Skip to main content

Адрозненне паміж сімпатыяй і эмпатыяй: тэалагічна-псіхалагічны аналіз

  • 31 студзеня, 2024
  • кс. Раман Суша

У вобласці псіхалогіі і тэалогіі паняцці сімпатыі і эмпатыі часта блытаюцца і вызначаюцца рознымі невыразнымі спосабамі. На працягу гісторыі сімпатыкамі называліся зацікаўленыя хрысціянствам, а вось эмпатыя нярэдка значыла загану. Як вызначыць гэтыя тэрміны ў сучасным разуменні? У сваім артыкуле “Адрозненне паміж сімпатыяй і эмпатыяй” (1986)[1] Ларэн Віспэ спрабуе растлумачыць гэтыя канцэпцыі і прапануе дэфініцыі, якія вылучаюць іх адрозненні.

Сімпатыя – гэта досвед

У адрозненні ад размоўнага павярхоўнага ўжывання (напр., “нехта мне сімпатычны”), Віспэ вызначае сімпатыю нашмат глыбей, хоць і дастаткова складанай фармуліроўкай. Сімпатыя для яго – гэта павышаны досвед пра цярпенне іншага чалавека, якое трэба аблегчыць. Гэта дэфініцыя ўключае ў сябе два кампаненты:

  • першы датычыць павышэння эмацыйнай адчувальнасці да іншых (стан узмоцненай адчувальнасці),
  • а другі – неабходнасць прыняцця дзеянняў, каб палягчыць цярпенні іншых асоб (праактыўны падыход).

Прычым у такім выпадку пачуццё спагады і жаданне дапамагчы ўзнікаюць незалежна ад самой магчымасці аказаць дапамогу. Калі б такая магчымасць узнікла б, яна была б рэалізаваная. Іншымі словамі, у сімпатыі гаворка ідзе не пра найграную добразычлівасць (анг. keep smiling), а пра сумленнасць: нават калі не магу дапамагчы, гэта не забірае сумленнасць самаго жадання.

Эмпатыя – гэта зразуменне

Калі сімпатыя кажа пра павышаны досвед, эмпатыя, насупраць, тычыцца спробы без асуджэння зразумець пазітыўны і негатыўны вопыт іншага чалавека. Эмпатыя заснавана на выкарыстанні ўяўлення і мімікрыі, і часта патрабуе намаганняў. Асноўная мэта эмпатыі – зразумець суразмоўцу, а па-магчымасці і іншых удзельнікаў канфліктнай сітуацыі.

Паміж сімпатыяй і эмпатыяй існуюць тонкія адрозненні. У эмпатыі ўласнае “Я” выступае ў ролі сродку для разумення, захоўваючы сваю ідэнтычнасць. Барэт-Леннард[2], апісваючы эмпатыю, сцвярджае, што ў гэтым выпадку эмоцыі знаходзяцца як бы “ў іншым”. У адрозненне ад эмпатыі, сімпатыя датычыць супольнасці (камуніі-камунікацыі), а не дакладнасці, і самасвядомасць у ёй памяншаецца, а не ўзмацняецца. У эмпатыі, эмпатык “шукае” іншага чалавека; у сімпатыі сімпатык “узрушаны” іншым чалавекам.

У эмпатыі мы замяняем сябе іншымі; у сімпатыі мы замяняем іншых сабой. Веданне таго, што мы б адчулі, калі б мы былі на месцы іншага чалавека, уяўляе сабой эмпатыю, у той час як веданне таго, што мы б адчулі, будучы іншым чалавекам, уяўляе сабой сімпатыю.

Спасылаючыся на Роджэрса[3] і Макфі[4], Віспэ піша, што ў эмпатыі чалавек дзейнічае як быццам іншы чалавек; у сімпатыі ж ён нібыта становіцца іншым чалавекам, хоць у арыгінальных тэкстах гэта пазначаецца не як замена ідэнтычнасці, а як стан: у сімпатыі “я б пакутаваў, калі б сапраўды быў на тваім месцы” (“I should suffer if I were really in your position”[5]).

Сімпатыя і эмпатыя ў духоўнасці

Безумоўна, Віспэ з асаблівай “смеласцю” тлумачыць адрозненні паміж эмпатыяй і сімпатыяй, факусуючыся больш на іх адрозненнях, чым на іх падабенствах. У любым выпадку яго падыход мае права на існаванне і можа быць прыменены таксама да фенаменалогіі рэлігійных з’яў:

  • Па-першае, у дачыненні да эмпатыі гэты падыход ужываецца да “слабых” спачувальных сувязяў, якія адносяцца да катэгорыі “праекцыі” ці “сімвалізму” (быць дасведчаным, адчуваць разам, чуць спакусы),
  • тады як па-другое, у дачыненні да сімпатыі гэты падыход ужываецца да “моцных” спачувальных сувязяў, якія адносяцца да катэгорыі “рэальнасці” або “ўдзелу” (цэлебрацыя in persona Christi, містычны досвед пакут Хрыста, стыгматы, яднанне ў містычным саюзе праз хрост, саўдзел у праявах апантанасці).

Пытанне ідэнтычнасці ў сімпатыі патрабуе далейшага аналізу. У кантэксце хрысціянскай антрапалогіі кожная чалавечая форма хрысталагічнага ўзаемадзеяння спрыяе адкрыццю, рэалізацыі і ўказанню свайго глыбокага прызначэння. Нягледзячы на ​​якасныя змены ідэнтычнасці, якія могуць адбыцца пасля навяртання, хросту і сакрамэнту пасвячэння, гэтыя змены або якасныя адносіны (рус. качествование)[6] не азначаюць знішчэння, разбурэння або падаўлення суб’екта, але прадстаўляюць яго рэалізацыю. Аднак такі ж падыход не заўсёды прымаецца ў іншых нехрысціянскіх ракурсах, дзе гаворка ідзе пра дэперсаналізацыю, разбурэнне і розныя паталагічныя рэлігійныя станы сектанцкага характару. У гэтых выпадках пытанне аб якасці ідэнтычнасці, якое разумеецца як якасныя суадносіны (рус. качествование), набывае негатыўны характар ​​і супрацьпастаўляецца якасцям свабоды і інтэлектуальнай актыўнасці (праактыўнасці). Такім крытэрыем можна правяраць любую супольнасць на хрысталагічную якасць і загадзя заўважаць негатыўныя тэндэнцыі (падмена сакрамэнтальнай адарацыі Хрыста рознымі рэлігійнымі ідэалогіямі, місійная пасіўнасць, акцэнт на страху, трывожнасць замест творчасці, забарона глыбокіх пытанняў, крытычнасці і г.д.).

Зразумець розніцу паміж дакладным пазнаннем і рэальнымі адносінамі

Улічваючы накіраванасць феноменаў, можна сказаць, што мэта эмпатыі – “разуменне” іншага чалавека, а мэта сімпатыі – “дабрабыт” іншага чалавека. Самая важная праблема для эмпатыі – гэта эмпатычная дакладнасць, або неабходнасць бесперапынна правяраць правільнасць свайго разумення іншага чалавека і адаптавацца да атрыманага адказу, як падкрэслівае Роджэрс[7]. Самая важная праблема сімпатыі, аднак, мае канцэптуальны характар: як адкрывацца да непасрэднай рэальнасці суб’ектыўных перажыванняў іншага?

У гэтым кантэксце можна прааналізаваць свае сустрэчы з Богам, іншымі і самім сабой:

  • дзе мне не хапае дакладнасці ў разуменні сябе, бліжняга і Бога (напр., дзе я паспяшыў з вынікамі, або чаму я ацаніў, калі не меў дакладных фактаў з розных крыніц) – пытанні эмпатыі,
  • дзе мне не хапае сумленнасці, каб не гуляцца ў жыццёвы тэатр штучных роляў (напр., ахвяры, ратавальніка, сляпога слугу і т.п.) – пытанні сімпатыі.

Перашкоды эмпатыі і сімпатыі

Такім чынам, эмпатыя можа разглядацца як спосаб “пазнання”, а сімпатыя – гэта спосаб “адносін”. Гэта фундаментальныя паняцці як у псіхалогіі, так і ў хрысціянскай духоўнасці, але шлях пазнання або адносін можа быць перашкоджаны рознымі бар’ерамі. Пра гэтыя бар’еры мы гаворым тады, калі адносіны з іншымі абумоўлены не вельмі сумленным стаўленнем да сябе, а пазнаць іншых перашкаджае той факт, што чалавек не хоча пазнаваць сябе глыбей[8], бо ў яго ёсць другасныя выгоды ад захавання нясталага стаўлення да самога сябе.

Гэтыя дзве катэгорыі ўплываюць як на эмпатычны вопыт, так і на сімпатыю, і ў штодзённым жыцці яны могуць адлюстроўвацца ў маім асяроддзі. Гэта асабліва драматычна ў выпадках нясталых адносін. Як іх хутка распазнаць? Напрыклад, такая нясталасць часта выяўляюцца ў жалю да сябе (анг. sefl-pity), якія мы аўтаматчына пераносім на іншых людзей, і нярэдка нават на Бога. Іншымі словамі, наступствы і ўзаемасувязь гэтых катэгорый (пазнанне і адносіны) з транферам (пераносам) самажалю (анг. sefl-pity) або бязжалю (анг. ruthlessness) на іншых патрабуюць глыбокага аналізу, паколькі могуць істотна ўплываць на камунікацыю і міжасобавыя адносіны, у тым ліку духоўнага характару. Аб гэтым і будзе чарговы артыкул.
Перайсці да спісу ўсіх тэм праекта.


[1] Пар. Wispé, L., «The distinction between sympathy and empathy: To call forth a concept, a word is needed», у Journal of Personali-ty and Social Psychology 2 (1986), 314–321.

[2] Пар. Barrett-Lennard, G.T., «Dimensions of Therapist Response as Causal Factor in Therapeutic Change», у Psychological Monographs 76 (1962), 1-33.

[3] Пар. Rogers, C., «Empathic: An unappreciated way of being», уThe Counseling Psychologist 2 (1975), 3.

[4] Пар. Macfie, A., «Adam Smith’s moral sentiments as a foundation for his Wealth of Nations», у Oxford Economic Papers 11 (1959), 213.

[5] Пар. Macfie, «Adam Smith’s moral sentiments», 213.

[6] Пар. Карсавин, Л., Философия истории, АО Комплект, Санкт-Петербург 1993, 105.

[7] Пар. Rogers, «Empathic», 4.

[8] Пар. Cencini, A. – Manenti, A., Psicologia e teologia, EDB, Città di Castello 2016, 101.