Skip to main content

Арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у Гудагайскім фэсце 2026

18-19 ліпеня
  • 21 ліпеня, 2026
  • Тэкст: кс. Павел Эйсмант / Фота: Дар’я Токарава, Ірэна Ахрамовіч, Марыя Ахрамовіч // Паводле: Catholic.by // Catholicminsk.by

18 ліпеня, у суботу — дзень, прысвечаны Марыі, — у санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Гродзенская дыяцэзія, Астравецкі дэканат), у якім нясуць служэнне айцы кармэліты босыя, вячэрняй святой Імшой на палявым алтары распачаўся чарговы фэст Божай Маці Шкаплернай. Ва ўрачыстым святкаванні ў гэты і наступны дзень прыняў удзел арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Напачатку кусташ санктуарыя і пробашч парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі айцец Аркадзь Куляха OCD прывітаў усіх прысутных: галоўнага цэлебранта — арцыбіскупа эмэрыта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча, які сёлета адзначыў сваё 80-годдзе і 45-годдзе прэзбітэрскага пасвячэння, біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя, біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, прысутных святароў і законных асоб.

Кусташ таксама прывітаў вернікаў, якія прыбылі ў дыяцэзіяльны санктуарый на аўтамабілях, аўтобусах, матацыклах і роварах з розных мясцін Беларусі: Заслаўя, Нарачы, Мінска, Ашмянаў, Воранава, Солаў, Іўя, Стоўбцаў, Барысава, Ліды, Смаргоні, Жлобіна, Нясвіжа, Росі і Брэста. Не застаўся без яго ўвагі і новы музычны калектыў, які ўпрыгожыў літургію. Гэты хор, па словах кусташа, «сабраўся літаральна некалькі тыдняў таму» і атрымаў назву «хор Гудагайскага фэсту». Цікава, што дырыжорам хору з’яўляецца законная сястра Вераніка — кармэлітка ад Дзіцяткі Езуса, якая мае адпаведную музычную адукацыю.

У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што, жывучы ў шалёным рытме сучаснасці, сённяшні чалавек мае патрэбу ў далёкіх ад мітусні і шуму штодзённага жыцця месцах, каб знайсці сэнс свайго жыцця. У Гудагайскім санктуарыі, па яго словах, мы вучымся у Марыі, як быць Яе духоўнамі дзецьмі, каб задаволіць духоўны голад сучаснага чалавека.

Арцыпастыр таксама прадставіў гісторыю шкаплера і яго культ ва ўсім свеце і ў Беларусі.

Паводле Марыі, шкаплер з’яўляецца знакам сілы і прывілеем выбаўлення аб пекла. Ён таксама з’яўляецца знакам выратавання ў небяспеках, запаветам міру і вечнага шчасця.

Ён узгадаў таксама словы вялікага прыхільніка шкаплера, святога Яна Паўла ІІ, які казаў, што гэты знак прадстаўляе дзве праўды:

  • першая — гэта клопат Найсвяцейшай Панны Марыі пра чалавека як на шляху яго жыцця, так і падчас пераходу ў вечнасць;
  • другая — гэта ўсведамленне таго, што адданасць Марыі не абмяжоўваецца малітвай, але павінна вызначаць напрамак хрысціянскага жыцця, заснаванага на малітве, удзеле ў сакрамэнтах і ў справах міласэрнасці для душы і цела.

«Трэба памятаць, што шкаплер аўтаматычна не ратуе і не вызваляе ад намаганняў у барацьбе са злом. Яго эфектыўнасць залежыць ад унутранай прыстасаванасці чалавека, яго жывой веры, стараннасці ў працы над сабой і практыкі любові да блізкіх»,

— папярэдзіў слухачоў прамоўца.

«Чаму наша марыйная пабожнасць не перакладаецца на штодзённае жыццё? Чаму мы не сведчым аб тым, што Бог на першым месцы? — з нотай дакору ў голасе запытаўся іерарх. — Мы павінны быць соллю зямлі. А ці такімі з’яўляемся? Калі соль выветрыцца, яна ўжо нікому не патрэбна. Калі нашае хрысціянства выпаруе, то яно, замест сведчання, станецца антысведчаннем. Мы павінны быць святлом свету. А ці мы ім з’яўляемся? Святло рассейвае цемру. Святло нашага хрысціянскага жыцця павінна рассейваць грахоўную цемру сучаснасці. Мы павінны быць сведкамі Хрыста і Яго Евангелля ў штодзённым жыцці».

«Дык чаму ж мы слухаем і апладзіруем тым, хто не толькі абыякавы да Бога і Касцёла, але можа нават адкідае праўды веры? — працягваў ён. —

Мы, як вернікі, абавязаны абараняць веру і прысутнасць Бога ў свеце, у якім мы жывем. Калі мы толькі ў касцёле і падчас малітвы з’яўляемся вернікамі, а па-за касцёлам жывём як язычнікі, то Хрыстус і Яго Маці Марыя з’яўляюцца для нас толькі імгненнай прыгодай і прыемнай абалонкай, а не сэнсам нашага існавання».

«Той, хто верыць, ніколі не будзе самотны — ні пры жыцці, ні пры смерці, бо з ім Хрыстус, Які ёсць дарога, праўда і жыццё», — сцвердзіў прамоўца.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў сваю гамілію наступнім заклікам да Маці Божай Шкаплернай:

«Марыя, Ты — непераўзыдзены прыклад даверу да Бога і вернасці яго слову. Ты абрала Гудагай, каб адсюль выпрошваць патрэбныя людзям Божыя ласкі. Праз малітву святога шкаплера выслухай нас, якія з даверам і верай просім тваёй дапамогі ў складаны час нашай гісторыі. Выпрасі ў свайго Сына Езуса Хрыста ласку быць соллю зямлі і святлом свету, сапраўднымі сведкамі Евангелля і хрысціянства дзеля хвалы Бога і збаўлення свету».

У нядзелю 19 ліпеня апоўдні прайшла ўрачыстая святая Імша на заканчэнне традыцыйнага Гудагайскага фэсту. Эўхарыстыю ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Арцыпастыр прывітаў вернікаў на розных мовах: рускай, польскай, літоўскай, англійскай і італьянскай, падкрэсліўшы прынцып «адзінства ў разнастайнасці» — розныя па нацыянальнасці і мове людзі ўтвараюць адзін Божы народ, адзін Касцёл.

У гаміліі іерарх зазначыў, што сёлетняе святкаванне мае асаблівае значэнне, таму што адбываецца ў 35-ю гадавіну адраджэння іерархічных касцёльных структур і заснавання Гродзенскай дыяцэзіі, з чым ён павіншаваў біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя, а таксама ў юбілей 775-годдзя з таго часу, калі з рук Божай Маці святы Сымон Сток атрымаў шкаплер, з чым павіншаваў кусташа і ўсіх прысутных. Ён таксама адзначыў:

«Шкаплер ― гэта марыйны шчыт, які абараняе нас ад небяспекаў і пагроз, што знаходзяцца перад намі і за намі».

«Нашаму народу ўласцівы вялікі культ Марыі, дзякуючы якому ён атрымлівае духоўныя і зямныя даброты. На праслаўленні Марыі мы вучымся культуры суіснавання і духоўнай чуласці, — навучаў арцыпастыр. — Народы становяцца вядомымі і моцнымі дзякуючы веры ў Бога, адзінству і ахвярнай любові. Гісторыя ведае шмат прыкладаў, калі багатыя, адукаваныя і культурныя нацыі знікалі з гісторыі, таму што ім не хапіла сілы духа і волі жыць згодна з маральным законам».

Затым, звяртаючыся да прысутных на ўрачыстасці і да ўсіх, каго закране яго слова, прамоўца папярэдзіў: «Сёння мы з’яўляемся сведкамі спаборніцтва за лад жыцця без Бога, без этыкі і без маральных прынцыпаў. А гэта шлях у нікуды».

Арцыпастыр, гледзячы на сучасныя праблемы з тэалагічнага пункту гледжання, сцвердзіў, што паталогіі сучаснасці вынікаюць з глыбокага крызісу веры, які, у сваю чаргу, праяўляецца ў крызісе сям’і, пераказу і захавання Божага дару жыцця, маральнасці, узаемнай любові, міласэрнасці, захавання міру і сацыяльнай справядлівасці, і г.д.

Ён выразіў перакананне, што праз Марыю Бог узяў беларускі народ пад сваю абарону і на працягу гісторыі апекаваўся ім, асабліва падчас войнаў, трагедый і ганенняў на веру.

Багаццем нашага Касцёла і Айчыны, нагадаў ён, з’яўляецца народ, які не страціў веры ў часы ганенняў, і які ў часы секулярызму, маральнага рэлятывізму і рэлігійнай абыякавасці, змагаецца за яе чысціню. У апоры на гэта арцыбіскуп Тадэвуш даў слухачам «ключ» вырашэння праблем сучаснасці:

«Перспектыва маральнага адраджэння нацыі крыецца ў нас саміх. Не трэба разглядацца па баках і шукаць вінаватых у маральным крызісе. Неабходна распачаць ад навяртання саміх сябе».

«Не трэба рабіць выгляд, — працягваў ён, — што мы не бачым, як агрэсіўны секулярызм выціскае веру з публічнай сферы жыцця. Патрабаванне сучаснасці — гэта евангельскі радыкалізм, які заклікае паглыбіцца ў праўду Евангелля і сведчыць пра яе ў сучасным свеце».

Абнаўленне і сіла Касцёла, звярнуў увагу прамоўца, не вынікаюць з прыняцця лібералізму ці кансерватызму, бо ні адно, ні другое не дапамагае чалавеку і не ўмацоўвае яго веру. Трэба пазнаваць Хрыста, які ёсць дарогай, праўдай і жыццём (пар. Ян 14, 6) і адзіным Збаўцам свету.

«Сучасны свет перажывае жудасны грахоўны пажар, адкуль нас можа выратаваць толькі Езус, да Якога нас вядзе Марыя. Наша сіла заключаецца ў адзінстве з Ім»,

— падказаў арцыпастыр.

Сваю гамілію арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў ускліканнем: «Марыя, Маці Божая Шкаплерная! Барані нас ад сучасных тэндэнцый секулярызму, будзь нам Маці надзеі, нават насуперак надзеі, і вядзі да свайго Сына — адзінага Збаўцы свету.

«Беларусь! Не бойся стаць пад крыжам выпрабаванняў сучаснасці, бо пад ім Марыя – наша духоўная Маці! Разам з ёй скажы Богу “Так”, і Ён будзе табе благаславіць».

Затым было зроблена некалькі аб’яў, між іншым, пра магчымасць набыцця новага агульнабеларускага спеўніка, а таксама каляровай кнігі па-беларуску пра жыццё і дзейнасць галоўнага цэлебранта святой Імшы — арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча аўтарства сястры Марцэліны Мігач ISSM. Як і прадбачвалася, па саму кнігу, як і па аўтограф, да арцыбіскупа і да яе аўтара выстраілася вялікая чарга.

Перад удзяленнем пастырскага благаслаўлення арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выканаў сваё абяцанне, а нават, можна сказаць, перавыканаў: замест аднаго распавёў ажно тры «касцёльныя» жарты з павучальным зместам. Гэтым запамінальным момантам і благаслаўленнем завяршылася святкаванне Гудагайскага фэсту.