Skip to main content

У Мінску адбылася сустрэча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей

18 лістапада
  • 19 лістапада, 2026
  • Тэкст: Кс. кан. Дзмітрый Пухальскі / Фота: Прэс-сакратарыят ККББ // Catholicminsk.by

18 лістапада ў Мінску адбылася сустрэча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей Алегам Дзячэнкам. Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі актуальныя пытанні жыцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, а таксама перспектывы далейшага супрацоўніцтва паміж Касцёлам і дзяржаўнымі органамі.

У спатканні прымалі ўдзел дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, а таксама пробашч архікатэдральнай парафіі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі.

Сустрэча распачалася з наведвання архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску. Пробашч парафіі пазнаёміў госця з гісторыяй святыні, якая на працягу стагоддзяў была сведкай важных падзей у жыцці Каталіцкага Касцёла і беларускага народа, а таксама распавёў пра сучаснае жыццё парафіяльнай супольнасці, яе душпастырскую дзейнасць і штодзённыя клопаты.

Працяг сустрэчы адбыўся ў курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, дзе ў атмасферы адкрытага і канструктыўнага дыялогу былі абмеркаваны найбольш актуальныя пытанні жыцця і дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Адной з галоўных тэм размовы стала развіццё Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай у Будславе як важнага духоўнага цэнтра, які аб’ядноўвае вернікаў з розных рэгіёнаў краіны. Асобная ўвага была прысвечана аднаўленню будслаўскай святыні пасля пажару, правядзенню неабходных рамонтна-рэстаўрацыйных работ і захаванню гэтай унікальнай духоўнай і культурнай спадчыны.

Сярод іншых пытанняў абмяркоўвалася будаўніцтва новых каталіцкіх святыняў у Мінску і іншых гарадах архідыяцэзіі. Была адзначана важнасць стварэння належных умоў для рэлігійнага жыцця вернікаў і развіцця парафіяльных супольнасцей.

Значнае месца ў размове заняла тэма святарскіх пакліканняў, падрыхтоўкі будучых святароў і фармацыі мясцовага духавенства. Удзельнікі сустрэчы закранулі пытанні, звязаныя з забеспячэннем душпастырскіх патрэб каталіцкіх супольнасцей і стварэннем умоў для належнай духоўнай і інтэлектуальнай падрыхтоўкі кандыдатаў да святарства.

Падчас размовы Упаўнаважаны адзначыў добры характар адносін паміж дзяржавай і Каталіцкім Касцёлам у Беларусі, падкрэсліўшы важнасць узаемаразумення і канструктыўнага супрацоўніцтва. Ён таксама выказаў гатоўнасць аказваць падтрымку ў вырашэнні актуальных пытанняў, якія ўзнікаюць у жыцці каталіцкай супольнасці.

Па выніках сустрэчы бакі пацвердзілі ўзаемную адкрытасць да далейшага дыялогу і актыўнага супрацоўніцтва, скіраванага на вырашэнне актуальных пытанняў жыцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, захаванне духоўнай спадчыны і стварэнне належных умоў для рэалізацыі рэлігійных патрэб вернікаў.