Skip to main content

У Мінску з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча пройдзе святкаванне Сусветнага дня пажылых людзей

26 ліпеня
  • 18 ліпеня, 2026
  • Тэкст: Аляксандр Панчанка, кс. Аляксандр Амяльчэня – Vatican News / Фота: кс. Павел Эйсмант // Catholicminsk.by

У нядзелю 26 ліпеня ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбудзецца святая Імша ў рамках святкавання VI Сусветнага дня бабуль, дзядуль і пажылых людзей.

Цэлебрацыю ўрачыстай літургіі ўзначаліць арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Нагадаем, што іерарху сёлета споўнілася 80 гадоў.

Пачатак у 13.00.

Пасля Эўхарыстыі святкаванне працягнецца ва ўнутраным двары мінскай катэдры.

«Я не забуду пра цябе» (Іс 49,15) — так гучыць тэма, якую 10 лютага Папа Леў XIV выбраў для VI Сусветнага дня бабуль, дзядуль і пажылых людзей, каб нагадаць, што нават калі кожны чалавек старэе, любоў Бога да яго не слабее ніколі, паведамляе Беларуская рэдакцыя Vatican News.

«Выбраны радок з Кнігі прарока Ісаі пакліканы стаць пасланнем суцяшэння і надзеі для ўсіх бабуль, дзядуль і пажылых людзей, асабліва для тых, якія жывуць у самотнасці ці адчуваюць сябе забытымі. У той жа час ён з’яўляецца заклікам да сем’яў і касцёльнай супольнасці не забываць пра іх, прызнаючы ў іх каштоўную прысутнасць і благаслаўленне»,

— паведаміла Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця.

У сваім пасланні на гэты дзень, якое было абнародавана 15 чэрвеня, Папа падкрэсліў, што Касцёл пакліканы быць маці для кожнага чалавека ў любым узросце. Ён заклікаў моладзь аднавіць прыгожую звычку наведваць сваіх дзядуль, бабуль і самотных пажылых людзей. Праз сваю прысутнасць маладыя людзі могуць перадаць старэйшым блізкасць і цеплыню.

Сусветны дзень бабуль, дзядуль і пажылых людзей, устаноўлены Папам Францішкам у 2021 годзе, адзначаецца кожную чацвёртую нядзелю ліпеня і з’яўляецца нагодай, каб выказаць пажылым блізкасць Касцёла і адкрыць каштоўнасць іх укладу ў жыццё сем’яў і грамадства. Сёлета яго дата — 26 ліпеня — супадае з успамінам святых Яўхіма і Ганны.