Skip to main content

У Магілёве пройдзе ўрачыстасць з нагоды пятай гадавіны служэння Мітрапаліта Юзафа Станеўскага

24 кастрычніка
  • 20 кастрычніка, 2026
  • Фота: Віталій Палінеўскі (Catholic.by) // Catholicminsk.by

24 кастрычніка ў магілёўскай конкатэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава адбудзецца ўрачыстасць з нагоды пятай гадавіны служэння арцыбіскупа Юзафа Станеўскага ў якасці Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага. Святая Імша распачнецца ў 11.00.

З гэтай нагоды Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, адказны за Магілёўскі рэгіён, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB звярнуўся да святароў, кансэкраваных асоб і вернікаў архідыяцэзіі з запрашэннем прыняць удзел ва ўрачыстасці.

Нагодай для святкавання з’яўляецца пятая гадавіна ўрачыстага інгрэсу арцыбіскупа Юзафа Станеўскага ў архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску і яго ўрачыстага ўваходу ў гістарычную магілёўскую катэдру.

Магілёўская святыня мае асаблівае значэнне ў гісторыі Каталіцкага Касцёла: у 1783 годзе Апостальская Сталіца зацвердзіла стварэнне Магілёўскай архідыяцэзіі, якая стала цэнтрам першай каталіцкай мітраполіі на тэрыторыі Расійскай імперыі. Першым мітрапалітам быў Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч.

Падчас урачыстай святой Імшы будуць абвешчаны новыя грэміяльныя і ганаровыя канонікі Магілёўскага калегіяльнага капітула. Канонікі Мінскага Катэдральнага капітула запрашаюцца да ўдзелу ў харальным адзенні.

Да ўдзелу ў святкаванні запрашаюцца святары, кансэкраваныя асобы і вернікі ўсіх парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Мітрапаліт Юзаф Станеўскі выказаў пажаданне, каб гэтая гадавіна стала супольнай падзеяй для ўсёй архідыяцэзіяльнай сям’і.

Арганізацыйная інфармацыя

Святароў, кансэкраваных асоб і адказных за парафіяльныя групы просяць загадзя паведаміць пра ўдзел у святкаванні і колькасць вернікаў, якія плануюць прыехаць у Магілёў. Гэта неабходна для арганізацыі пачастунку пасля ўрачыстасці.

Інфармацыю трэба перадаць пробашчу магілёўскай конкатэдры ксяндзу Уладзіміру Русаку па тэлефоне: +375 (29) 622 23 10 (Viber, WhatsApp).

Урачыстасць стане нагодай для супольнай малітвы ў інтэнцыях Мітрапаліта і падзякі Богу за пяць гадоў яго пастырскага служэння.

Прэс-служба аддзела архідыяцэзіяльнай курыі ў Магілёўскім рэгіёне