Skip to main content

Урачыстасць святога Міхала Арханёла адзначылі ў Багданаве

26 верасня
  • 30 верасня, 2026
  • Фота: з архіва парафіі // Catholicminsk.by

У суботу, 26 верасня, напярэдадні свята святога Міхала Арханёла, ў Багданаве (Валожынскі дэканат) адбылася парафіяльная ўрачыстасць у гонар апекуна парафіі святога Арханёла Міхала.

Святую Імшу ўзначаліў дэкан Мінскага катэдральнага капітула святона Міхала Арханёла і Маці Божай Будслаўскай ксёндз канонік Антоній Клімантовіч.

На пачатку святой Імшы пробашч парафіі ксёндз канонік Андрэй Яркавец прывітаў усіх сабраных вернікаў, а таксама прадстаўнікоў духавенства — ксяндза каноніка Антонія Клімантовіча, пробашча парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі (дэканат Мінск-Захад), ксяндза Юрыя Кузміча, пробашча парафіі Адшукання Святога Крыжа ў Астраўцы (Гродзенская дыяцэзія, Астравецкі дэканат), ксяндза каноніка Віталія Вайцяхоўскага, пробашча парафіі святога Арханёла Міхала ў Ашмянах (Гродзенская дыяцэзія, Ашмянскі дэканат), ксяндза вікарыя Рамана Вайцяховіча, ксяндза Валянціна Станкевіча з парафіі святога Юзафа ў Валожыне (Валожынскі дэканат, Мінска-Магілёўская дыяцэзія), ксяндза пробашча Юзафа Мельдзюка з парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вішневе (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Валожынскі дэканат), сястру Алену Дварэцкую, якая кіравала парафіяльным хорам, а таксама сабрала разам дзяцей. Шматлікія госці наведалі мясцовую парафію, каб падзяліць з тутэйшымі вернікамі іх радасць.

Падчас гаміліі ксёндз Юрый Кузміч разважаў над тэматыкай натуры святых арханёлаў, а таксама аб Божай любові, якая праяўляецца праз анёлаў. Ксёндз Юрый нагадаў, што Бог, перш чым стварыць чалавека і сусвет, стварыў Анёлаў, каб яны дапамагалі людзям.

«Святыя Арханёлы Міхал, Габрыэль і Рафал таксама выконваюць сваю місію. Міхал — стаіць на варце, абараняючы людскі род, Габрыэль — абвяшчае радасную навіну і Божую любоў да чалавека, Рафал —  ахоўвае людзей ад хваробаў і ранаў, лечыць іх, а таксама апякуецца і спрыяе тым, хто ў дарозе. Бог паказаў, што мэта іх стварэння і жыцця — гэта дапамога людзям».

Таксама святар нагадаў аб трагедыі, якая адбылася паміж анёламі. Анёл, які быў створаны першым, вельмі моцна заганарыўся і сказаў, што больш не будзе служыць, таму што палічыў сабе больш дасканалым за людзей. І гэтае слова «не» знішчыла Божы парадак. Але не парадак у сусвеце, але ў адносінах да любячага Бога. Тады і пачалася вайна паміж хорамі анёлаў, якія засталіся вернымі Богу і місіі, якую Ён ім даручыў, з тымі, хто сказаў Богу, што яны больш не будуць служыць.

Бог паказвае нам, наколькі страшны бывае грэх. Наколькі ён мае «ядавітую моц», калі мы Яго не слухаем.

«Грэх — гэта адказаць Богу «не», сказаць, што я ведаю лепей, як мне трэба жыць і паводзіць сябе. Калі мы кажам Богу «не», нашае жыццё ператвараецца ў хаос. Жыццё перастае прыносіць задавальненне, і мы пачынаем шукаць вінаватых. І ў рэшце рэшт, у такім жыцці няма Бога. Але Бог у сваёй любові не перкрэслівае чалавека, ён адпускае яго і дазваляе яму жыць, так як ён лічыць правільным. У гэтым і заключаецца наша падабенства да Бога, у якім Ён нас стварыў. Бог даў нам свабоду выбару. Ён у любові Сваёй не парушае гэтай свабоды, але заўсёды чакае».

Ксёндз Юрый, завяршаючы гамілію, падкрэсліў, што сённяшняя ўрачыстасць вяртае нас да Бога і паказвае, што калі мы будзем жыць дэвізам «Хто ж як Бог», усё магчыма пераадолець. Бог будзе нашымі рукамі аднаўляць нашае жыццё, і яно стане каляровым. Неабходна толькі прыйсці да Бога і перастаць лічыць, што мы разумнейшыя і мудрэйшыя за Яго.

Выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і спяваная Літанія да святога Арханёла Міхала сталіся працягам супольнай малітвы. Урачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла, гімнам праслаўлення і пастырскім благаслаўленнем.