Skip to main content

Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікі Пост 2025 года

2 сакавіка
  • 3 сакавіка, 2025
  • Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч // Catholicminsk.by

Тэкст для друку ТУТ>>>

СПАКУСЕ – “НЕ”, БОГУ –  “ТАК”

Дарагія браты і сёстры!

1.      Вялікі пост, які мы распачалі Папяльцовай серадой, з’яўляецца часам падрыхтоўкі да Пасхі як галоўнага хрысціянскага свята. У гэтым годзе яно набірае агульнахрысціянскага вымярэння, бо хрысціяне Захаду і Усходу будуць святкаваць яго ў той самы дзень 20 красавіка.

Праўда аб Уваскрасенні Хрыста – гэта падмурак нашай веры. Нездарма святы апостал Павел кажа, што, калі б не было Уваскрасення, нашае абвяшчэнне Евангелля і вера людзей былі б марнымі (пар. 1 Кар 15, 14). Таму мы павінны быць людзьмі ўваскрасення, поўнымі Божай ласкі.

2.      Евангелле першай нядзелі Вялікага Посту распавядае пра спакушэнне Езуса і заклікае сказаць “НЕ” злому духу і “ТАК” – Богу. На вялікі жаль, у жыцці вельмі часта бывае наадварот. Першае “ТАК” злому духу і “НЕ” Богу прагучала ў раі, калі Адам і Ева пад уплывам злога духа з’елі плод з забароненага дрэва (пар. Быц 3, 1-7). У выніку гэтага яны пазналі дабро і зло. А “забаронены плод салодкі”, як кажа выслоўе. Мы ведаем, што такое дабро, але чынім зло (пар. Рым 7, 19). Таму не трэба здзіўляцца спакусам, бо калі сатана спакушаў саму Святасць – Езуса, – то што казаць пра нас, грэшных? 

У самой спакусе няма маральнай віны чалавека. Спакусы не чыняць нас дрэннымі, а толькі паказваюць, што злы дух не задаволены намі і хоча учыніць нас паслухмянымі яму. 

Бог не спакушае (пар. Як 1, 13). Ён можа толькі выпрабоўваць. Паміж спакусай і выпрабаваннем вялікая розніца. Д’ябал спакушае з намерам зрабіць нас дрэннымі і аддзяліць ад Бога. А Бог выпрабоўвае, каб зрабіць лепшымі і заахвоціць жыць згодна з Яго вучэннем. Так Бог дазволіў сатане выпрабаваць Старазапаветнага Ёва, каб пацвердзіць яго цнатлівасць. Падобна таму, як моцны вецер не аслабляе каранёвую сістэму пальмы, а, наадварот, яе ўмацоўвае, таксама выпрабаванне чалавека чыніць яго мацнейшым.

Таму спакусы, апроч адмоўнай, могуць адыгрываць таксама станоўчую ролю ў нашым жыцці – весці да граху або ўмацоўваць у духу. 

3.      Д’ябал спакушаў Езуса тройчы (пар. Мц 4, 1-11). Першай спакусай была прапанова перамяніць камень у хлеб. Падобным было выпрабаванне габрэяў у пустыні падчас пераходу з Егіпецкай няволі ў Абяцаную зямлю. Тады яны наракалі на свой лёс і казалі, што лепей было б памерці ў зямлі Егіпецкай, дзе было ўдосталь мяса і хлеба, чым у пустыні з голаду (пар. Зых 16, 1-3). Яны былі гатовы абмяняць свабоду на мяса і хлеб. Спакуса хлеба з’яўляецца вобразам спакусы матэрыяльных каштоўнасцяў. Яны становяцца богам, якому пакланяецца чалавек. 

У другой спакусе д’ябал прапанаваў Езусу кінуцца ўніз з верху святыні, каб анёлы Яго ўратавалі. Гэта спакуса выпрабавання ўсемагутнасці Бога, які таксама заклікае да разважлівасці ў жыцці. Нездарма святы Ігнацый Лаёла кажа: “Маліцеся так, быццам усё залежыць толькі ад Бога, і дзейнічайце так, быццам усё залежыць толькі ад вас”

У трэцяй спакусе сатана прапануе Хрысту аддаць усе каралеўствы свету, калі Ён паклоніцца яму. Гэта спакуса ўлады і славы. Усе хочуць займаць прэстыжныя становішчы, мець уплыў на прымаемыя рашэнні, быць папулярнымі ў медыях i т.п.

4.      На кожную з гэтых спакусаў Езус адказаў станоўчым “НЕ”. Гэтым самым Ён паказаў цвёрдасць сваіх перакананняў і тое, што “вартасць чалавека вызначаецца тым, чым ён ёсць, а не тым, чым ён валодае”, – як навучае Другі Ватыканскі Сабор (GS 35).

Наша “вартасць” залежыць ад таго, наколькі мы будзем падобныя да Хрыста. Трапіць у пастку ўладання вельмі лёгка, калі паддаемся тэндэнцыі любым коштам зрабіць кар’еру і дабіцца поспеху, славы і багацця.

Зло падобна да інфекцыі. Спачатку мы не заўважаем небяспекі, і калі не рабіць адпаведных прышчэпак, можна заразіцца цяжкай хваробай. Прыгожа аб тым кажа афрыканская прыказка: “Спакойная вада не з’яўляецца гарантыяй таго, што ў ёй няма кракадзілаў”.

Падобна маецца справа з “асатаненнем” чалавека. Мы павінны чуваць, каб заўважыць зло і не згаджацца з ім. Кожны грэх спачатку чалавек дапускае, у выніку чаго адчыняе браму свайго сэрца для зла. А калі ў ім селіцца сатана і пачынае “правіць бал”, тады нараджаецца апантанасць. 

Езус не спрачаўся са злым духам і не разважаў, прыняць яго прапанову ці не. Замест гэтага Ён выкарыстаў Святое Пісанне і малітву. Таксама і мы, калі трапляем у спакусу, павінны маліцца і звяртацца да Божага слова і Традыцыі як крыніц нашай веры, каб перамагчы прапановы д’ябла і аднавіць у сабе Божы вобраз, паводле якога мы створаны (пар. Быц 1, 26).

Гэтаму спрыяе Вялікі Пост – адпаведны час, каб прызнаць свае грахі, адмовіцца ад шкодных звычак, выдаліць карані эгаізму, абыякавасці, нянавісці, гвалту, крывадушнасці, паклёпу, пошуку задавальненняў, прагавітасці, жадання прысваення і эксплуатацыі маёмасці іншых і т. п. Гэта час замяніць паталогіі нашага жыцця маральнай сумленнасцю. 

Падчас Вялікага Посту мы павінны вярнуцца да ідэнтычнасці Божых дзяцей з мэтай перайсці ад духоўнай смерці да ўваскрасення і жыцця.

5.      Сёлетні Вялікі Пост мы перажываем у Юбілейным годзе надзеі, які з’яўляецца спрыяльным часам для пераасэнсавання нашага жыцця, навяртання і паяднання з Богам. Ці належным чынам выкарыстоўваем яго? Нездарма Святы Айцец Францішак у Пасланні на Вялікі пост 2025 года задае сутнаснае пытанне: “Ці ёсць у мяне перакананне, што Бог даруе мае грахі? Або я паводжу сябе так, быццам бы магу збавіцца самастойна? Ці імкнуся я да збаўлення і заклікаю дапамогу Бога, каб прыняць яго? ” (ПВП-25).

Езус кажа, што без Яго мы нічога не зможам зрабіць (пар. Ян 15, 5). Каб адчуць Яго дапамогу, неабходна выкарыстаць магчымасці, якія нам прапануе Вялікі Пост: малітва, міласціна і пост – “тры слупы” гэтага часу.

Малітва. Святы апостал Павел заклікае да няспыннай малітвы (пар. 1 Тэс 5, 16), каб дзякаваць Богу за Яго дары і ласкі, перапрашаць і прасіць дапамогі. Без малітвы няма сапраўднай рэлігіі.

Нярэдка можна пачуць мяркаванне: “Я не малюся, бо мне не хочацца”.  У справе малітвы нельга кіравацца толькі пачуццямі або настроем. Мы цалкам залежныя ад Бога і таму малітва праслаўлення, удзячнасці, перапрашэння і просьбы з’яўляецца нашым абавязкам. Вялікі пост павінен стаць часам інтэнсіўнай малітвы, калі мы адкладаем свае зямныя справы на другі план і звяртаемся да Бога, каб лепей адчуваць Яго любоў да нас.

Малітва не вызваляе нас ад штодзённых заняткаў і не з’яўлецца наркотыкам, які адрывае ад рэчаіснасці, але вядзе да Бога і чыніць нас больш адказнымі ў выкананні нашых рэлігійных і прафесійных абавязкаў. 

Міласціна. Усе людзі з’яўляюцца дзецьмі аднаго Бога, братамі і сёстрамі. Існуе цесная сувязь паміж любоўю Бога і любоўю бліжняга. Нельга любіць Бога, якога не бачым, калі не любім бліжняга, якога бачым (пар. 1 Ян 3-4). Папа Бэнэдыкт XVI у энцыкліцы Deus caritas est (“Бог ёсць любоў”) кажа, што любоў бліжняга вядзе да сустрэчы з Богам, а заплюшчванне вачэй на патрэбы іншых робіць чалавека сляпым (пар. DCE 17)

Быць веруючым далёка не заўсёды азначае быць міласэрным. Аб гэтым красамоўна сведчыць евангельскі аповед аб міласэрным самараніне, калі веруючыя пакінулі пабітага і абрабаванага разбойнікамі чалавека паміраць, а язычнік самаранін паклапаціўся пра яго (пар. Лк 10, 25-35)

Міласціна – гэта не толькі дробны грош, кінуты жабраку, але таксама павага да чалавека, які патрабуе любові. Для многіх зусім не складана ахвяраваць невялікую суму грошай на дабрачынную дзейнасць, але значна цяжэй увайсці ў дыялог з тым, каму ён патрэбны, запытацца аб яго клопатах і перажываннях. Можа быць, гэты чалавек матэрыяльна забяспечаны, але хоча ад нас міласціну ў выглядзе ахвяраванага часу, слова суцяшэння. А тут ужо патрабуючым становяцца не толькі абяздоленыя, але таксама кожны з нас.

Папа Францішак у буле Spes non confundit (“Надзея не асароміць”), якой абвясціў Юбілейны 2025 год, заклікае нас не толькі да ўнутранай трансфармацыі, але і да канкрэтных учынкаў міласэрнасці ў адносінах да іншых (пар. SnC 15)

Пост. Пост – гэта ўстрыманне ад ежы ці піцця на нейкі час як пакуты з мэтай духоўнага ўдасканалення. Практыка посту была шырока распаўсюджана ў Старым Запавеце. Выбраны народ часта, асабліва ў час небяспекі, практыкаваў суровы пост для адпушчэння грахоў і атрымання благаслаўлення.

Езус часта гаворыць пра пост і сам дае яго прыклад. Пры гэтым пост, які практыкуюць людзі, паводле Яго слоў, не можа ператварыцца ў паказуху (пар. Мц 6, 16-18).

У чым сіла паста? Чалавек па сваёй прыродзе слабы і часта трапляе ў палон сваіх інстынктаў. Слабавольнаму складана абмежаваць сябе ў ежы. Таму той, хто перамагае свае прагненні, становіцца на шлях духоўнага росту. 

6.      Падчас Вялікага Посту неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на традыцыйную практыку Крыжовага шляху, спеву Песняў жальбы, пакутных набажэнстваў і сакрамэнту пакаяння, у якім шчодра праяўляецца Божая міласэрнасць. У ім мы дазваляем Хрысту вызваліць нас з палону граху, вылечыць раны сэрцаў, падняць і абняць, каб спазнаць Яго далікатнае і спагадлівае аблічча (пар. SnC 23). 

Вялікай ласкай з’яўляюцца адпусты, якія мы можам атрымаць у гэтым Юбілейным годзе, наведваючы рымскія юбілейныя базылікі або юбілейныя касцёлы ў нашай Айчыне. 

Сакрамэнтальнае паяднанне і адпусты – гэта ўнікальная магчымасць змяніць наша жыццё і ўмацаваць веру. Яны не зменяць мінулага, бо яно не вернецца, але могуць змяніць будучыню.

У сувязі з гэтым варта ўспомніць класіка беларускай літаратуры паэта Рыгора Барадуліна, 90-годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца сёлета. У адным са сваіх вершаў ён піша, што надвор’е стомленай душы прагнозу не паддаецца (пар. КА, с. 12). Сапраўды, стан душы не паддаецца чалавечаму прагнозу, але залежыць ад нашых адносін з Богам.

7.      Вялікі Пост – гэта вельмі добрая нагода, каб прыглядзецца да нашага грэшнага жыцця з мэтай выправіць яго. Ці наша жыццё не засяроджваецца на зямной славе, якая прамінае? Ці матэрыяльныя каштоўнасці і задавальненні не з’яўляюцца нашымі багамі, якім мы пакланяемся? 

Святы Ян Павел ІІ кажа, што “чалавек вялікі не тым, чым валодае, а тым, чым ён ёсць; не тым, што мае, а тым, чым дзеліцца з іншымі”. Пажар ў Лос-Анджэлесе ў студзені бягучага года ў імгненні вока знішчыў вілы найбагацейшых артыстаў Галівуда, якія зневажалі Бога. У барацьбе з агнём ім не дапамагло багацце, якое перамянілася ў попел. 

8.      Адзін чалавек хацеў прадаць стары занядбалы будынак, у якім былі выламаны дзверы, выбіты вокны, паўсюль было поўна смецця. Гаспадар абяцаў яго адрамантаваць і прывесці ў парадак. На што кліент сказаў, што купіць яго, каб разбурыць і пабудаваць новы.

Час Вялікага Посту – гэта адпаведны час разбурыць стары будынак нашага грэшнага жыцця і пабудаваць новы. Грэх аслабляе нашае духоўнае жыццё. Але дзякуючы практыкам малітвы, міласціны, посту і сакрамэнту пакаяння мы ўмацоўваем наш дух і становімся больш радыкальнымі ў барацьбе са спакусамі злога, каб стаць новымі людзьмі, якія на Вялікдзень радасным Аллелюя прывітаюць Змёртвыхпаўсталага Пана.

На гэты шлях, давяраючы ўсіх вас апецы Марыі – Маці Міласэрнасці, – ад усяго сэрца благаслаўляю
ў імя + Айца, + і Сына, + і Духа Святога. 

+ Тадэвуш Кандрусевіч
Арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 2 сакавіка 2025 года
Восьмая Звычайная нядзеля

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

  1. Другі Ватыканскі Сабор. Пастырская канстытуцыя пра касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes (GS).
  2. Бэнэдыкт XVI. Энцыкліка Deus caritas est (DCE).
  3. Францішак. Була Spes non confundit (SnC).
  4. Францішак. Пасланне на Вялікі пост 2025 года (ПВП-25).
  5. https://www.vatican.va/content/john-paul-ii/en/speeches/1981/february/documents/hf_jp-ii_spe_19810218_manila-poveri-tondo.html.
  6. https://deon.pl/po-godzinach/czy-dziela-boze-robia-sie-same,282561.
  7. https://www.thesocialbeing721.com/2015/05/24/an-interesting-fact-about-the-palm-tree/.
  8. https://www.pinterest.com/pin/673710425502456766/.