ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Памяць пра спачылых святароў: успаміны вернікаў. Частка другая
- 4 лістапада, 2025
- Выява ілюстрацыйная // Catholicminsk.by
Працягваем публікаваць успаміны вернікаў пра спачылых святароў, заахвочваючы да малітоўнай памяці пра іх. Сёння даніну павагі аддамо ксяндзу каноніку Дзмітрыю Барылу, былому пробашчу парафіі Маці Божай Ружанцовай і святога Дамініка ў Ракаве (Валожынскі дэканат, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).
Сястра Юлія Бугай, Кангрэгацыя святога Дамініка, Баранавічы
З ксяндзом канонікам Дзмітрыем Барылам супрацоўнічала тры гады (і гэта былі апошнія тры гады яго жыцця) ― у ягонай парафіі я праводзіла катэхезы для дзяцей.
Чым мне запомніўся ксёндз Дзмітрый? Магу сказаць, што гэта быў чалавек адданы душпастырству, чалавек, які любіў Бога і які ўмеў слухаць.
Без ваганняў сведчу, што яго пастырскае служэнне з’яўляецца для мяне прыкладам, як трэба працаваць для людзей: ён быў заўсёды даступны, імгненна ўключаўся у вырашэнне розных спраў, якія датычылі людзей і дзяцей, якіх я катэхізавала. Для яго не было малаважных спраў, усё мела значэнне, на кожную дэталь звяртаў увагу, каб лепш зразумець сітуацыю і дапамагчы.

Слухаў уважліва і моўчкі да канца, умеў пакінуць свой занятак, ад якога яго адарвалі ў тую хвіліну і засяродзіцца цалкам на тым, што яму кажуць. Калі адразу не мог прыняць рашэнне і даць адказ, казаў, што падумае. І так і было. Ніколі не здаралася, каб забыўся пра гэтую справу, падыходзіў праз пэўны час, маючы ўжо абдуманы план, рашэнне альбо адказ. І адчувалася, што ўклаў у яго шмат сваёй увагі. Не быў абыякавы.
Паводле слоў вернікаў, падчас апошняй сваёй святой Імшы ў Папяльцовую сераду, звярнуўся да старэйшых людзей з просьбай, каб вадзілі дзяцей і ўнукаў у касцёл. Прасіў аб гэтым па-бацькоўску.
Заўсёды меў добры гумар і любіў пажартаваць. Апошнія словы, з якімі звярнуўся да мяне асабіста, успрыняла як чарговы жарт, але гэта былі сур’ёзныя словы. Словы гэтыя нарадзіліся пасля таго, як у нядзелю напярэдадні ўспаміну святога Валянціна мы з дзецьмі зрабілі для ўсіх вернікаў, якія прыйшлі на Імшу ў касцёл, валянцінкі: папяровыя слоічкі, у якіх ляжаў «лек» ― цытата з Новага Запавету пра любоў.
Праз два дні, калі я прыехала ў Ракаў праводзіць катэхезу, ксёндз Дзмітрый падышоў радасны, каб прывітацца, мы перакінуліся некалькімі словамі, і ён пайшоў у кірунку касцёла, каб цэлебраваць Імшу.
Але раптам развярнуўся і запытаўся, гледзячы ў вочы вельмі сур’ёзна: «Сястра, ці памятаеш маё заданне і клапоцішся аб узаемнай любові ў манаскай супольнасці?»
Ірына Чаглей, Мінск
Мне вельмі пашанцавала, бо ксёндз Дзмітрый Барыла быў куратарам нашага курса і выкладчыкам кананічнага права, калі я вучылася ў Мінскім тэалагічным каледжы. Прадмет гэты для нас, навучэнцаў, быў даволі складаны. Да таго ж я толькі рабіла першыя крокі ў веры. Аднак ксёндз Дзмітрый на жыццёвых прыкладах усё вельмі зразумела і даступна тлумачыў.
Для мяне ён сапраўдны прыклад святара: спакойны, добразычлівы, паважлівы. У ім была такая, я б сказала, унутраная весялосць, адкрытасць. Быў заўсёды пунктуальным, бездакорна выглядаў.

У нас быў даволі складаны момант на курсе: мы доўга не маглі абраць старасту, бо не былі ў стане вызначыцца з адпаведным кандыдатам. І тады наш куратар абсалютна спакойна і з гумарам падышоў да вырашэння сітуацыі: «Зараз мы, як у Рыме, у Ватыкане, сабяром свой міні-канклаў». Сам ён быў назіральнікам. Была камісія, што лічыла галасы. Канешне ж, старасту на гэты раз абралі.
Перад лекцыямі ў каледжы (а займаліся мы тады ў Чырвоным касцёле) у нас заўсёды была святая Імша.
І вось падчас адной з Імшаў, якую ксёндз Дзмітрый цэлебраваў, ён сказаў словы, якія я запомніла на ўсё жыццё і не раз сама казала іншым:
Ксёндз Дзмітрый адышоў у вечнасць 28 лютага 2023 года. Пахаваны на ракаўскіх парафіяльных могілках.
Убачыць і пачуць святара можна ў архіўным выпуску праграмы «Голас паклікання» на «Радыё Марыя».
Божа, Ты паклікаў святароў да сваёй службы і ўчыніў іх пастырамі нашых душаў. Аддаю Табе ў апеку ўсіх памерлых святароў, якія пры жыцці вялі мяне да Цябе. Выслухай маю малітву і дай ім шчасце ў небе разам з усімі апосталамі. Амэн.
Калі вам таксама ёсць што ўзгадаць пра спачылых святароў, якія вялі вас да Бога, дасылайце свае ўспаміны на catholicminsk@gmail.com.