Ад паляўнічага трафея да перамены сэрца: у Заслаўі ўшанавалі святога Губерта
- 16 лістапада, 2026
- Фота: з архіва парафіі // Catholicminsk.by
15 лістапада ў касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі сабраліся вернікі і паляўнічыя, каб ушанаваць святога Губерта — нябеснага апекуна паляўнічых. Эўхарыстыю ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які ў гаміліі прапанаваў паглядзець на паляванне праз прызму евангельскай прыпавесці пра таленты і гісторыю навяртання святога Губерта.
Лясная паляна ў святыні і беларускія песні
Урачыстасць распачалася святой Імшой, у якой разам з парафіянамі і пробашчам парафіі ксяндзом канонікам Антонам Клімантовічам удзельнічалі паляўнічыя.
Асаблівую атмасферу набажэнству надаў незвычайны дэкор алтарнай прасторы. Фларыстычная кампазіцыя нагадвала лясную паляну: сярод зялёных хвойных лапак і галінак узвышаліся сухія травы, каласы, палявыя кветкі.

Прыродныя матэрыялы, розныя фактуры і адценні стваралі ўражанне невялікага кутка лесу, перанесенага ў святыню. Гэтае аздабленне асабліва гарманічна спалучалася з успамінам святога, чыё імя непарыўна звязана з паляваннем і любоўю да прыроды.
Прыродныя матывы знайшлі працяг і ў музычнай частцы ўрачыстасці. Яе ўпрыгожыў выступ народнага фальклорнага ансамбля «Вербніца», створанага ў 1979 годзе.

У рэпертуары калектыву — беларускія народныя і духоўныя песні, праз якія ўдзельнікі захоўваюць і перадаюць нацыянальную музычную спадчыну. Іх гучанне надало набажэнству асаблівую цеплыню і беларускі каларыт.
Талент паляўнічага і дары ад Бога
У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу на тое, што 33-я Звычайная нядзеля, якая з’яўляецца перадапошняй у літургічным годзе, нагадвае не толькі пра яго завяршэнне, але і пра канец свету, а таксама пра неабходнасць падрыхтоўкі да Божага суду. Галоўную думку літургічных чытанняў іерарх звязаў з заклікам як мага лепш выкарыстоўваць дары, атрыманыя ад Бога. Для гэтага ён звярнуўся да евангельскай прыпавесці пра таленты.
Езус распавядае пра гаспадара, які, адпраўляючыся ў доўгае падарожжа, даверыў сваю маёмасць тром слугам — кожнаму паводле яго здольнасцяў. Аднаму ён даў пяць талентаў, другому — два, а трэцяму — адзін.

Калі гаспадар вярнуўся, ён запатрабаваў справаздачу. Першыя два слугі пусцілі атрыманыя грошы ў абарот і здолелі памножыць іх. Трэці ж, баючыся гаспадара, закапаў свой талент у зямлю і нічога не атрымаў. Гаспадар пахваліў першых двух, а трэцяга асудзіў за тое, што той не выкарыстаў давераную яму магчымасць.
Арцыбіскуп звярнуў увагу і на тое, што менавіта з гэтай евангельскай прыпавесці паходзіць добра вядомае нам сучаснае значэнне слова «талент» — як асаблівай здольнасці або адоранасці чалавека.

Пры гэтым можа ўзнікнуць пытанне: калі адзін слуга атрымаў пяць талентаў, другі два, а трэці толькі адзін, ці азначае гэта, што Бог несправядлівы? «Не!» — адказаў іерарх. Нягледзячы на розную колькасць атрыманых дароў, узнагарода для першых двух была аднолькавай — радасць Божага Валадарства.
— падкрэсліў арцыбіскуп. Іерарх нагадаў: усе дары належаць Богу, а чалавек з’яўляецца толькі іх распарадчыкам. Таму выкарыстоўваць іх трэба згодна з Божай воляй — дзеля Яго славы і служэння бліжняму.

Гэтая евангельская прыпавесць, на думку іерарха, мае асаблівае значэнне і для паляўнічых. Іх талент — гэта не толькі ўменне паляваць, але і здольнасць бачыць Бога ў Яго стварэнні. Задоўга да таго, як свет напоўніўся шумам тэхнікі і чалавечай мітуснёй, Бог стварыў лясы, палі, рэкі і істот, якія іх насяляюць.
— адзначыў іерарх.
Святы Губерт: калі Бог знаходзіць чалавека
Асобнае месца ў гаміліі заняла гісторыя святога Губерта, нябеснага апекуна паляўнічых, разважаючы пра якога, арцыбіскуп прыгыдаў шлях яго навяртання.
Арцыбіскуп звярнуў увагу на парадаксальнасць гэтай сустрэчы: Губерт ішоў на паляванне ў пошуках трафея, а знайшоў нешта значна большае — Бога. У пэўным сэнсе можна сказаць, што не чалавек шукаў Бога, а Бог знайшоў чалавека. Гэтая сустрэча цалкам змяніла жыццё Губерта. Ён пакінуў ранейшы лад жыцця, прысвяціў сябе служэнню Касцёлу і стаў прыкладам чалавека, які дазволіў Божаму Духу перамяніць сваё сэрца.

Праз гісторыю святога Губерта іерарх прапанаваў паглядзець на паляванне не толькі як на захапленне, але і як на магчымасць духоўнага пошуку. Кожны з нас пакліканы да такой перамены, якая пачынаецца не звонку, а знутры.
Таму сапраўдны паляўнічы павінен ушаноўваць Творцу праз павагу да Яго стварэння, прытрымлівацца прынцыпаў сумленнага палявання, захоўваць этычныя нормы і пазбягаць жорсткасці. Здабыча павінна выкарыстоўвацца для чалавечых патрэбаў, а не проста пакідацца ў лесе.
Цішыня лесу і духоўны шлях чалавека
Разважаючы пра духоўнае значэнне палявання, арцыбіскуп Тадэвуш звярнуў увагу на якасці, якія яно можа развіваць у чалавеку.

Перш за ўсё, гэта цярплівасць і засяроджанасць у цішыні, чаго так не хапае сучаснаму чалавеку ў свеце, які ўвесь час кудысьці спяшаецца.
— адзначыў арцыпастыр.
Складаная, часам небяспечная пагоня за дзікім зверам можа стаць сімвалам духоўнага сталення. На жыццёвай дарозе, якая не заўсёды бывае лёгкай, чалавек таксама павінен навучыцца заўважаць невялікія знакі, захоўваць пакору, развівацца і ўдасканальвацца.

У хрысціянскай традыцыі Бог часта прадстаўляецца як Той, Хто сам шукае чалавека. Таму, разважаючы вобразна, можна назваць Яго своеасаблівым «паляўнічым». Хрыстус уваходзіць у грэшнае чалавечае жыццё як Збаўца, сваёй ласкай вядзе чалавека Божымі шляхамі і перамагае цемру.
Завяршаючы гамілію, арцыбіскуп Тадэвуш заклікаў прысутных адкрываць, развіваць і выкарыстоўваць свае таленты, каб праз іх праслаўляць Бога, у тым ліку праз павагу да прыроды і Яго стварэння:
Падарунак, благаслаўленне і сяброўская сустрэча
Напрыканцы Імшы паляўнічыя ўручылі арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу і пробашчу заслаўскай парафіі ксяндзу каноніку Антону Клімантовічу кнігу «След» беларускага паляўнічага і фатографа Войтэха Канановіча.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч даўно падтрымлівае сяброўскія адносіны з беларускімі паляўнічымі і на працягу многіх гадоў далучаецца да святкавання дня іх нябеснага апекуна, узначальваючы Эўхарыстыю і звяртаючыся да прысутных з духоўным словам. Вядома, што і ксёндз канонік Антон Клімантовіч таксама захапляецца паляўніцтвам.
Пасля Імшы іерарх асвяціў крыж каля ўваходу ў касцёл, а таксама крапільніцу. Затым удзельнікі ўрачыстасці сабраліся каля крыжа на супольны фотаздымак. Завяршылася сустрэча пачастункам пад навесам каля святыні, дзе вернікі і госці маглі пагутарыць у сяброўскай атмасферы.

Для парафіян Заслаўя гэты дзень стаў асаблівай нагодай не толькі ўшанаваць святога Губерта, але і сустрэцца з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Вернікі з цеплынёй дзякавалі іерарху за тое, што ён завітаў да іх, узначаліў супольную малітву, падзяліўся сваімі разважаннямі і ўдзяліў увагу парафіяльнай супольнасці. Такія сустрэчы ўмацоўваюць сувязі паміж людзьмі і пакідаюць пасля сябе не толькі добрыя ўспаміны, але і духоўныя арыенціры.
А гісторыя святога Губерта яшчэ раз нагадвае: Бог можа сустрэць чалавека нават там, дзе той зусім Яго не чакае. Галоўнае — быць адкрытым на гэты заклік і дазволіць Божаму Духу перамяніць сваё сэрца.














