Skip to main content

Выйшаў першы ў 2026 годзе нумар часопіса «Наша вера»

22 красавіка
  • 23 красавіка, 2026
  • Фота: ave-maria.by // Паводле
  • ave-maria.by

У першым нумары часопіса «Наша вера» чытачоў чакаюць матэрыялы, прысвечаныя 35-годдзю аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, артыкулы мастацтвазнаўцаў і гісторыкаў, новыя творы хрысціянскіх паэтаў і празаікаў, пераклады, успаміны і іншыя цікавыя публікацыі.

Гэты нумар часопіса пачынаецца дакладам біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB «Каталіцкі Касцёл у Беларусі ў кантэксце 35-годдзя аднаўлення яго структураў».

У рубрыцы «Асобы» друкуецца інтэрв’ю «Быць спецыялістам ад спаткання чалавека з Богам», у якім галоўны рэдактар часопіса Крыстына Лялько размаўляе з Яго Эксцэленцыяй Тадэвушам Кандрусевічам з нагоды яго юбілею, які сімвалічна супаў з юбілеем адраджэння Касцёла ў Беларусі.

Доктар біблійнай тэалогіі Марына Пашук прапануе ўвазе чытачоў артыкул «„Пяцікніжжа Майсея“ ў зборы кніг Старога Запавету».

Постаці аднаго з самых слынных каталіцкіх святых прысвечаны артыкул Алеся Жлуткі «Святы Аўрэлій Аўгустын. Жыццё і гісторыя навяртання» з нагоды пачатку публікацыі знакамітага твора святога Аўгустына «Споведзь» у перакладзе на беларускую мову.

Паэтка і перакладчыца Аксана Данільчык друкуе свой пераклад з італьянскай мовы твора паэта Дзіно Кампана «Верна (Дзённік)», які яго аўтар прысвяціў святому Францішку. Постаці святога прысвечана і публікацыя мастацтвазнаўцы Дзмітрыя Моніча «Прадвеснікі Адраджэння: святы Францішак на фрэсках Джотта».

Кандыдат гістарычных навук Анатоль Сцебурака ў артыкуле «Капліца Валадковічаў у Радашкавічах» разважае пра таямніцы мінулага роду Валадковічаў.

Паэтка і літаратуразнаўца Ірына Багдановіч прапануе ўвазе чытачоў публікацыю «Забыты і загадкавы твор Адама Міцкевіча».

Творчасці паэткі і доктара філалогіі Галіны Тварановіч прысвечана інтэрв’ю з ёю Аксаны Данільчык «Памнажаць евангельскія таланты». Тут жа змешчаны вершы паэткі.

У рубрыцы «Паэзія» друкуюцца вершы Васіля Зуёнка.

У рубрыцы «Проза» змешчаны «Маленькія таямніцы» Крыстыны Лялько, а таксама кароткія апавяданні Леаніда Дранько-Майсюка.

Уладзімір Ягоўдзік прапануе ўвазе чытачоў свае ўспаміны «Краявід з Русаляй».

У рубрыцы «In memoriam» друкуецца некралог «Светлай памяці Ірэны Зварыкі» — былой аўтаркі часопіса «Наша вера».

Стах Лысы і Ян Лысы ў артыкуле «„Дэкалог“ Кшыштафа Кеслёўскага» разважаюць пра адметнае прачытанне Божых запаведзяў сусветна вядомым творцам кіно (працяг).