сёння Свіслацкі раён Гродзенскай вобласці). Поразаўскія парафіяне дасылалі за ім машыну, і мы мелі магчымасць вярнуцца з Ружан дадому  з ксяндзом Міхалам. А ён мне заўсёды даваў цукерку за адвагу, што хаджу ў касцёл. Для дзіцяці гэта, вядома, заўсёды радасць.

Імша тады служылася так званая «старая», калі святар быў павернуты спінай да вернікаў. Ксёндз Міхал меў проста бездакорную выпраўку, ён кленчыў і ўставаў з ідэальна роўнай спінай. Памятаю, мяне, малую, гэта прыводзіла ў захапленне. І ўвогуле ў мяне з дзяцінства засталося такое адчуванне вялікай сакральнасці ўсяго, што адбывалася ў касцёле, — лічу, што гэта заслуга ксяндза Міхала. Асаблівыя ўспаміны ў мяне з літургіі Вялікай суботы.

Ксёндз Міхал у Ружанах, ліпень 1982 г. Фота: ruzhany.info

Наш пробашч быў вельмі адукаваным чалавекам, меў вялікую бібліятэку. Сёння кнігай нікога не здзівіш, а тады мае бацькі проста паглыналі гэтую літаратуру. У нас захоўваецца дагэтуль і падарунак ад ксяндза Міхала — кніга пра архітэктуру Беларусі з яго подпісам.

Вельмі добрыя адносіны, можна нават сказаць, сяброўскія, былі ў ксяндза Міхала з маім татам. Пробашч браў яго за кампанію, калі ехаў у Вільню.

Ксёндз Міхал прасіў тату прыслугоўваць ля алтара. Памятаю, тата вагаўся, бо працаваў у калгасе трактарыстам, а гэтая праца не заўсёды дазваляла быць вольным у нядзелю. Але ксёндз Міхал казаў: «Як толькі можаце, адразу ідзіце ў сакрыстыю рыхтавацца да Імшы». І тата ішоў.

У 1990 г. вернікі з  нашай вёскі аднавілі знішчаны раней прыдарожны крыж і ксёндз Міхал прыехаў яго асвяціць. Завітаў і ў нашую хату. Побач з намі жыла шматдзетная сям’я, у якой бацькі, на жаль, ужывалі алкаголь і не вельмі дбалі пра дзяцей. Ксёндз Міхал паразмаўляў з дзецьмі, пытаўся ў нас, як можна дапамагчы гэтай сям’і, хацеў дзяцей неяк заахвоціць хадзіць у касцёл. Быў вельмі неабыякавым чалавекам.

Калі пасля 34 год душпастырскай паслугі біскуп прызначыў ксяндзу Міхалу новае служэнне ў Гродне, парафія вельмі кранальна з ім развітвалася. Я таксама наважылася і сказала развітальныя словы. Памятаю, што ксёндз Міхал мяне абняў.

Хоць і быў ён асобай вялікага маштабу, заставаўся сціплым, не любіў праяваў асаблівай пашаны да сябе.

Гродна стала месцам апошняга спачыну нашага пробашча. Кожны раз, калі ёсць такая магчымасць, бываю на яго магіле і малюся.

Даведацца больш, якой глыбокай і рознабаковай асобай быў ксёндз Міхал, можна, паслухаўшы падкаст Ватыканскага радыё.

Малітва за памерлых святароў

Божа, Ты паклікаў святароў да сваёй службы і ўчыніў іх пастырамі нашых душаў. Аддаю Табе ў апеку ўсіх памерлых святароў, якія пры жыцці вялі мяне да Цябе. Выслухай маю малітву і дай ім шчасце ў небе разам з усімі апосталамі. Амэн.

Калі вам таксама ёсць што ўзгадаць пра спачылых святароў, якія вялі вас да Бога, дасылайце свае ўспаміны на catholicminsk@gmail.com.