Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Памяць пра спачылых святароў: успаміны вернікаў. Частка пятая

  • 24 лістапада, 2025
  • Фота: Dehty // Catholicminsk.by

Працягваем публікаваць успаміны вернікаў пра памерлых душпастыраў, заахвочваючы да малітоўнай памяці пра іх. Сёння даніну павагі аддамо ксяндзу Казіміру Дарашкевічу, шматгадоваму пробашчу парафіі святога Станіслава ў Даўгінаве (Вілейскі дэканат, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).

Даведка

Фота з часопіса “Drogi miłosierdzia” №12 (124)

Казімір Дарашкевіч нарадзіўся 4 сакавіка 1898 года непадалёк ад горада Сакулка ў Польшчы ў сям’і заможных сялян.  У 1916 годзе распачаў навучанне ў Вільні. Скончыў там сярэднюю школу і духоўную семінарыю. 14 чэрвеня 1924 года з рук біскупа Юрыя Матулевіча атрымаў святарскае пасвячэнне. Прыміцыйную святую Імшу цэлебраваў у касцёле святога Станіслава ў Вільні.

Першым месцам служэння святара былі Жупраны (сёння аграгарадок у Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці), пасля Гродзенскі фарны касцёл. 3 1927 года быў адміністратарам парафіі ў вёсцы Жыдомля (цяпер Жытомля Гродзенскага раёна). 3 25 красавіка 1931 года (таксама і падчас Другой сусветнай вайны) быў пробашчам парафіі святога Станіслава ў вёсцы Даўгінава аж да сваёй трагічнай смерці 13 жніўня 1965 года.

Памёр у шпіталі ад ран, нанесеных падчас бандыцкага нападу. Перад смерцю прабачыў сваім нападнікам. Пахаваны ў Даўгінаве на парафіяльных могілках.

Тэрэса Канэцкая, аграгарадок Даўгінава

У даўгінаўскай парафіі ў ксяндза Казіміра было багата працы. Парафія ахоплівала вялікую тэрыторыю. Згодна са статыстыкай за 1937 год, колькасць парафіян складала 6692 чалавекі. Да ксяндза людзі звярталіся з рознымі праблемамі: цяжкасці ў сям’і, гаспадарцы, нават са сваімі хваробамі. Аўтарытэт ксяндза Дарашкевіча быў вялікі. Яго лічылі знаўцам сельскай гаспадаркі, пчалярства, медыцыны. Нават сёння ад старэйшых даўгінаўцаў можна пачуць, як яны нешта раяць, спасылаючыся на парады ксяндза Казіміра.

Вось прыклад. Адзін з парафіян пажаліўся ксяндзу, што ўжо не вытрымлівае рэзкага і сварлівага характару сваёй жонкі. На што ксёндз спытаў, як і чаму ён з ёй ажаніўся. Той адказаў, што, маўляў, спадабалася, пазнаёміліся на танцах. Зрабіў праз нейкі час прапанову, яна згадзілася. Ксёндз перапытаў: «І ўсё?». «Усё», — адказаў парафіянін. Тады ксёндз папрасіў расказаць, як ён выбраў карову для гаспадаркі. Той адказаў, што найперш распытаў у знаёмых, пастуха, пабываў у прадаўца і паглядзеў, як доіцца, які характар, павадкі карова мае. На што ксёндз сказаў: «Цяпер падумай пра розніцу ў тваім выбары жонкі на ўсё жыццё, маці тваіх будучых дзяцей, і каровы, ад якой можна пазбавіцца ў любы час. Зараз цярпі, шукай і думай, як можна стрымаць характар жонкі».

Падчас служэння ксяндза Дарашкевіча вялася актыўная праца. Праводзілася катэхізацыя дзяцей, быў касцёльны хор, рэлігійныя суполкі. Святар здолеў адрамантаваць касцёл. У 1938 годзе ўсталявалі знакаміты арган, які ксёндз Казімір замовіў з дазволу касцёльных уладаў.

Чалавечыя і душпастырскія якасці ксяндза Дарашкевіча найбольш праявіліся падчас ваеннага ліхалецця. У той час у Даўгінаве пражывала больш за тысячу габрэяў, а як да іх ставіліся нацысты, вядома. У мястэчку новая ўлада арганізавала гета. Падворак ксяндза Казіміра стаяў упрытык да межаў гета. Святар штотыдзень ставіў у пуні мяхі з мукой, а дзверы не замыкаў. І габрэі, па таемнай дамоўленасці, забіралі муку.

Не толькі харчамі дапамагаў ім святар — ён хаваў габрэяў у касцёле, на плябаніі, ратуючы іх ад смерці. Даўгінаўцы здагадваліся пра гэта, але ніхто не выдаў ксяндза. На мой погляд, ацалелыя габрэі ў многім паспрыялі таму, што касцёл не быў разбураны і нават у самыя цяжкія атэістычныя часы служыў людзям.

Дзень пахавання ксяндза Казіміра Дарашкевіча старшыня калгаса «Праўда» габрэй Бунімовіч аб’явіў вольным ад працы і нават даў транспарт, каб людзі даехалі да Даўгінава. Ён разумеў, што за гэта можна было паплаціцца працай, партыйным білетам. Але зрабіў тое, што лічыў патрэбным, — і сам нёс труну з целам ксяндза на могілкі. У вайну ксёндз Дарашкевіч хаваў Буніловіча пад сваім ложкам ад нацыстаў…

Малітва за памерлых святароў

Божа, Ты паклікаў святароў да сваёй службы і ўчыніў іх пастырамі нашых душаў. Аддаю Табе ў апеку ўсіх памерлых святароў, якія пры жыцці вялі мяне да Цябе. Выслухай маю малітву і дай ім шчасце ў небе разам з усімі апосталамі. Амэн.

Пачытаць, якімі  засталіся ў памяці вернікаў іншыя душпастыры, вы можаце ў першай, другой, трэцяй і чацвёртай частках з цыклу ўспамінаў.

Калі вам таксама ёсць што ўзгадаць пра спачылых святароў, якія вялі вас да Бога, дасылайце свае ўспаміны на catholicminsk@gmail.com.