Skip to main content

Парафіяльныя місіі прайшлі ў мінскім Кармэлі

З 23 па 30 лістапада

З 23 па 30 лістапада ў мінскай парафіі Божага Цела, якой апякуюцца айцы кармэліты босыя, адбыліся першыя ў гісторыі маладой сталічнай парафіі святыя місіі з мэтай аднаўлення і ўмацавання ў веры. Духоўныя практыкаванні ўзначалілі кармэліты босыя з санктуарыя Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Гродзенская дыяцэзія, Астравецкі дэканат) — айцец Аркадзь Куляха OCD і айцец Казімір Мараўскі OCD. Час святых місій — гэта момант, калі Бог праходзіць праз парафію і людскія сэрцы.

На працягу васьмі дзён айцы місіянеры ў святле Божага слова, навучання Касцёла і ўласнага душпастырскага досведу, разважалі разам з вернікамі пра каштоўнасць веры і святога хросту, пра важнасць малітвы за Касцёл, за церпячых ў чыстцы. Адзін з дзён місій быў прысвечаны сямейнаму жыццю і каштоўнасцям, якія з’яўляюцца фундаментам грамадства і Касцёла. Сужонкі падчас святой Імшы аднавілі сужэнскія абяцанні, благаславілі сваіх дзяцей і маліліся за іх. Хворыя і вернікі старэйшага ўзросту мелі магчымасць прыняцця сакрамэнту намашчэння хворых.

Асобны дзень быў прысвечаны Эўхарыстыі, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і медытацыі. У дзень паяднання вернікі на чале з пробашчам парафіі айцом Юрыем Кулаем OCD дзякавалі Богу за дар новага касцёла, за ўсялякія ласкі ад Бога для парафіі, а таксама праслаўлялі, перапрашалі за грахі і прасілі аб далейшым Божым спрыянні. Асаблівым чынам маліліся да Найсвяцейшай Панны Марыі, якая з’яўляецца пуцяводнай зоркай у дарозе да неба, а таксама магутнай заступніцай праз шкаплер, ружанец і цудоўны медалік.

Асобная ўвага была звернута падчас місій на дзяцей і моладзь, якія, паводле навучання спачылага папы Францішка, як падкрэслілі місіянеры, з’яўляюцца не толькі будучыняй, але і цяперашняй каштоўнасцю Касцёла.

На працягу васьмі місійных дзён вернікі парафіі прыносілі ў святыню падпісаныя вызнанні веры, свечкі з хросту, сямейныя абразы, ружанцы, малітоўнікі, крыжыкі і выявы Маці Божай, каб супольна аднавіць сваю веру, пабожнасць і прасіць Божай дапамогі ва ўсіх справах.

Таксама ўдзельнікі місій прынеслі лісткі з падзякамі, просьбамі, перапрашэннямі і пастановамі, якія былі складзеныя і закапаныя пад новаўсталяваным пры парафіяльным касцёле місійным крыжам на знак памяці пра час місійнай ласкі, дадзенага Богам для ўсёй парафіі Божага Цела.