Унутраная дыспазіцыя духа: аналіз духоўнай кузні
- 4 мая, 2024
- кс. Раман Суша
Cхіленаму дрэву пачаць расці ў іншы бок няпроста. Яно фармавалася гадамі: схілялася пад цяжарам сваіх плёнаў, грубела ад нуды і холада, і як умела, змагалася за сваё месца пад сонцам. Нешта падобнае адбываецца і ў жыцці чалавека. Справа ў тым, што ў тэалогіі існуе паняцце ўнутранай схільнасці духа. Гэта тая духоўная дыспазіцыя, якая схіляе чалавека да маральна добрых або дрэнных учынкаў. Такая ўнутраная схільнасць і ёсць сутнасцю духоўная настрою, які фарміруе ў нас заганы і цноты. Складанасць у тым, што такую дыспазіцыю духа цяжка раптоўна змяніць падобна дрэву.
Станоўчы і негатыўны вектар
«Унутраная дыспазіцыя духа»[1], апісаная Тэафанам Пустэльнікам як «пастаянныя жаданні [дзейнічаць] звыклым чынам», уяўляе сабой адпраўную кропку для маральна добрых або дрэнных учынкаў[2]. Ва ўнутранай дыспазіцыі (або схільнасці) можна вылучыць два магчымых вектара ў залежнасці ад якіх фарміруецца тэндэнцыя: станоўчая і негатыўная. Варта адзначыць, што паняцце ўнутранай дыспазіцыі духа неабходна адрозніваць ад паняццяў цноты і заганы, бо яна і з’яўляецца характарам, якая іх утварае.
Што датычыць пазітыўнага вектару, то існуе паняцце «дабрачыннай дыспазіцыі духа»[3], уяўляеючае сабой аналаг грэчаскага тэрміна εὐσέβεια (на лаціне часта перакладаецца як pietas), які ўяўляе сабой свайго роду «квінтэсенцыю» хрысціянства[4] і паказвае на «паводзіны хрысціяніна, які адказвае на айцоўскае дабрачыненне (pietas) Бога сваёй сыноўняй пашанай» (RP 21).
Дабрачынная дыспазіцыя духа
У духоўнасці ўсходнеславянскіх мысляроў паняцце дабрачыннай дыспазіцыі духа характарызуецца ўнутранай дваістасцю, якая прадугледжвае:
- вертыкальнае вымярэнне, звязанае з Богам,
- і гарызантальнае вымярэнне, звязанае з чалавекам.
Згодна з Жыціем святога Дзімітрыя, гэта паняцце ўключае, між іншым, «асабліва жывое пачуццё любові да Укрыжаванага Пана Езуса і пастаянную ўвагу на сябе»[5].
Тэафан вылучае тры сегменты пачуццяў і схільнасцяў у вертыкальным вымярэнні дабрачыннай схільнасці духу:
- узыходжанне да Бога,
- прабыванне ў Яго парадку
- і жыццё ў Богу[6].
Пад узыходжаннем разумеецца бесперапыннае ўзыходжанне да ўсведамлення ўласнай беднасці і самаўмалення (auto-kenosis, пар. Філ 2, 7), з якіх вынікаюць пакора, спакой і іншыя цноты[7].
Самаўмаленне
Варта ўлічваць, што канцэпт самаўмалення ва ўсходнехрысціянскай духоўнасці асацыюецца з паняццямі ўмиленïе і радостопечалïе (радасны смутак, грэч. χαρμολύπη) – двума паняццямі, якія мы ўжо заўважалі ў іншых артыкулах. Такім чынам, успрыманне сябе як пясчынкі заўсёды павінна суправаджацца ўсведамленнем велічы Божай ласкі ў жыцці чалавека, пазбягаючы такім чынам аднабаковага падыходу.
Таму нездарма Тэафан і дадае, што акрамя негатыўнага вымярэння самаўмалення ў дабрачыннай схільнасці духа ёсць таксама пазітыўнае вымярэнне. Справа ў тым, што самаўмаленне адначасова ўзвышае (гл. схему). Гэта можна параўнаць з прыкладам кенозіса Хрыста, які самаўмаліў некаторыя Божыя атрыбуты падчас свайго зямнога жыцця, але ўзвысіўся, праславіўшы Айца (пар. Філ 2):
5 Няхай вашыя думкі будуць такімі, як у Хрысце Езусе.
6 Ён, будучы ў постаці Бога,
не скарыстаў з таго, каб быць нароўні з Богам,
7 але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі,
прыпадобніўшыся да людзей.
І з выгляду стаўшы як чалавек,
8 прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці,
смерці крыжовай.
9 Таму Бог узвысіў Яго
і даў Яму імя па-над усялякае імя,
10 каб на імя Езуса схілілася кожнае калена
стварэнняў нябесных, зямных і падземных,
11 і каб кожны язык вызнаваў,
што Панам ёсць Езус Хрыстус
дзеля хвалы Бога Айца.
Таму самаўмаленне не значыць заніжэння самаацэнкі, але наадварот, гэта зварот самакрытычнай увагі на сябе, як навучае Апостал Павел у 1 Цім 4, 16:
16 Зважай на сябе і на навучанне. Заставайся ў гэтым.
Робячы так, і самога сябе збавіш, і тых, хто слухае цябе.
Іншымі словамі, хто самаўмаляецца, у тым духоўнае суцяшэнне і багацце ласкі прыходзяць ад Бога пастаянна, а разам з тым і іншымі хрысціянамі прапаноўваюцца любоў і жывое злучэнне[8], складаючы гарызантальны аспект дабрачыннай схільнасці духа.
Высновы
Завяршаючы аналіз, важна адзначыць, што устойлівая сувязь з Богам асвятляе і падтрымлівае нашае жыццё, мяняючы паводзіны і адносіны. Падобна да таго, як Божае жыццё падтрымлівае і асвячае чалавечае, актыўны ўдзел у жывых сувязях з іншымі (парафія, сужэнства, сяброўства, духоўнае суправаджэнне, малітоўная група, законны ордэн) можа заахвоціць нас да маральна станоўчых дзеянняў, але яно таксама можа мець і адмоўныя наступствы, калі гэтая група дэструктыўная (секта, дрэнная кампанія, грахоўнае сяброўства, духоўныя пакты).
Усведамленне сябе часткай жывой супольнасці, у якой кожны член адчувае радасць і пакуты іншага, становіцца ключавым элементам хрысціянскага жыцця. Таму фарміраванне ўнутранага “настрою” залежыць ад кантролю ўнутранай увагі: да сябе, да іншых і да Бога. У кантэксце святога Ігната Лойолы, здаровы падыход заключаецца ў аддаленні ад усіх неўпарадкаваных прыхільнасцяў, і прыняццю ўсяго упарадкаванага як ад Бога, так і людзей.
Перайсці да спісу ўсіх тэм праекта.
[1] Феофан Затворник, Начертание, 223 (уласны пераклад).
[2] Пар. Феофан Затворник, Начертание, 223. Cf. Феофан Затворник, Наставление о преспеянии, 221.
[3] Феофан Затворник, Начертание, 536 (уласны пераклад).
[4] Пар. Braschi, La fede nei Padri della Chiesa, 212.
[5] Нечаев, Святый Димитрий, 97 (уласны пераклад).
[6] Пар. Феофан Затворник, Начертание, 536-537.
[7] Пар. Феофан Затворник, Начертание, 491-492.
[8] Пар. Феофан Затворник, Начертание, 492.