Skip to main content

Свяціць Божай любоўю: свята для дзяцей адбылося ў Стоўбцах

29 жніўня
  • 1 верасня, 2026
  • Тэкст і фота: Ганна Бычынская // Catholicminsk.by

У суботу 29 жніўня ў касцёле святога Казіміра ў Стоўбцах праграмай для дзяцей «Апошні дзень лета» распачаўся тыдзень Маці Божай Суцяшэння.

З удзелам дзяцей адбылася святая Імша. Дзеці дружна спявалі пад акампанемент гітары, а ксёндз Кірыл Бардонаў, са свечкай у руках, прывітаў дзяцей і іх бацькоў, растлумачыўшы яе неабходнасць падчас Імшы:

«Сёння ў Касцёле асаблівы дзень успамін мучаніцтва святога Яна Хрысціцеля. Ён, як і свечка, быў святлом, ліхтарыкам для людзей. Святы Ян вучыў усіх жыць паводле Божых правілаў: казаць праўду, быць адважнымі, ніколі нікога не крыўдзіць, заступацца за пакрыўджаных. Свяцільня, якая гарыць і свеціць — так святога называў Езус Хрыстус. Калі вы дапамагаеце маці, дзеліцеся цацкамі ці суцяшаеце таго, хто плача, — вы свеціце Божай любоўю».

Пасля Імшы валанцёры парафіяльнай суполкі Caritas правялі для дзяцей забаўляльную праграму з песнямі, танцамі, конкурсамі, арганізавалі для іх салодкі стол, а сёстры Юзэфа і Тэрэса запісалі дзяцей на катэхізацыю.