У парафіі Дзераўная адбылося пахаванне маці біскупа Антонія Дзям’янкі
- 10 лістапада, 2026
- Фота: Кс. кан. Юрый Ясевіч // Catholicminsk.by
5 лістапада ва ўзросце 90 гадоў адышла ў вечнасць Ядвіга Дзям’янка, маці біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі. Гэтая падзея стала пунктам адліку для правядзення іншых урачыстасцяў – супольнай малітвы, Эўхарыстыі і пахавання той, якая дала жыццё сённяшняму беларускаму іерарху.
Так, у пятніцу 6 лістапада ўвечары ў касцёле Перамянення Пана ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) з удзелам біскупа Антонія Дзям’янкі адбылася святая Імша і жалобныя малітвы пры труне спачылай Ядвігі. Гамілію прамовіў біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Іерарх паразважаў над тэмай вечнага жыцця і прыгадаў свае ўспаміны пра сям’ю біскупа Антонія.
У суботу 7 лістапада ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў аграгарадку Дзераўная (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Стаўбцоўскі дэканат) адбылася пахавальная святая Імша спачылай. На Эўхарыстыі прысутнічалі: Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, біскуп эмэрыт Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Прыбылі на пахавальную ўрачыстасць шматлікія святары з Гродзенскай і Пінскай дыяцэзій, а таксама з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Прысутнічалі законныя сёстры і прадстаўнікі Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне на чале з рэктарам ксяндзом Янам Раманоўскім. Супольна маліліся шматлікія парафіяне з Дзераўной і суседніх Налібокаў, а таксама з Навагрудка і больш аддаленага Пінска. На пахаванне прыбыла дачка спачылай, сястра Імэльда — настаяцельніца сясцёр бэнэдыктынак з Вільні. Яна разам з трыма роднымі сёстрамі, іх дзецьмі і ўнукамі, а таксама братам-біскупам, малілася за спачылую маму.

У пачатку прамоўленай гаміліі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Старшыня ККББ, заўважыў, што прысутныя сабраліся «каля труны асобы, чыё жыццё было сапраўднай хвалой Богу і ціхім, але магутным сведчаннем веры», «маці, якая нарадзіла і выхавала не проста дзяцей, а верных слугаў Пана — пастыра Пінскай дыяцэзіі біскупа Антонія і сястру-настаяцельніцу Імэльду», а таксама дачок, «што заснавалі сем’і».
Іерарх узгадаў словы Хрыста з Евангелля паводле Яна: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно; а калі памрэ, то прынясе багаты плён» (Ян 12,24), параўноўваючы яе доўгае, але нялёгкае жыццё, «гады, напоўненыя гістарычнымі бурамі, асабістымі крыжамі, штодзённай барацьбой за хлеб, за здароўе, за захаванне годнасці і веры ў часы, якія не спрыялі веры», з евангельскім зернем, якое у «паміранні для сябе нарадзіла багаты жыццёвы ўраджай».
Затым арцыпастыр, выкарыстоўваючы акрэсленні з Кнізе Прыпавесцяў Саламона, распавёў пра Ядвігу, гэтую «жанчыну дабрадзейную», цана якой была «вышэйшая за пярліны» (Прып 31, 10). Спачылая нарадзілася ў складаным 1934 годзе ў маляўнічай вёсцы Прудзі, на беразе ракі Шуры, сярод векавых лясоў. Прыгажосць Божага стварэння навакол суправаджала яе з дзяцінства, а святы хрост у парафіяльным налібоцкім касцёле стаў тым падмуркам, на якім яна збудавала ўсё сваё жыццё. Святой памяці Ядвіга расла ў вялікай сям’і, дзе было адзінаццаць дзяцей, таму яна змалку спазнала, што такое праца, узаемадапамога і ахвярнасць.
У 1956 годзе яна сужанскімі повязямі звязала свой лёс з Бэрнардам Дзям’янкам у касцёле ў Дзераўной. «Гэта быў саюз, асвечаны Богам, саюз любові і ахвярнасці», — падкрэсліў прамоўца. Нарадзіўшы пяцёра дзяцей, займаючыся іх выхаваннем і клопатам аб веры і адукацыі ў часы, калі лічылася кожная капейка, запрацаваная мазольнай працай сужонкаў, Бэрнард і Ядвіга насцеж адчынілі дзверы кожнаму патрабуючаму чалавеку, згодна з Хрыстовым наказам «Хто прымае хоць бы аднаго з іх, Мяне прымае». Аднойчы ў іх дом, дзе кожны меў вызначанае месца працы, адпачынку, малітвы і месца пры стале, пастукаліся. Стук у дзверы станавіўся ўсё мацнейшы і больш настойлівы. Арцыбіскуп не прыпомніў сабе імя жанчыны, якая пастукалася ў дзверы, але зазначыў, што яна была цалкам — па мерках гэтага свету — чужая асоба, старэйшая жанчына; па мерках ж веруючага чалавека, католіка, — сястра ў Хрысце. Яна прыйшла да іх і засталася аж да канца сваіх дзён. Чужая паводле крыві стала ім блізкай па веры. Яна выбрала дом Дзям’янкаў, бо ўсе навокал ведалі, што тут, у гэтым доме і сям’і, на першым месцы быў Бог, а міласэрнасць і любоў тут былі не толькі словамі, але і жыццёвай практыкай. Святой памяці Ядвіга апекавалася гэтай жанчынай, як сваёй маці, а яе дзеці — як сваёй бабуляй. Яны бачылі змест Евангелля на далонях сваіх бацькоў, і прынялі гэтую жанчыну, якая, падобна да Рут, засталася ў іхняй хаце, як сваячку.

Праміналі дні, напоўненыя малітвай і працай. Доля прыгатавала Ядвізе цяжкі крыж: у 1980 годзе муж Бэрнард адышоў у вечнасць, і спачылая Ядвіга засталася адна з чатырма дзецьмі. Больш за сорак гадоў яна несла прыгожае і годнае ўдаўство, цалкам прысвяціўшы сябе Богу і дзецям у працы, малітве і цярпенні.
«Адкуль яна брала сілы?» — паставіў цалкам лагічнае ў гэтым выпадку пытанне іерарх. — «Мае дарагія. Адказ адзін — з глыбокай, непахіснай веры». Менавіта спачылая Ядвіга стала тым зернем, з якога вырасла рэлігійнасць усёй вялікай сям’і. Паводле прамоўцы, менавіта яна навучыла сваіх дзяцей не проста маліцца, а жыць Богам. Яна аддала сваіх дзяцей сына і дачку на служэнне пры алтары Пана і ў манаскім ордэне бэнэдыктынак. Яе вера была падобная да той, пра якую кажа Кніга Прыпавесцяў: «Прывабнасць падманлівая, а прыгажосць марная: але жанчына, якая баіцца Пана, вартая пахвалы» (Прып 31, 30).
так яе акрэсліў Мітрапаліт.
Бог благаславіў яе жыццё дарам чатырох дзяцей, выхаваць якіх мудрымі, глыбокімі і высакароднымі хрысціянамі — гэта, паводле арцыпастыра, гераічная задача. Звяртаючыся да яе дзяцей, ён звярнуў увагу: «Памерлая маці Ядвіга дала вам, дзецям, не толькі зямное жыццё, але і сваёй малітвай, прыкладам і стойкасцю адкрыла вашыя сэрцы для звышнатуральнага жыцця». І дадаў: «Якой жа вялікай, напэўна, была вера гэтай жанчыны, якімі гарачымі яе малітвы, што Бог так упадабаў яе дом і выбраў з яго работнікаў для свайго вінаградніка!» Арцыбіскуп моцна падкрэсліў: Ядвіга не пакінула сваіх дзяцей для сябе, але аддала іх Богу, стаўшы ціхай падтрымкай іх апостальскай місіі. Яна таксама мае вялікую колькасць ўнукаў і праўнукаў, у сэрцы якіх яна прышчапіла самае галоўнае — любоў да Бога і да бліжняга. Сёння гэтыя пакаленні стаяць каля яе труны як найпрыгажэйшы помнік яе зямному шляху.

Нягледзячы на тое, што зямное жыццё памерлай Ядвігі скончылася, а цяжкасці і пакуты мінулі, хрысціянскае пахаванне — гэта не момант адчаю, а трыумф надзеі. «Мы ведаем, што пакуты на зямлі маюць канец, і гэты канец — абдымкі любячага Айца», — навучаў іерарх, нагадваючы словы апостала Паўла з Паслання да Рымлянаў: «Бо калі мы жылі ў еднасці з Ім падабенствам смерці Ягонай, то будзем і ў еднасці з Ім падабенствам уваскрэсення Ягонага» (Рым 6,5).
«Спачылая Ядвіга жыла ў еднасці з Хрыстом, церпячы пакуты праз сваё цяжкае жыццё. Сёння мы верым, што яна ўваходзіць у таямніцу Яго ўваскрасення. Езус даў нам абяцанне, якое не можа быць невыкананым. Ён сказаў: “Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць” (Ян 11, 25). Наша смуткаванне асвечана святлом Уваскрасення Езуса Хрыста. Жыццё спачылай Ядвігі не скончылася, яно толькі змянілася. Цяпер, пасля доўгай вандроўкі праз зямныя выпрабаванні, яна вяртаецца ў родны дом, дзе няма ні болю, ні смутку, ні плачу, але вечнае святло. Гэтая вера была шчытом памерлай на працягу ўсіх дзесяцігоддзяў яе жыцця. Менавіта дзеля гэтага абяцання варта было прыкласці намаганні, цярпець нягоды і любіць безумоўна». Біскуп Антоні на ўрачытсасць Усіх святых наведаў маму і, як распавядаў, была размова, слова падтрымкі, надзея і вызнанне веры спачылай у збаўленне, адпушчэнне грахоў і ў змёртвыхпаўстанне да жыцця вечнага.
Напрыканцы гаміліі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзнёс падзяку Богу за дар Ядвігі, якая дала Касцёлу біскупа, законную сястру і некалькі веруючых сем’яў, і, звяртаючыся непасрэдна да спачылай, прамовіў: «Няхай Твой Стварыцель і Збаўца Езус Хрыстус, якому ты верна служыла, прыме тваю душу і прамовіць да цябе: “Добра, слуга добрая і верная, увайдзі ў радасць Пана твайго”. Адпачывай у спакоі вечным з усімі святымі».

Пасля Імшы адбылася працэсія на мясцовыя могілкі, дзе спачылая Ядвіга нанова «злучылася» са сваім мужам Бэрнардам. Абрады пахавання ўзначаліў пробашч парафіі ксёндз Міхал Бубен.
Вечны адпачынак дай ёй, Пане…















