Skip to main content

Благаслаўленне студэнтаў і інтэграцыйная сустрэча прайшлі ў Мінску

25 верасня
  • 30 верасня, 2026
  • Тэкст: Ірэна Ахрамовіч / Фота: Дар’я Токарава // Catholicminsk.by

25 верасня ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася святая Імша з благаслаўленнем студэнтаў на новы навучальны год, а таксама праграма для моладзі.

Святую Імшу ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які прывітаў маладых людзей і звярнуўся да іх са словамі:

«Не бойцеся, Я перамог свет — такі дэвіз наступных дзён моладзі ў Сеуле. Такія словы Папа Леў XIV выбраў да моладзі. Моладзі, якая мяркуе, разважае, мае планы і таксама з’яўляецца будучыняй. Мы вучымся, назіраем, плануем. І ў гэтым нам дапамагае Дух Святы».

У прамоўленай гаміліі ксёндз Андрэй Бурак, адказны за душпастырства моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, заклікаў моладзь, углядаючыся ў Найвышэйшага Пастыра, якім ёсць Езус Хрыстус, затрымліваць позірк на тых, хто шукае і яшчэ дзесьці блукае.

«Каб мы мелі надзею на тое, што наш Пастыр вернецца з гэтай сотай авечкай і каб наша радасць была поўнай», — адзначыў святар. Ён пажадаў, каб гэтая сустрэча «стала пачаткам пошуку тых, хто ёсць побач з намі падчас вучобы і працы, каб мы сталі добрай глебай для іх — тымі дзевяноста дзевяццю авечкамі разам з Пастырам нашым Езусам Хрыстом, якія чакаюць сустрэчы з імі ў супольнасцях і святынях».

Пасля Імшы моладзь чакала інтэрактыўная сустрэча пад назвай «Пакінуў дзевяноста дзевяць, каб знайсці адну».

На сустрэчы моладзь, а асабліва першакурснікі, змаглі пазнаёміцца з каталіцкімі супольнасцямі Мінска. Прадстаўнікі супольнасцяў распавялі, дзе і калі адбываюцца сустрэчы і як да іх далучыцца.

Таксама на сустрэчы моладзь магла пачаставацца гарачай гарбатай са слодычамі, пагутарыць з новымі знаёмымі і атрымаць памятныя падарункі — майкі і закладкі. Сустрэча завяршылася супольнай малітвай.

«Няхай сённяшняя эўхарыстыя стане для ўсіх вялікай ласкай і надзеяй на тое, што чаканне скончыцца радаснай сустрэчай — радасцю ад таго, што мы маем братоў і сясцёр, з якімі разам можам праслаўляць Пана Бога і перажываць радасць нашага жыцця»,

— прамовіў ксёндз Андрэй.