Skip to main content

Памятаем, молімся, верым: у Стоўбцах захоўваюць памяць пра айца Фабіяна Малішоўскага

  • 12 лістапада, 2026
  • Тэкст і фота: Ганна Бычынская // Catholicminsk.by


У Стоўбцах памяць пра Cлугу Божага айца Фабіяна Малішоўскага ОР жыве не толькі ў малітвах, але і ў клопаце пра месца, дзе ён служыў, памёр і быў пахаваны. У лістападзе стаўпецкія вернікі зноў сабраліся на тэрыторыі колішняга дамініканскага касцёла, каб памаліцца за тых, чые парэшткі спачываюць у ягоных сутарэннях. Тут жа, у падвальным памяшканні будучай капліцы, адбылася святая Імша.

Фабіяне, наш цудатворца,
Стаўпеччыны абаронца!
Нам шлях збаўлення пакажы,
Край наш ад ліха беражы!

У касцёле святога Казіміра ў Стоўбцах (Стаўбцоўскі дэканат) круглы год не змаўкае малітва аб беатыфікацыі Cлугі Божага айца Фабіяна Малішоўскага ОР. Больш за пяць гадоў таму, пасля адшукання яго парэшткаў, гэтая інтэнцыя стала асабліва блізкай для мясцовай парафіі.

Штодня перад святой Імшой у святыні моляцца на Ружанцы, а пасля Імшы гучаць спеў і малітва аб беатыфікацыі айца Фабіяна, змешчаныя вышэй. Акрамя таго, штомесяц, 12-га дня — у дзень яго смерці — адбываецца адмысловае набажэнства праз заступніцтва слугі Божага.

Парафіяне не забываюць пра першага святара сваёй парафіі і на ўспамін усіх памерлых вернікаў — імя айца Фабіяна яны ўносяць у малітоўныя запіскі, а таксама імёны іншых ксяндзоў, якія калісьці тут служылі.

Падчас актавы ў сёлетнім лістападзе, як і ў папярэднія гады, на месцы старога касцёла ксёндз Кірыл Бардонаў разам з вернікамі маліўся за душы памерлых, чые парэшткі спачываюць у сутарэннях былой святыні. Гэтае месца захоўвае памяць пра многія пакаленні людзей, жыццё якіх было звязана са стаўпецкай парафіяй.

У інтэнцыі святароў, якія служылі калісьці ў стаўпецкай парафіі, фундатараў касцёла і пахаваных на касцёльнай тэрыторыі вернікаў, пробашч ксёндз Ігар Лашук цэлебраваў святую Імшу ў падвале будучай капліцы, якую парафія аднаўляе на яе першапачатковым месцы — на гістарычных 400-гадовых падмурках.

Добра, што шматгалосыя малітвы і просьбы ляцяць да Бога з надзеяй быць пачутымі не толькі з новага храма, але і з месца, на якім калісьці стаяў прыгожы старадаўні дамініканскі касцёл у Стоўбцах. Цяпер жа парафіяне стараюцца пабудаваць капліцу як памяць, як даніну павагі нашым продкам. Тады і парэшткі нашага айца Фабіяна займуць знойдуць свой спрадвечны спачын.

Памятаем, молімся, верым і робім тое, што павінны рабіць…