Skip to main content

Паняцце жывога саюза ў хрысціянскай духоўнасці

  • 8 сакавіка, 2024
  • кс. Раман Суша

Паняцце саюза ў хрысціянскай духоўнасці займае асабліва важнае месца. Раннія хрысціянскія пісьменнікі звярталіся да розных тэрміналогій, каб выказацца пра саюз і ўзаемасувязь, уласцівыя гэтаму паняццю: у залежнасці ад мовы і культуры, да якой яны належалі, тэалагічнай і філасофскай школы, да якой яны спасылаліся, і спецыфічных узаемадзеянняў саюза і метафізікі, з ім звязаных.

Адносна гэтай тэмы Тэафан Пустэльнік (1815-1984) знаёміць нас з паняццем «жывога саюза». Гэты саюз вызначаецца як узаемныя адносіны паміж Богам і стварэннем[1], а затым як узаемныя адносіны паміж стварэннем[2] і, перш за ўсё, членамі Касцёла[3].

Тэрміналогія саюза ў гісторыі тэалогіі

Спрабуючы знайсці аналагічныя канцэпцыі ў тэалогіі, варта адзначыць, што «жывы саюз» Тэафана ў аддаленай ступені нагадвае прынцып «спосабу існавання» (англ. subsistentiality, ням. Subsistenzweise): кажучы ўвогуле, гэта ідэя тычыцца здольнасці асобных істот суіснаваць у адносінах: як прымаць іншых, так і быць у іншых, а таксама датычыцца структурнай сувязі паміж імі[4].

У значнай ступені структура ўзаемаадносінаў, перш за ўсё трынітарнага характару, была дакладна акрэслена як у старажытнай, так і ў сучаснай хрысціянскай навуцы. Напрыклад, мы знаёмы з комплексам паняццяў, якія тычацца ўзаемапранікнення[5] (або інтэрпенетрацыі[6]), περιχώρησις або συμπεριχώρησις (па-лацінску circumincessio, пазней circuminsessio), якія выкарыстоўваюцца ў дагматычнай тэалогіі. У духоўнасці св. Ісаака Сірыйца (к. 613 – к. 700) сустракаецца канцэпцыя пранікнення, якая выкарыстоўваецца для тлумачэння ўплыву духаў. Акрамя таго, св. Ян Касіян (к. 360–435) выкарыстоўвае паняцце ўзаемнай сувязі (літар. «reciproca (…) coniunctio»[7]), каб растлумачыць структуру адносін, якія існуюць у чалавечай прыродзе, гэта значыць паміж целам і душой і іх уласцівасцяў адносна адно аднаго.

Хрысціянская літаратура разглядае розныя формы сувязі паміж жывымі арганізмамі, таксама вядомыя як саюз. Для вызначэння гэтага «жывога саюза»[8] Тэафан Пустэльнік шырока звяртаецца да прац раней вядомых эклезіяльных аўтараў, ствараючы такім чынам інтэгральны канцэптуальны апарат, які, хоць і не заўсёды структураваны, вылучаецца сваёй складанасцю і завершанасцю. Акрамя таго, яго тэалагічны дыскурс уключае не толькі традыцыйную метафізічную тэрміналогію, але і цалкам наватарскія для свайго часу філасофскія і псіхалагічныя канцэпцыі[9].

Падвойная функцыя канцэпцыі саюза

Варта заўважыць, што ўжыванне выразу «жывы саюз» у ходзе яго дыяхранічнага развіцця ў лексіконе праяўляе складаную дуальнасць[10]. З аднаго боку,

  • гэты выраз уключае значэнне залежнасці (саюз з/супраць) ці, наадварот, узаемнасці адносна трэцяга суб’екта (саюз для),
  • а з іншага, уключае спасылку на зямное жыццё і бессмяротнасць[11].

Тэафан старанна падбіраў лексіку для гэтага выразу, пазбягаючы ўжывання агульных слоў, такіх як завет або адзінства ці ўнія, аддаючы перавагу царкоўнаславянскаму слову съвѫзъ (падобнае да лацінскага coniūnctiō або грэчаскага σύνδεσμος), якое ў сваім моўным развіцці мела падвойнае семантычнае значэнне[12]:

  • з аднаго боку, яно ўказвала на адносіны адмоўнай залежнасці[13],
  • а з другога — на ўзаемную дамову і канфедэрацыю[14].

З аналізу самога Тэафана недвухсэнсоўна паўстае семантычная раздвоенасць:

  1. саюз можа быць дзікі, змрочны[15], можа заблытваць сеткамі, і пад цяжарам рабства і ланцугоў асляпляць грэшнага чалавека[16]. Пустэльнік вызначае падобны саюз з грахом як «незаконны»[17].
  2. Насупраць, жывы саюз, асабліва з Богам, які вызначаецца як «Камунія з Богам»[18] (грэч. Θεόκοινωνία), або з людзьмі ў Хрысце, прэзентуецца Пустэльнікам як саюз свабодны і ўзаемавыгадны, падобна звёнам ланцужка, якія гарманічна спалучаюцца[19].

Паводле Тэафана, у такім жывым саюзе чалавек апыняецца ў кантэксце, які суправаджаецца жывым суадчуваннем, або, адным словам, сімпатыяй[20].

Аднак перад тым, як перайсці да агляду і герменеўтычнага даследавання феномена ў тэафанаўскім кантэксце, важна адзначыць, што sympátheia ў сваіх сінхранічных фазах уяўляе сабой надзвычай багатае паняцце. Такім чынам, наступныя артыкулы гэтага праекта пра сінадальнасць будуць прапанаваць даследаванне феномена ў розных кантэкстах.

Сімпатыя як прынцып адлюстравання ў жывым саюзе

Паняцце sympátheia (= сімпатыя) прасякнута багатым тэалагічным кантэкстам, які вызначае яго значэнне ў дачыненні да збаўлення. Даследаванне гэтага кантэксту выяўляе тонкія семантычныя адценні, якія характарызуюць як філасофска-рэлігійны кантэкст Усходняй Еўропы (як будзе апісана ў модулі IV нашага праекта), так і тэалагічны кантэкст, у якім дзейнічаў Тэафан Пустэльнік (модуль III). Аналіз канцэптуальных узаемадзеянняў паміж гэтымі аспектамі адыгрывае фундаментальную ролю ў разуменні ідэй, якія ляжаць у аснове прынцыпу sympátheia, а таксама ў вызначэнні межаў артадаксальнай і дагматычнай думкі.

Перш чым паглыбляцца ў кантэкст антычнай і патрыстычнай філасофіі, мэтазгодна папярэдне праілюстраваць канцэпцыю sympátheia, апісаную праваслаўным тэолагам Теафанам як фундаментальны прынцып рэфлексіі ў жывым саюзе. Наступная дэфініцыя з’яўляецца асноўнай перадумовай разумення такой рэфлексіі і апісваецца ў кнізе Тэафана пад назвай Нарыс вучэння хрысціянскай маральнасці[21](выд. 1891):

Члены жывога цела знаходзяцца ў жывым саюзе, таму тое, што адбываецца ва ўсім целе, адлюстроўваецца ў кожным члене, і, наадварот, стан кожнага члена адлюстроўваецца ў цэлым складзе. Гэта ўласцівасць інакш ёсць састрасць [сострастие, συμπάθεια][22].

Вобласць канцэпцый, злучаных з прынцыпам адлюстравання, даволі шырокая. Апісальна адлюстраванне тычыцца працэсу абагаўлення, які ажыццяўляецца ў пэўнай сімфоніі (гл. артыкул пра сімфонію) і праз якасныя адносіны (рус. качествование ў Льва Карсавіна). Гэты працэс датычыць як самога чалавека, так Касцёла і ўсяго свету, у іх пакліканні да аднаўлення[23].

Заключэнне

Паняцце жывога саюза займае значнае месца ў хрысціянскай духоўнасці. Разуменне прынцыпаў саюза дапамагае зразумець, як мы адлюстроўваем у сабе жыццё іншых: напрыклад, канструктыўным, так і неканструктыўным спосабам. Самі ж прынцыпы адлюстравання і распазнання сімпатыі будуць разгледжаны ў наступных артыкулах.

Перайсці да спісу ўсіх тэм праекта.


[1] Пар. Феофан Затворник, Начертание христианского нравоучения, Правило веры, Москва 2010, 50.53.72.410-410.503.

[2] Пар. Феофан Затворник,Начертание, 50.53.72.410-410.503.

[3] Пар. Феофан Затворник, Начертание, 19.42.44.45-48.443.546.615-618.

[4] Пар. Liszka, P., ««Znaczenie pojęcia „subsystencja” w teologii chrześcijańskiej», у Teologia w Polsce 12 (2018),, 41-54.

[5] Пар. Zubiri, X., Sentient Intelligence, Xavier Zubiri Foundation of North America, Washington 2002, 331.

[6] Пар. Maspero, G., «La perichoresis e la grammatica teologica dei primi sette Concili ecumenici», in TheoLogica 4 (2020), 172.

[7] Пар. Ioannes Cassianus, Conlatio Abbatis Isaac Prima. De oratione, XI, 2, ed. SC 54, 40.

[8] Феофан Затворник, Начертание, 566.

[9] Пар. Хондзинский, П., «Антропология святителя Феофана Затворника и зарождение первых персоналистических концепций в русском богословии», in Вестник ПСТГУ 70 (2017),, 20.

[10] Разыходжанне, якое назіраецца паміж дзвюма сінхроніямі, выклікае цікавасць да аналізу, які прызнае ўплыў царкоўнаслаянскай мовы на значэнне і ўспрыманне славянскіх слоў. Пар. Ларин, Б., Лекции по истории русского литературного языка (Х-середина ХVIII в.), Авалон, Санкт-Петербург 2005, 177.

[11] Царкоўнаславянскае словазлучэнне «животъ» (таксама «житие», «жизнь») зусім не азначае тое паўсядзённае жыццё, якое мы бачым у паўсядзённых выразах, а выходзіць за межы простага фізічнага існавання, звычайна асацыюенага з выразамі «жыццё на зямлі» ці «жыццё ў сусвеце», а таксама са штодзённым пытаннем: «як там жыццё ідзе?». Зводзіць значэнне гэтага славянскага тэалагічнага тэрміна да павярхоўнага разумення было б неабгрунтаваным спрашчэннем. Глыбіня паняцця праяўляецца ў яго ўнутранай дваістасці, паколькі з аднаго боку «животъ» паказвае на зямное жыццё, а з другога заклікае да ідэі несмяротнасці. Семантычная неадназначнасць гэтага тэрміна адлюстроўвае філасофскую і тэалагічную складанасць, якую нельга ігнараваць. Пар. Селин, Г. «И весь живот наш Христу Богу предадим», in Благодатный огонь 18 (2008), 35. Пар. Калина, Л., «О семантической эволюции слов живот, жизнь, житие (на материале Киевской летописи)», in Осипова, Е., ed., И.И. Срезневский и русское историческое языкознание: опыт и перспективы, Рязанский государственный университет имени С.А. Есенина, Рязань 2017, 33.

[12] Пра лексічную дваістасць у царкоўнаславянскіх і рускіх семантычных формах пар. Буличъ, С., Церковнославянскіе элементы въ современномъ литературномъ и народномъ русскомъ языкѣ, vol. I, Типографія И. Н. Скороходова, С.-Петербургъ 1893, 97.

[13] Царкоўнаслявянскае слова «съвѫзъ» паходзіць ад «ѫза», якое значыць «рабства», «ланцугі». Пар. Поливанова, А., Старославянский язык. Грамматика. Словари, Русский Фонд Содействия Образованию и Науке, Москва 2013, 199, 208. Пар. Jakobson, R., «Review of Marginalia», у International Journal of Slavic Linguistics and Poetics 1-2 (1959), 272.

[14] Пар. Галушко, А., «Лексикографический потенциал слова союз: историко-этимологический анализ», у Филологический аспект 45 (2019),  36-43.

[15] Пар. Феофан Затворник, Начертание, 648.

[16] Пар. Феофан Затворник, Путь ко спасению. Краткий очерк аскетики, Правило веры, Москва 2008, 135-136.138.

[17] Пар. Феофан Затворник, Путь ко спасению,143.

[18] літ. «Богообщение», пар. Феофан Затворник, Путь ко спасению,308.

[19] Пар. Феофан Затворник, Начертание, 53.54.175.679. Пар. Феофан Затворник, Путь ко спасению, 134.

[20] Пар. Феофан Затворник, Начертание, 409-410.

[21] Феофан Затворник, Начертаніе, 422.

[22] Пар. Феофан Затворник, Начертание, 575-576.

[23] Пар. s.v. «restaurazione», раздзел I, § 2.3; раздзел III, § 1.1.2; раздзел IV, § 1.2. Пар. Raman Susha, Il principio di sympátheia nel contesto dell’insegnamento di Teofane il Recluso, Sole, Roma 2023.