Skip to main content

Заклік Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, да малітвы за дабрадзеяў

7 снежня
  • 4 снежня, 2025
  • Выява ілюстрацыйная // Catholicminsk.by

7 снежня ў ІІ Нядзелю Адвэнту па традыцыі будзе адзначацца дзень малітвы ў інтэнцыі дабрадзеяў і ахвярадаўцаў Касцёла ў Беларусі. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, кіруе да вернікаў заклік аб малітве за іх.

Заклік Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, да малітвы за дабрадзеяў

«Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць» (Мц 5, 7).

Дарагія браты і сёстры!

Многія з нас знаёмыя з існаваннем і дзейнасцю «Рады дапамогі Касцёлу на Усходзе» — гэта арганізацыя, што складаецца з людзей- дабрадзеяў. Большасць з іх застаюцца невядомымі, згодна з евангельскім прынцыпам Езуса: «Калі даеш міласціну, не трубі перад сабою» (Мц 6, 2). Нам жа, людзям, якія атрымліваюць тую ці іншую дапамогу, варта кіравацца словамі святога апостала Паўла, які ў Першым Пасланні да Тэсаланікійцаў заахвочвае вернікаў гэтай супольнасці: «За ўсё дзякуйце» (1 Тэс 5, 18).

Такім чынам, у якасці выразу нашай глыбокай удзячнасці і сувязі з дабрадзеямі заахвочваю вас, дарагія святары і манаскія асобы, вернікі і тыя, хто адчуў дотык дапамогі, да малітвы за дабрадзеяў 7 снежня ў ІІ Нядзелю Адвэнту.

Найпрыгажэйшым спосабам падзякі з’яўляецца цэлебрацыя святой Эўхарыстыі: Эўхарыстыя азначае падзяку.

Браты і сёстры, аб’яднайма нашы малітвы не толькі з тымі, хто нам дапамагае, але і з тымі нашымі братамі і сёстрамі, якія маюць патрэбу ў нашай дапамозе. Асаблівым чынам хочацца папрасіць аб малітве за састарэлых і самотных дабрачынцаў, якія часта могуць даць толькі «лепту ўдавы», але чыя вернасць і любоў з’яўляюцца сапраўдным адлюстраваннем евангельскай парады.

Няхай «Дзень дабрадзеяў» будзе вялікім святам удзячнасці, каб мы яшчэ больш нараджаліся і ядналіся ў любові Сэрца Езуса ў адзіную Божую сям’ю.

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Мінск, 4 снежня 2025 г., Літургічны ўспамін святой Барбары.