Пастырскае слова арцыбіскупа Юзафа Станеўкага на ўспамін святых Яўхіма і Ганны, бацькоў Найсвяцейшай Панны Марыі
- 22 ліпеня, 2026
- Фота: Adam Ján Figeľ // Catholicminsk.by
Ва ўспамін святых Яўхіма і Ганны і на VI Сусветны дзень бабуль, дзядуль і пажылых людзей Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Старшыня ККББ, кіруе вернікам сваё пастырскае слова.
Пастырскае слова Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
арцыбіскупа Юзафа Станеўскага ва ўспамін святых Яўхіма і Ганны
і на VI Сусветны дзень бабуль, дзядуль і пажылых людзей
Марыю Дзеву нарадзіла Ганна,
Так споўнілася слова прадказання.
І свет, які знаходзіўся ў смутку,
Зноў мае радасць.
(з Гімна на Нешпары 26 ліпеня).
Умілаваныя браты і сёстры!
Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае ўспамін святых Яўхіма і Ганны, бацькоў Найсвяцейшай Панны Марыі. Пра гэтых святых, якіх лічаць бабуляй і дзядулем Езуса, на старонках Святога Пісання мы не знойдзем звестак. Існуе аднак шмат інфармацыі ў апакрыфічнай літаратуры — літаратуры, якая распавядае пра Езуса і пра Евангеллі, але не прызнаная Касцёлам натхнёнай і не прынятая ў канон святых кніг.
Сярод тэкстаў, якія апавядаюць пра бацькоў Панны Марыі, асаблівае значэнне мае Протаевангелле Якуба, напісанае прыкладна ў сярэдзіне II-га стагоддзя. У ім падрабязна апісваюцца абставіны нараджэння Марыі, апавядаецца пра тое, што ў Яе праведных бацькоў, Яўхіма і Ганны, доўгі час не было дзяцей, а гэта тады лічылася праклёнам. Яны працягвалі маліцца і прасіць Бога аб нараджэнні дзіцяці, хоць былі ўжо пажылымі. Бог, бачачы іх адданую веру, благаславіў іх сужэнства дарам Беззаганнага Зачацця Марыі — Маці Уцелаўлёнага Слова — Езуса Хрыста.
У некаторых апокрыфах напісана, што Яўхім пасля нараджэння дачкі неўзабаве памёр, а святая Ганна дажыла да глыбокай старасці. Ці Ганна магла бачыць Езуса — Таго, каго чакалі пакаленні ізраільцян? На жаль, мы гэтага не ведаем.
Святы Ян Дамаскін, кажучы пра бацькоў Марыі, сцвярджаў, што мы ведаем пра іх жыццё толькі тое, што плодам гэтага жыцця была Найсвяцейшая Дзева Марыя, Маці Езуса, але ён падкрэсліваў святасць Яўхіма і Ганны: «О шчаслівыя Яўхім і Ганна, беззаганныя сужэнцы! — гаварыў ён у сваім казанні. — Вы так вялі сваё жыццё, каб яно было мілае Богу і годнае той, якая нарадзілася ад вас. Сваім святым і чыстым жыццём вы нарадзілі пярліну дзявоцтва, вы нарадзілі на свет тую, якая, не ведаючы мужа, стала Маці Бога. Вы, жывучы ў пабожнасці і святасці, нарадзілі на свет Дачку, больш дасканалую за анёлаў, якая цяпер з’яўляецца Каралевай Анёлаў». З апокрыфаў мы даведваемся, што Марыя нарадзілася ў праведнай сям’і, дзе атрымала добры прыклад пабожнасці і пакоры. Маці Марыі, святая Ганна, не толькі вучыла, расказвала Ёй шмат біблійных гісторый, але і выхоўвала Яе ўласным прыкладам.
З самых першых вякоў хрысціянства святую Ганну вернікі лічылі нястомнай заступніцай перад Богам, якая спачувала і разумела іх цяжкае становішча.
Крыніцай гэтай радасці з’яўляецца не толькі нараджэнне Найсвяцейшай Панны Марыі, але і самі абяцанні, абвешчаныя і выкананыя Богам. Святая Ганна звязаная натуральным чынам не толькі са сваёй дачкой, Найсвяцейшай Паннай Марыяй, але і з Яе Боскім Сынам. Сёння мы ўшаноўваем святую Ганну, бо праз сваю натуральную сувязь з Марыяй, маці якой яна была, сваім звычайным жыццём яна выканала сваё мацярынскае пакліканне і місію.
Святы Ян Павел II назваў святую Ганну своеасабліваю сувязною паміж пакаленнямі, апякункай выхавання і сямейнага жыцця. Праз яе заступніцтва пантыфік заклікаў таксама маліцца да Бога аб еднасці, адказнасці і салідарнасці пакаленняў у веры і ў жыцці верай.
Безумоўна, хтосьці можа заблудзіцца, сысці з праведнага шляху. Але і тады важна, каб — як марнатраўны сын — дзеці ведалі, куды вярнуцца. Яўхіма і Ганну мы ўшаноўваем як апекуноў сужэнстваў, асабліва тых, якія моляцца аб патомстве, як заступнікаў усіх бацькоў, што клапоцяцца пра хрысціянскае выхаванне сваіх дзяцей, а таксама як апекуноў усіх бабуляў і дзядуляў, бо яны мелі незвычайнага ўнука — Езуса Хрыста.
Святкаванне ўрачыстасці святой Ганны і святога Яўхіма супадае з VI Сусветным днём бабуль, дзядуль і пажылых людзей, устаноўленым Папам Францішкам. Святы Айцец Леў XIV дэвізам свайго сёлетняга Паслання да пажылых людзей выбраў словы прарока Ісаі: «Я не забуду пра цябе» (Іс 49,15).
Папа зазначае ў Пасланні:
Адсюль, Папа Леў XIV у сваёй першай энцыкліцы кажа: «У эпоху, якая мае тэндэнцыю да паскарэння і фрагментацыі, чалавечаму целу надалей патрэбны клопат і прызнанне ад (бліжніх), рукі якіх здольныя быць чулымі, розум — уважлівым і здольным на добрыя словы. Лічбавая культура памнажае сувязі і адкрывае новыя магчымасці для сустрэчы; аднак сэрца чалавека захоўвае неад’емную патрэбу ў блізкасці».
Святкаванне Сусветнага дня пажылых людзей — гэта магчымасць зноў адкрыць для сябе той факт, што Касцёл пакліканы быць маці ўсіх, і што ў любым узросце мы можам адчуваць сябе сынамі і дочкамі Бога.
«Прынясіце ім — разам з гэтым пасланнем і сваёй прысутнасцю — заахвочае Пантыфік, — блізкасць і цяпло Папы. Зрабіце так, каб словы прарока “Я не забуду пра цябе” прынялі форму чулай і сардэчнай сустрэчы».
Браты і сёстры! Сапраўды, такія сустрэчы будуць карыснымі і для пажылых, і для моладзі, бо жыццё Касцёла і свету па-сапраўднаму можна зразумець толькі праз пераемнасць пакаленняў. Гавораць, што слабасць пажылых патрабуе сілы маладых людзей, а каб мудра планаваць будучыню, моладзі патрэбна сведчанне старэйшых. Колькі разоў нашы бабулі і дзядулі былі для нас прыкладам веры і пабожнасці, мужнасці і самаахвярнасці, нязломнай веры і вытрымкі ў выпрабаваннях! Многія з нас могуць успомніць сведчанне сваіх дзядуль і бабуль, якія далі нам прыклад хрысціянскіх паводзінаў і малітвы.
На працягу існавання чалавецтва Бог шмат разоў выбіраў пажылых людзей, даручаючы ім тую ці іншую місію: напрыклад, Майсей, якога Бог паклікаў вызваліць свой народ, меў тады ўжо 80 гадоў. Такім чынам,
Святы Ян Павел ІІ, які сам дасведчыў слабасці і нямогласці ў старасці, падкрэсліваў: «Вельмі важна, каб мы зірнулі на ўсё жыццё з правільнай перспектывы. Адпаведная перспектыва — гэта вечнасць, і кожны этап жыцця з’яўляецца важнай падрыхтоўкай да яе. Старасць таксама адыгрывае пэўную ролю ў гэтым працэсе паступовага даспявання чалавека, які накіроўваецца ў вечнасць.
Пажылыя людзі з’яўляюцца «новым народам», як назваў старэйшае пакаленне Папа Францішак. І гэты «новы народ», па словах Святога Айца Льва XIV, заўсёды можа распачаць аднаўленне свайго духоўнага жыцця.
Заахвочваю вас, дарагія бабулі і дзядулі, дарагія пажылыя вернікі, даверыцца Пану Богу, а таксама працягваць перадаваць веру не толькі сваім унукам, але дзяліцца сваім сведчаннем з усімі, каго сустрэнеце. Няхай наша сённяшняя апякунка святая Ганна, маці Марыі і бабуля Езуса, нагадвае нам пра тое, як важна перадаваць веру ў нашых сем’ях, бо вера бацькоў, бабуль і дзядуль — гэта падмурак, на якім будуецца вера дзяцей і ўнукаў — будучыні Касцёла і свету. Няхай святая Ганна заступаецца за нашыя сем’і і выпрошвае для нас ласку сапраўднай веры і вернасці хрысціянскім каштоўнасцям.
Малюся, каб у вашых сем’ях заўсёды панавалі згода, любоў і вернасць, а таксама ад усяго сэрца благаслаўляю: у Імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
22 ліпеня 2026 года
Свята святой Марыі Магдалены