ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Памяць пра спачылых святароў: успаміны вернікаў. Частка першая
- 3 лістапада, 2025
- Выява ілюстрацыйная // Catholicminsk.by
У лістападзе Каталіцкі Касцёл нібы наноў паўтарае кожнаму верніку memento mori (лац. «памятай пра смерць»), нагадваючы непазбежную праўду пра тое, што вечнасць чакае кожнага. На працягу ўсяго месяца мы ўспамінаем тых, для каго яна ўжо наступіла і хто мае патрэбу ў нашай малітве: родных, блізкіх, сяброў. Апрача гэтага, варта таксама ўзгадаць і атуліць малітоўнай памяццю спачылых святароў ― тых, хто пры жыцці дапамагаў нам рыхтавацца да вечнасці, удзяляючы сакрамэнты, і апярэдзіў нас на гэтым шляху.
Сваімі ўспамінамі пра дарагіх сэрцу душпастыраў, што адышлі да Пана, дзеляцца вернікі.
Ірына Дзенісенка, г. Мінск
Ксяндза Станіслава Жука, які быў дэканам Вілейскага дэканата і пробашчам парафіі ў Касцяневічах у гады пераследу Касцёла, я асабіста не ведала. Расказала мне пра яго мая мама, якую ксёндз рыхтаваў да Першай споведзі і Першай Камуніі. Мама спявала ў парафіяльным хоры пад кіраўніцтвам ксяндза Станіслава. Дзякуючы гэтаму святару, яна стала вельмі веруючым чалавекам. Ведала на памяць усе малітвы, літаніі і песні.

Ксёндз Станіслаў адышоў у вечнасць 7 сакавіка 1983 года, пахаваны на касцяневіцкіх могілках. Гэта святар, аб якім жыве святая памяць. Таму я малюся не толькі за яго, але і да яго аб нябесным заступніцтве.

Я працавала з рознымі архіўнымі дакументамі святара, распытвала старэйшых парафіянаў і шмат даведалася пра ксяндза Станіслава. Гэтыя звесткі леглі ў аснову маёй дыпломнай працы ў Мінскім тэалагічным каледжы і сталі падставай для стварэння музея яго памяці ў вёсцы Касцяневічы Вілейскага раёна (падрабязней даведацца пра асобу ксяндза Станіслава і музей яго памяці можна ў выпусках «Радыё Марыя»).
Таксама малюся і штогод замаўляю Імшы за ксяндза Антонія Жэмлу, які быў пробашчам касцяневіцкай парафіі да і падчас вайны. Парафія тады была вялікая ― 4 тысячы вернікаў. Ксёндз Антоні ўдзяліў сакрамэнт хросту маім родным па лініі мамы. Святар загінуў мучаніцкай смерцю: быў забіты 15 снежня 1942 года падчас святой Імшы за тое, што хаваў габрэя ў сакрыстыі.
Ядвіга Каросцік, г. Паставы
У маім сэрцы жыве асаблівая памяць пра ксяндза Юзафа Бульку. Паходжу я з вёскі Вярцінскія Пастаўскага раёна, што належыць да мосарскай парафіі. Ксёндз Юзаф распачаў сваё служэнне ў Мосары ў 1990 годзе. Гэта была сапраўдная радасць, што нарэшце з’явіўся пастаянны святар! Якой прыгожай пры ім стала занядбаная раней святыня і тэрыторыя вакол яе! Памятаю, калі пасля доўгага перапынку я паехала ў Мосар на традыцыйны фэст у гонар святога Яна, то не магла паверыць сваім вачам, як усё змянілася. Святар паклапаціўся таксама пра тое, каб навесці парадак на могілках, і зрабіў добрую дарогу да іх.

Памятаю таксама, як аднойчы да нас у вёску прыехалі дзве мае сяброўкі дапамагчы бульбу капаць. Пасля працы мы ўтрох прагульваліся па касцёльнай тэрыторыі. Ксёндз заўважыў нас і запрасіў у касцёл, сардэчна пагаварыў з намі. Маіх сябровак гэта ўразіла на ўсё жыццё, што святар для нас адных адкрыў касцёл, не пашкадаваў свайго часу, каб пагаварыць і памаліцца з намі.
Быў выпадак, калі ксёндз Булька, наведваючы састарэлую адзінокую парафіянку, заўважыў, што ў хаце няма нічога з ежы, акрамя сухога кавалка хлеба. Ён тады такое казанне прамовіў у касцёле! Адразу ж яе забрала да сябе суседка і даглядала да скону.

Святар адышоў да Пана 9 студзеня 2010 года. Пахаваны на тэрыторыі мосарскага касцёла. Таксама ўшанаваць памяць святара можна, наведаўшы парафіяльны музей у вёсцы Мосар.
З цеплынёю і болем узгадваю таксама памерлага пробашча парафіі святога Антонія Падуанскага ў Паставах Анджэя Яна Возьняка, надзвычай адданага душпастыра. Парафіяне яго вельмі любілі, заўсёды былі пад уражаннем ад ягоных казанняў. Апошнія гады ён служыў у Польшчы, дзе і скончыўся яго зямны шлях 27 мая 2020 года. Заўсёды малюся за гэтага святара.

Божа, Ты паклікаў святароў да сваёй службы і ўчыніў іх пастырамі нашых душаў. Аддаю Табе ў апеку ўсіх памерлых святароў, якія пры жыцці вялі мяне да Цябе. Выслухай маю малітву і дай ім шчасце ў небе разам з усімі апосталамі. Амэн.
Калі вам таксама ёсць што ўзгадаць пра спачылых святароў, якія вялі вас да Бога, дасылайце свае ўспаміны на catholicminsk@gmail.com.