Skip to main content

Іерархі з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ўзялі ўдзел у цырымоніі ўступлення на пасаду новага Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў у Беларусі 

  • 20 кастрычніка, 2026
  • Фота: Віктар Ведзень, Catholic.by, паводле: Svjazep.org

У суботу, 17 кастрычніка, у капліцы святога Яна Хрысціцеля ў Мінску адбыліся уводзіны ў служэнне новапрызначанага Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў у Беларусі айца Лявонція Тумоўскага. Ва ўрачыстасці  ўдзельнічалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. 

Урачыстасць прайшла ў капліцы святога Яна Хрысціцеля ў Мінску. 

Як паведамляе сайт мінскай грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа, ва ўрачыстасці ўдзельнічалі Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа, беларускае каталіцкае духавенства, у тым ліку біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, ранейшы Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, канцлер Апостальскай адміністратуры айцец Яўген Усошын, шматлікія парафіяне. 

Урачыстасць стала важнай падзеяй у жыцці католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі і сабрала прадстаўнікоў абедзвюх каталіцкіх традыцый. У сваім звароце да прысутных арцыбіскуп Юзаф Станеўскі таксама закрануў тэму гістарычнай спадчыны ўсходняй хрысціянскай традыцыі і яе значэння для жыцця Касцёла ў Беларусі. 

Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа ва ўступным слове падзякаваў Богу і папу Льву XIV за прызначэнне новага Апостальскага адміністратара.  

«Гэта не проста адміністрацыйная змена царкоўнай адзінкі, а крок да аднаўлення даверу Богу. Вернікі візантыйскага абраду ў Беларусі — малы статак, але гэта не змяншае вашай важнай ролі ў будаўніцтве Валадарства Божага на зямлі»,
 

— адзначыў ён. 

Прысутных азнаёмілі з дэкрэтам Дзяржаўнага Сакратарыяту Апостальскай Сталіцы, у якім сказана, што 14 верасня Папа прызначыў айца Лявонція (Аляксандра) Тумоўскага M.S.U. Апостальскім адміністратарам для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі.

Таксама быў прачытаны дэкрэт Дыкастэрыі Усходніх Касцёлаў ад 17 кастрычніка 2026 года (N. 50/2023), у якім — ад імя Льва XIV — Дыкастэрыя надала айцу Лявонцію годнасць Архімандрыта, у адпаведнасці з канонам 388 Кодэкса канонаў Усходніх Касцёлаў.

Пасля гэтага Апостальскі нунцый здзейсніў абрад хіратэсіі (пастаўлення айца Лявонція ў сан архімандрыта) і ўвёў яго на пасаду Апостальскага адміністратара.
 

Архімандрыт узначаліў цэлебрацыю літургіі і прамовіў гамілію, у якой засяродзіў увагу на малітве Езуса за сваіх вучняў «каб усе былі адно». Ён адзначыў, што кожны, хто паверыць Нябеснаму Айцу, носіць імя Божага дзіцяці. Гэта сапраўдны дар, але і вялікая задача — сведчыць аб годнасці хрысціяніна і дзяліцца радасцю і мірам з тымі, каго сустракаем штодня.