Пастырскае слова арцыбіскупа Юзафа Станеўскага ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Бялыніцкай
- 4 верасня, 2026
- Catholicminsk.by
Напярэдадні ўспаміну Найсвяцейшай Панны Марыі Бялыніцкай, у 265-ю гадавіну каранацыі цудадзейнага Бялыніцкага абраза папскімі каронамі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе вернікам сваё слова.
Пастырскае слова
Арцыбіскупа Юзафа Станеўскага,
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага,
ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Бялыніцкай
з нагоды 265-й гадавіны каранацыі папскімі каронамі
«Над Магілёўскім краем
сонцам ззяе надзеі знак — Маці Божай Бялыніцкі абраз»
(з гімна да Маці Божай Бялыніцкай)
Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце!
І вось настаў час чарговай марыйнай урачыстасці на беларускай зямлі — Бялынічы. У гэтыя прыгожыя восеньскія дні Марыя ў цудадзейным Бялыніцкім абразе вітае пілігрымаў — верны люд беларускай сям’і, згодна з выказваннем: Касцёл і Дзяржава — гэта сям’я сем’яў.
Мае дарагія. Сёння Божы народ сабраўся ў гістарычнай мясцовасці Бялынічы, што на Магілёўшчыне, каб падзякаваць Богу за 265 гадоў з дня каранацыі папскімі каронамі цудадзейнага абраза Маці Божай Бялыніцкай і за 35 гадоў адраджэння ў Беларусі касцёльных структураў.
І менавіта дзякуючы шматлікім цудам праз заступніцтва Багародзіцы ў Яе слынным абразе Бялынічы сталі называць «скарбніцаю Божых ласкаў», як зазначаў брат капуцын Навакоўскі ў сваёй гістарычнай працы, прысвечанай менавіта гэтаму цудоўнаму абразу.
Браты і сёстры. Пра гісторыю ўзнікнення абраза Маці Божай Бялыніцкай, пра яго лёс вы, напэўна, чыталі ў шматлікіх публікацыях, а таксама ў інтэрнэт-прасторы, асабліва на партале catholic.by, што былі змешчаны нядаўна і аўтарамі якіх з’яўляюцца біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, адказны за Магілёўскі рэгіён нашай архідыяцэзіі, і пробашч парафіі ў Бялынічах ксёндз Юзаф Сярпейка.
З гістарычных крыніц мы ведаем, што абразу Маці Божай Бялыніцкай і прыгожаму касцёлу, які тут быў узведзены, прысвечаны не толькі артыкулы і навуковыя працы, але і паэтычныя творы. Наша зямлячка, паэтка ХІХ стагоддзя Габрыэля Пузыня, якая ўмела любіць Бога і бліжняга, прысвячала свае творы Маці Божай, а Бялынічы назвала «тронам Марыі». Мы радуемся, што паэтычная традыцыя аб Бялыніцкім абразе працягваецца і сёння. Беларуская паэтка Данута Бічэль прысвяціла гэтаму цудадзейнаму абразу цудоўны верш, у якім саткана ўся яго гісторыя і змешчаны зварот-заклік: «Маці з Божых Бялынічаў, Беларусь яснотай Тваёй асвятлі!»
Можна ўявіць, што падобнымі словамі прасілі заступніцтва Багародзіцы на працягу многіх стагоддзяў шматлікія пілігрымы, якія скіроўваліся летам і зімою ў Бялынічы. Можна таксама ўявіць, як шматлюдна было падчас каранацыі абраза Маці Божай Бялыніцкай 265 гадоў, якая адбылася на палявым алтары каля палаца Агінскіх. Гэтая падзея стала яскравым выразам веры і падзякай Багародзіцы за шматлікія цуды і за Яе нястомную апеку. Тады на тэрыторыі сучаснай Беларусі папскімі каронамі быў каранаваны толькі абраз Маці Божай Жыровіцкай. Абраз Маці Божай Бялыніцкай стаў другім абразом, на які былі ўскладзены папскія кароны.
Узгаданы ўжо брат капуцын Вацлаў Навакоўскі занатаваў ў сваім гістарычным нарысе, што позірк Панны Марыі з цудадзейнага абраза «пранікаў у душу, уліваючы веру, надзею і любоў».
Мае дарагія. Найсвяцейшая Панна выбрала наш край і пажадала застацца з намі ў сваіх абразах, каб суцяшаць нашыя сэрцы і загойваць нашыя душэўныя раны, каб дапамагаць нам у гэтым пілігрымаванні зямнога жыцця і весці нас да свайго Сына Езуса Хрыста. А незлічоныя цуды, якія адбыліся на беларускай зямлі праз заступніцтва Багародзіцы Марыі, сведчаць пра Яе асаблівую апеку над нашым краем і народам.
Мы адзначаем сёння 265-ю гадавіну каранацыі гэтага цудадзейнага абраза. Найсвяцейшая Панна Марыя займае ў гісторыі збаўлення асаблівае месца, вызначанае Божым Провідам. Самая вялікая заслуга Марыі ў тым, што, дзякуючы Яе пакоры і паслухмянасці, дзякуючы Яе fiat падчас Звеставання Яна стала Багародзіцай, Маці Божага Сына. Марыя бачыць нашыя ўзрушаныя сэрцы і прыходзіць да нас так, як калісьці прыйшла да святой Альжбеты. Багародзіца жадае быць з намі побач не толькі ў радасныя і ўрачыстыя моманты, — Яна хоча ўсё нашае жыццё падтрымліваць нас і ў радасці, і ў смутку. Бо як сказана ў дагматычнай канстытуцыі пра Касцёл Lumen Gentium:
Умілаваныя. Святы Людвік Марыя Грыньён дэ Манфор, вялікі шанавальнік Найсвяцейшай Панны Марыі, пісаў пра неабходнасць прысвячэння і шанавання Марыі, асабліва ў апошнія часы: «Менавіта праз Марыю пачалося збаўленне свету, менавіта праз Яе яно павінна завяршыцца. Паколькі Яна — надзейны сродак, а таксама просты і беззаганны шлях да Езуса Хрыста, менавіта праз Яе душы, прызначаныя да святасці, павінны знайсці Езуса. Той, хто знойдзе Марыю, знойдзе жыццё — Езуса Хрыста, які ёсць дарогай, праўдай і жыццём (пар. Ян 14, 6). Але нельга знайсці Марыю, не шукаючы Яго. Нельга Яго шукаць, не ведаючы Яе, таму што ніхто не шукае таго, каго не ведае. Таму трэба, каб Марыя была больш вядомая, чым раней, таксама і ў сваіх святых выявах, дзеля большага пазнання і хвалы Найсвяцейшай Тройцы. Калі ты ўшаноўваеш Марыю, Яна разам з табою праслаўляе і ўшаноўвае Бога». Сапраўды, у Марыі ўсё адносіцца да Бога, таму Яе можна назваць адносінамі Бога ці «рэхам Божым», якое кажа і паўтарае толькі адно: «Бог». Калі ты кажаш: «Марыя», Яна кажа: «Бог». Святая Альжбета праслаўляла Марыю і называла Яе благаслаўлёнай за тое, што Яна паверыла. Марыя, вернае рэха Бога, паўтарыла: «Велічае душа мая Пана». І цяпер Марыя паўтарае гэта кожны дзень. Калі ты Яе любіш, ушаноўваеш і ўсё аддаеш Ёй, тады ты праслаўляеш Бога, любіш Яго, ушаноўваеш і ўсё аддаеш Яму праз Марыю.
Святы Бэрнард з Клерво пакінуў нам своеасаблівы запавет: «Ідучы за Марыяй, ты не заблудзішся; думаючы пра Яе, ты не збочыш з праведнага шляху. Калі Яна будзе ўспамогай, то ты не ўпадзеш; калі Яна будзе апекавацца табою, ты не адчуеш боязі; каля Яна цябе будзе весці і кіраваць табою, ты ніколі не адчуеш стомы. І толькі праз Яе заступніцтва і выпрашаныя ласкі ты дасягнеш мэты — святасці і прабывання з Богам».
У дзень свайго абрання Папа Леў XIV нагадаў словы малітвы да Маці Божай Пампейскай, падкрэсліўшы, што «Марыя заўсёды хоча ісці з людзьмі і дапамагаць ім сваёй любоўю». У маі 2026 года ён таксама здзейсніў пілігрымку ў святыню ў Пампеях, каб даверыць ёй свой пантыфікат.
Шаноўныя браты і сёстры.
Няхай жа Маці Божая Бялыніцкая, якая паставіла свой трон на нашай беларускай зямлі, каб шчодра выпрошваць Божыя ласкі для ўсіх тых, хто з даверам аддаецца Яе матчынаму заступніцтву, вымаліць нам, нашым сем’ям, асабліва для маладога пакалення дар моцнай і непахіснай веры, здольнай супрацьстаяць розным выпрабаванням.
Няхай Яна — Найпрыгажэйшая Жанчына ў Год беларускай жанчыны — дапаможа нашым матулям і дзяўчатам мужна і адважна ісці па гэтым зямным шляху, каб, як Яна, яны заўсёды былі пілігрымамі надзеі і непахіснай веры.
О Бялыніцкая Дзева Марыя!
Беларусі Каралева, Марыя!
Вядзі нас шляхам Твайго Сына.
Браты і сёстры, любыя шанавальнікі Маці Божай у Яе Бялыніцкім абразе, няхай благаслаўляе вас Усемагутны Бог: Айцец, Сын і Дух Святы, а Маці Божая Бялыніцкая ахінае плашчом матчынай апекі.
З дарам малітвы з Бялыніч,
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
26 жніўня 2026 года,
ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Чэнстахоўскай