У Санкт-Пецярбургу арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у святкаванні юбілею святарства трох прэзбітэраў, якім 25 год таму ўдзяліў сакрамэнт пасвячэння
- 23 чэрвеня, 2026
- Фота: Міхаіл Фацееў // Catholicminsk.by
20-22 чэрвеня арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў горад сваёй студэнцкай маладосці — Санкт-Пецярбург. Нагодай стала святкаванне срэбранага юбілею выпускнікоў Санкт-Пецярбургскай духоўнай семінарыі святароў Карантына Бонавэнтуры Н’тонтаса, Сяргея Зуева і айца Антонія Пажэцкага OFMConv, якіх 25 гадоў таму дастойны іерарх пасвяціў у святары.
У горадзе на Няве заслужаны беларускі арцыбіскуп узначаліў урачыстую святую Імшу ў касцёле Маці Божай Люрдскай. Разам з ім у цэлебрацыі ўдзельнічаў Апостальскі адміністратар архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве біскуп Мікалай Дубінін OFMConv. На святой Імшы разам з імі і пробашчам парафіі ксяндзом Канстанцінам Перыдэрыяй, прысутнічалі іншыя святары, кансэкраваныя асобы і шматлікія вернікі.
Беларускі іерарх таксама дзякаваў Богу за свае 80 год жыцця і 45 год святарства. Пры гэтым ён адзначыў, што не ўпэўнены, ці захаваў бы веру ў часы атэізму, які панаваў у перыяд яго студэнцтва, калі б тады не дзейнічаў касцёл Маці Божай Люрдскай як адзіная каталіцкая святыня ў Ленінградзе. У яе сценах — падчас калі нават у політэхнічным інстытуце трэба было ў атмасферы адрынання Бога вывучаць навуковы атэізм — ён знаходзіў духоўную падтрымку і надзею.

У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш успомніў, як у 1964 годзе прыехаў вучыцца ў Ленінград і дзівіўся «белым начам», калі ноччу светла і горад не спіць. Але чалавек таксама павінен жыць у святле Божай ласкі, якая прыходзіць праз служэнне святароў. Тады сённяшні заслужаны іерарх задаваў сабе пытанне: «Ці прыйдзе такі час, калі ізноў у Расіі будзе свая семінарыя?», не падазраючы, што ў будучыні яму прыйдзецца адыграць ключавую ролю у вырашэнні гэтага пытання.
Прамоўца адзначыў, што Бог кліча да святарства ў самыя нечаканыя моманты і ў нечаканых месцах, і распавёў цікавыя гісторыі паклікання кожнага са святароў-юбіляраў.
Ксёндз Бонавэнтура нарадзіўся ў Конга ў Афрыцы. Прыбыў у Савецкі Саюз, каб вучыцца ва Уладзімірскім політэхнічным інстытуце на будаўнічым факультэце. Хацеў быць інжынерам, але пачуў голас клічучага Езуса і вырашыў стаць «інжынерам чалавечых душаў».
Ксёндз Сяргей — карэнны жыхар горада ня Няве — планаваў быць музыкантам, але Бог паклікаў яго «іграць на нотах Евангелля».
Айцец Антоні ў Гродне, на берагах паўнаводнага Нёмана, які сузіраў з узгорка, дзе знаходзіцца фрацішканская святыня Маці Божай Анёльскай, знайшоў адказ на сэнс свайго жыцця — быць святаром-францішканінам. У гэтым жа касцёле ў 20-я гады мінулага стагоддзя служыў вядомы францішканін, мучанік Асвенціма, — святы Максіміліян Марыя Кольбэ.
Сёння ксёндз Карантын Бонавэнтура Н’тонтас з’яўлецца выкладчыкам Святога Пісання і душпастырам франкамоўных веруючых у горадзе на Няве. Ксёндз Сяргей Зуеў — пробашчам парафіі Святога Ружанца Найсвяцейшай Панны Марыі ва Уладзіміры. Айцец Антоні Пажэцкі OFMConv — пробашчам парафіі святога Францішка ў горадзе Свіслач у Гродзенскай дыяцэзіі ў Беларусі.

У знакавы для кожнага з юбіляраў дзень арцыпастыр засяродзіўся на ролі Касцёла ў жыцці вернікаў і ідэнтычнасці святара.
— нагадаў прысутным прамоўца.
Функцыю асвячэння святар выконвае праз цэлебрацыю сакрамэнтаў, дзякуючы чаму людзі атрымліваюць патрэбную для збаўлення Божую ласку. Ніхто іншы, падкрэсліў арцыпастыр, не можа яго замяніць, бо толькі святар здзяйсняе сакрамэнты ад імя Хрыста і Яго моцаю.

Функцыя кіраўніцтва Божым народам павінна выконвацца ў духу служэння, для чаго святар павінен ведаць жыццёвую сітуацыю вернікаў, каб належным чынам ім дапамагаць. Прамоўца працытаваў Папу Бэнэдыкта XVI, які называў святара «спецыялістам па сустрэчы чалавека з Богам».
«Падмуркам святарскага служэння з’яўляецца любоў Хрыста. Дзейнічаючы ад Яго імя, святар з’яўляецца каналам Божай любові, якая суцяшае, кідае выклік, пераменяе, давярае і пасылае», — падсумаваў ролю святароў іерарх.
Арцыбіскуп Кандрусевіч напомніў юбілярам і прысутным, што ў сучасным свеце праяўляецца культура маральнага рэлятывізму, якая не прызнае аб’яўленай Богам праўды. Замет яе за этычныя нормы прымаецца меркаванне людзей, што вядзе да лаіцызацыі і дэтранізацыі Бога. У выніку чаго свет перажывае шмат крызісаў і не ведае, як з іх выйсці.

Прамоўца заахвоціў юбіляраў, якіх назваў трыма духоўнымі мушкецёрамі, «шпагаю Божага слова настаўляць у прыдатны і непрыдатны час» і не паддавацца сучасным разбуральным секулярным тэндэнцыям. Евангелле павінна быць компасам іх жыцця і служэння. Таксама пажадаў ім, каб іх служэнне дапамагло маладым людзям распазнаць веліч і прыгажосць святарства.
Напрыканцы гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш заклікаў юбіляраў заўсёды быць прысутнымі перад Езусам, які іх паклікаў да святарства, і гатовымі выканаць Яго волю для праслаўлення Бога і дзеля збаўлення людзей.
Пад канец святой Імшы прагучалі падзякі ад юбіляраў.
Айцец Бонавэнтура ўзнёс падзяку Святой Тройцы за дар паклікання, бацькам за выхаванне ў веры, шаноўнаму арцыбіскупу Тадэвушу за суправаджэнне на шляху да святарства і пасвячэнне ў святары, усім вернікам, якія падтрымлівалі малітвай.
Айцец Сяргей падкрэсліў у сваёй прамове, што шлях святарства стаў для яго навукай любові, рэалізацыяй Божага закліку любіць кожнага чалавека, за што ён вельмі ўдзячны Богу.
Біскуп Мікалай звярнуўся з падзякай да арцыбіскупа Тадэвуша, адраджальніка касцёльных структур і рэлігійнага жыцця ў Расіі.
— адзначыў Апостальскі адміністратар архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве.
Таксама біскуп Мікалай падзякаваў юбілярам за гады служэння і падкрэсліў, што іх досвед, нават горкі, пераменены ласкай Божай і варты падзякі Богу. Расійскі іерарх заверыў, што наперадзе новыя вяршыні і новыя заданні, пажадаў адвагі, мужнасці, радасці і любові да кожнага чалавека і запэўніў у малітве аб патрэбных ласках.

Пасля святой Імшы адбыўся невялікі канцэрт расійска-афрыканскага хору і ўрачыстае святкаванне юбілею ў братэрскай атмасферы.
























