Skip to main content

Маладзечанцы адзначылі гадавіну Першай святой Камуніі пры абразе Маці Божай Барунскай

30 мая
  • 3 чэрвеня, 2026
  • Тэкст: Вольга Фралова / Фота: бр. Уладзіслаў Мінько OFMCap // Паводле
  • pio.by

30 мая дзеці з парафіі святога Казіміра ў Маладзечне, якія год таму прымалі Першую святую Камунію, і іх сем’і разам з пробашчам братам Уладзіславам Мінько OFMCap і сястрой Кацярынай Грынчык MSF, якая рыхтавала дзяцей да Першай Камуніі, прыехалі ў Баруны Ашмянскага раёна (Гродзенская дыяцэзія) у санктуарый Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных, каб асаблівым чынам адзначыць гадавіну першага прыняцця Цела Хрыста.

Падчас святой Імшы ў бакавой наве касцёла перад цудоўным абразом Маці Божай брат Уладзіслаў выказаў меркаванне, што такая гадавіна са зменай абстаноўкі больш запомніцца дзецям, чым свята ва ўласнай парафіі. Ён пажадаў, каб тыя, хто год таму прыняў упершыню Цела Хрыста, рабілі гэта ўсе нядзелі і святы на працягу свайго жыцця. Пасля Імшы дзяцей і іх сем’і брат даручыў Маці Божай, прачытаўшы спецыяльны акт.

Пробашч барунскай парафіі ксёндз Павел Паўлюкевіч распавёў маладзечанцам пра гісторыю цудадзейнага абраза, якая бярэ пачатак у XVII стагоддзі.

Выява Маці Божай Барунскай нароўні з Тракельскай і Жыровіцкай адносілася да найбольш вядомых у Вялікім княстве Літоўскім.

З-за розных гістарычных падзей абраз некалькі разоў пакідаў Баруны, але з 1922 года прабывае ў мястэчку пастаянна.

Ксёндз Павел нагадаў, што нягледзячы на тое, што самы славуты ў Беларусі санктуарый Маці Божай знаходзіцца ў Будславе, у краіне ёсць яшчэ не адно месца, дзе Марыя аказвае асаблівыя ласкі. Сярод іх — і Баруны.

У санктуарый адбываюцца пешыя пілігрымкі са Смаргоні (33 кіламетры). Бліжэйшая — пілігрымка для мужчынаў 7 чэрвеня, у якой можа прыняць удзел кожны.

Брат Уладзіслаў таксама падтрымаў думку пра тое, што Баруны — старажытнае месца цудаў Маці Божай, якое знаходзіцца так блізка ад Маладзечна, і кожнаму варта сюды прыехаць. Штогадовы фэст у гонар Маці Божай Барунскай адбываецца ў кастрычніку.

Пасля святой Імшы госці з Маладзечна засмажылі каўбаскі каля муроў даўняга кляштара базыльянаў і накіраваліся ў суседнюю мясцовасць — Гальшаны, у славуты замак.

Там яны ўбачылі тэатралізаванае прадстаўленне з вобразамі Ягайлы, Соф’і Гальшанскай, Чорнага манаха і Белай дамы. Дзеці і дарослыя разам танчылі старажытныя беларускія танцы і гулялі ў сярэднявечныя гульні.