Skip to main content

Віншаванні арцыбіскупа Юзафа Станеўскага з нагоды пачатку новага 2026/2027 навучальнага і катэхетычнага года

1 верасня
  • 1 верасня, 2026
  • Ілюстрацыйна выява: bdam.by // Catholicminsk.by

З нагоды Дня ведаў і пачатку новага навучальнага і катэхетычнага года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе віншаванні настаўнікам, катэхетам, вучням і ўсім супрацоўнікам сферы адукацыі.

Дарагія святары, законнікі і законніцы, катэхеты, шаноўныя настаўнікі, выхавацелі і, асабліва, вы, дарагія навучэнцы, студэнты і бацькі!

Шчыра віншую вас з гэтым асаблівым днём — 1 верасня, — Днём ведаў, — калі перад намі адчыняюцца дзверы новага 2026/2027 навучальнага і катэхетычнага года.

Пачатак навучальнага года — цудоўны дар ад Бога, новы этап шляху, на якім Пан заклікае нас узрастаць не толькі ў ведах, але і ў веры, мудрасці ды любові да бліжняга.

Божае слова нагадвае нам: «Пачатак мудрасці — валодай мудрасцю і набывай разважлівасць ва ўсякай тваёй маёмасці» (Прып 4, 7). Няхай гэтае прагненне сапраўднага святла ведаў і веры накіроўвае кожнага з вас да сапраўднай крыніцы мудрасці, якой ёсць Бог.

Звяртаючыся да вас, дарагія дзеці і моладзь, хачу нагадаць: вучоба ў школе і катэхеза ў парафіі — гэта не проста абавязак, а захапляльнае падарожжа ў краіну ведаў.

Няхай кожны ўрок, кожная лекцыя і кожная сустрэча на катэхезе набліжаюць вас да пазнання Праўды, якою з’яўляецца сам Хрыстус. Не бойцеся цяжкасцяў, будзьце мужнымі, адкрытымі на дабро і вернымі хрысціянскім каштоўнасцям.

Шаноўныя педагогі, катэхеты і бацькі! Ваша місія — вялікая і адказная праца. Вы пакліканыя не толькі пераказваць веды, але і сведчыць пра жывую веру, сеяць у сэрцах дзяцей насенне любові, надзеі і міласэрнасці. Жадаю вам бязмежнага цярпення, мудрасці, душэўнага спакою і Божай радасці ад вашага служэння.

Давяраю ўсіх вас матчынай апецы Найсвяцейшай Панны Марыі. Няхай Дух Святы напаўняе вашыя сэрцы святлом, натхненнем і руплівасцю ў пазнанні Бога і свету.

Благаслаўляю вас на плённы, мірны і шчаслівы навучальны і катэхетычны год.

З пастырскім благаслаўленнем і малітваю,

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі