ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Памяць пра спачылых святароў: успаміны вернікаў. Частка шостая
- 25 лістапада, 2025
- Фота: catholic.by // Catholicminsk.by
Працягваем публікаваць успаміны вернікаў пра памерлых душпастыраў, заахвочваючы да малітоўнай памяці пра іх. Сёння даніну павагі аддамо ксяндзу Зыгмунту Абартуху, у 1990-2001 гадах пробашчу парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Касцяневічах (Вілейскі дэканат, Мінска-Магілёўская дыяцэзія).
Даведка

Ксёндз Зыгмунт Абартух паходзіў з Польшчы, служыць у Беларусь прыехаў у ліпені 1990 года і з запалам і ахвярнасцю ўзяўся выконваць служэнне, даручанае арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, колішнім Апостальскім адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў лацінскага абраду.
Пазней кардынал Казімір Свёнтэк прызначыў яму шэсць парафій: у Касцяневічах, Сцешыцах, Альковічах, Ільі, Вязыні і Даўгінаве. Ксёндз актыўна ўзяўся за адбудову, рамонт і будаўніцтва ва ўсіх парафіях. Быў дэканам Вілейскага дэканата.
12 кастрычніка 1991 года біскуп Аляксандр Кашкевіч інтранізаваў фігуру Маці Божай Фацімскай у касцёле ў Касцяневічах і асвяціў новую плябанію.
5 ліпеня 1992 года кардынал Казімір Свёнтэк кансэкраваў адрамантаваны касцёл у Альковічах, а 7 жніўня 1993 года — у Ільі.
6 жніўня 1993 года кардынал асвяціў вуглавы камень пад новы касцёл у Сцешыцах, а роўна праз тры гады, 6 жніўня 1996 года, апостальскі нунцый арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі кансэкраваў яго.
У 1997-1998 гадах ксяндзом Абартухам былі набытыя званы ў сем касцёлаў. У гэты час быў таксама скончаны рамонт у касцёле ў Радашковічах. У 1999 годзе ксёндз распачаў капітальны рамонт касцёла ў Касцяневічах.
Знясілены вялізнай працай, па настаянні родных сясцёр святар вярнуўся на радзіму ў Польшчу, дзе памёр у 2002 годзе.
Тэрэса Канэцкая, аграгарадок Даўгінава
Прыехаў ксёндз Зыгмунт з Польшчы, мовы не ведаў ні беларускай, ні рускай. Карыстаўся польскай, але неяк дзіўным чынам яго разумелі не толькі дарослыя, але і дзеці. Дзеці заўсёды гужам хадзілі за ім і вельмі любілі яго, з нецярплівасцю чакалі заняткаў па катэхезе, якія ён праводзіў не толькі ў Касцяневічах, але і ў Даўгінаве.
Ён прывёз з Польшчы ілюстрацыі, якія ярка тлумачылі кожны момант святой Імшы і Бібліі. Паказваў, як святлее сэрца пасля споведзі, а пасля Камуніі становіцца ружовым. Расказваў і паказваў, як марнатраўны сын адыходзіць ад бацькі, як пасля ён пасвіў свіней, галадаў і ўрэшце вярнуўся. Святар так хацеў, каб вернікі зразумелі і запомнілі! І яго праца давала плён. Шмат часу прысвячаў арганізацыі паездак для дзяцей.

Акрамя касцяневіцкай парафіі, абслугоўваў парафію ў Даўгінаве, адбудоўваў касцёлы ў Ільі і Альковічах (апошні быў зруйнаваны на дзве траціны).
Асноўным транспартам для яго быў веласіпед, на якім ён ездзіў па навакольных вёсках, знаёмячыся з жыццём сваіх парафіян. Дарослыя параўноўвалі яго са святой памяці ксяндзом Станіславам Жуком, які служыў у Касцяневічах з 1946 па 1983 год.
Ад людзей ксёндз Зыгмунт даведаўся, што да 1962 года па суседстве з Касцяневічамі існавала парафія з касцёлам Перамянення Пана. На веласіпедзе ксёндз паехаў у Сцешыцы, распытаў мясцовых людзей і звярнуўся да тагачаснага старшыні калгаса Франца Касцевіча, які паходзіў з веруючай сям’і, і той згадзіўся на пабудову касцёла. Вырашылі будаваць цагляную святыню ў цэнтры вёскі. Праз тры гады яе асвяціў тагачасны апостальскі нунцый у Беларусі.
Прывяду выпадак, які яскрава характарызуе асобу ксяндза Зыгмунта Абартуха і яго працу.
Святар дзень і ноч працаваў на хвалу Божую. Зрабіў рамонт унутры касцёла, звонку не паспеў — падвяло здароўе.
Вельмі блізка прымаў да сэрца духоўную беднасць людзей, іх абыякавасць…
Яго родныя сёстры настойліва клікалі яго вяртацца на радзіму, дзе ён хутка памёр.
Парафіянам у Касцяневічах засталася матэрыяльная памяць: фігура Найсвяцейшай Панны Марыі ў галоўным алтары, фігуры святых Пятра і Паўла, два званы пад тытулам святога Яна Паўла ІІ і Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага, якія з’явіліся дзякуючы намаганням душпастыра.
Парафіяне і дагэтуль памятаюць свайго святара і моляцца за яго душу.
Божа, Ты паклікаў святароў да сваёй службы і ўчыніў іх пастырамі нашых душаў. Аддаю Табе ў апеку ўсіх памерлых святароў, якія пры жыцці вялі мяне да Цябе. Выслухай маю малітву і дай ім шчасце ў небе разам з усімі апосталамі. Амэн.
Пачытаць, якімі засталіся ў памяці вернікаў іншыя душпастыры, вы можаце ў першай, другой, трэцяй, чацвёртай і пятай частках з цыклу ўспамінаў.
Калі вам таксама ёсць што ўзгадаць пра спачылых святароў, якія вялі вас да Бога, дасылайце свае ўспаміны на catholicminsk@gmail.com.