Skip to main content

Гульня без межаў: у Дзераўной для дзяцей арганізавалі асаблівае свята

  • 10 лістапада, 2026
  • Тэкст: Ірына Фаміна / Фота: Ясенія Вярынская // Catholicminsk.by

На восенскіх канікулах парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзераўной і інклюзіўная мабільная пляцоўка «Рух у радасць» Дабрачыннай арганізацыі «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі запрасілі да сябе больш за 50 дзяцей, каб тыя змаглі разам гуляць, спаборнічаць і проста забаўляцца.

Канікулы — час для адпачынку, гульняў і новых уражанняў. Каб гэты час запомніўся школьнікам асабліва ярка, ксёндз Міхал Бубен, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў аграгарадку Дзераўная (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Стаўбцоўскі дэканат), запрасіў інклюзіўную мабільную пляцоўку «Рух у радасць», якую прадстаўляе Дабрачынная арганізацыя «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Інклюзіўная мабільная пляцоўка «Рух у радасць» — гэта комплекс бяспечных і цікавых гульняў для дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў. Яна можа працаваць як у спартыўных залах, так і на адкрытых пляцоўках, ператвараючы любую прастору ў асяроддзе для роўнага і радаснага ўдзелу.

Ксёндз Міхал загадзя паклапаціўся пра арганізацыю сапраўднага дзіцячага свята. На базе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы ў Дзераўной разгарнулі мабільную пляцоўку, да ўдзелу ў якой запрасілі мясцовых дзяцей розных узроставых груп. Асабліва рады былі тыя, хто прыехаў на канікулы да сваіх бабуль і дзядуляў. Колькасць удзельнікаў склала больш за 50 дзяцей.

Хлопчыкі і дзяўчынкі з захапленнем спаборнічалі, выпрабоўвалі розныя гульнявыя элементы і проста бавілі час у сяброўскай кампаніі. Многія з іх выказалі пажаданне, каб такія мерапрыемствы арганізоўваліся часцей.

«Дзяліцца радасцю патрэбна з усімі, не зважаючы на веравызнанне. Важна жыць у міры і згодзе, бо ўсе мы — браты ў Хрысце»,

— адзначыў ксёндз Міхал Бубен, падводзячы вынікі мерапрыемства.

Сустрэча ў Дзераўной яшчэ раз нагадала, што сумесная гульня і шчырая ўвага дапамагаюць аб’ядноўваць дзяцей, дарыць ім пачуццё патрэбнасці і пакідаць у сэрцах самыя светлыя ўспаміны пра школьныя канікулы.