У Вілейцы ксёндз канонік Аляксандр Барыла адзначыў срэбраны юбілей святарскага пасвячэння
- 3 снежня, 2025
- Фота: Віктар Ведзень / Елізавета Граковіч // Catholicminsk.by
2 снежня пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы ксёндз канонік Аляксандр Барыла адзначыў срэбраны юбілей святарскага пасвячэння.
Урачыстую святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з ім канцэлебравалі Эўхарыстыю арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, ардынарый дыяцэзіі Святога Юзафа ў Іркуцку (Расія) біскуп Кірыл Клімовіч, канонікі Катэдральнага капітула Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і святары — прадстаўнікі розных дыяцэзій Беларусі. Разам з юбілярам маліліся таксама кансэкраваныя асобы і вернікі з Вілейкі і ваколіц, а таксама родныя ксяндза Аляксандра і парафіяне з яго малой радзімы — горада Глыбокае і парафій Глыбоцкага дэканату (Віцебская дыяцэзія).

Напачатку шаноўных гасцей прывітаў сам юбіляр. Ксёндз Аляксандр Барыла асабліва адзначыў ксяндза прэлата Уладзіслава Завальнюка і біскупа Кірыла Клімовіча, якія, будучы пробашчамі ў Глыбокім, былі таксама яго духоўнымі настаўнікамі. Святар узгадаў таксама Мітрапаліта Станеўскага, які быў на душпастырскай практыцы ў парафіях Мосар і Удзела (Віцебская дыяцэзія, Глыбоцкі дэканат), дзе ў той час служыў легендарны святар — ксёндз прэлат Юозас Булька, і паўплываў на распазнанне яго святарскага паклікання, і сённяшніх святароў, з якімі ён служыў пры алтары як міністрант: ксяндза каноніка доктара Яна Крэміса, ксяндза каноніка Андрэя Сіповіча і іншых. Узгадаў юбіляр і памерлых, якія спадарожнічалі яму на святарскім шляху, — свайго роднага брата ксяндза каноніка Дзмітрыя Барылу, а таксама памерлых парафіян з Вілейкі і навакольных парафій, якія ён абслугоўвае як душпастыр.
Гамілію падчас святой Імшы прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Напачатку ён звярнуўся да слоў прарока Ісаі з імшальнага першага чытання, якія абвяшчаюць устанаўленне сакрамэнту пасвячэння. Езус іх адрасуе сабе. Яны таксама акрэсліваюць місію святара — збаўляць чалавецтва.
Арцыпастыр заўважыў, што роль святара вельмі адказная і патрабуе глыбокай сувязі з Хрыстом. Нягледзячы на складанасці яго служэння ў сучаснай секулярнай культуры, ён павінен насіць у сваім сэрцы веру і штодзённа аднаўляць яе ў крыніцы любові Хрыста, каб потым распаўсюджваць яе, як жывую ваду Божай ласкі праз пастырскую паслугу.

Роля святара ў жыцці Касцёла незаменная і яе нельга дэлегаваць іншаму. Касцёл, паводле іерарха, устанаўлівае заданні святара: навучаць, асвячаць і кіраваць Божым народам у служэнні яму.
«Настаўніцкая функцыя заўсёды актуальная, асабліва ў наш час секулярызму, маральнага рэлятывізму, ваўкізму і духоўнай абыякавасці. Сіла абвяшчэння Божага слова паходзіць не ад нас і нашых здольнасцей, але з Божай праўды. Таму непрымальнай з’яўляецца прапанова “хрысціянства па зніжаным кошце” з выкарыстаннем мовы канфармізму і прыстасавання да свецкай секулярнай ментальнасці, што можа прывесці да “хрысціянства нізкай інтэнсіўнасці”, калі заніжаюцца маральныя патрабаванні.
― сцвердзіў арцыбіскуп.
Функцыя асвячэння праз цэлебрацыю сакрамэнтаў, як лічыць прамоўца, з’яўляецца асабліва важнай, бо праз іх веруючыя атрымліваюць патрэбную для іх збаўлення Божую ласку.
Функцыя кіраўніцтва Божым народам павінна выконвацца ў духу служэння. Каб яно было эфектыўным, неабходна ведаць жыццёвую сітуацыю вернікаў.

Ксёндз юбіляр, паводле слоў іерарха, «з радасцю акунаецца ў гісторыю нашага народа як яго заступнік». Ён, згодна з меркаваннем арцыпастыра, «суправаджае даручаных яго пастырскай апецы людзей» і «становіцца для іх жывым Евангеллем, знакам і інструментам міласэрнай любові Бога Айца». Дзякуючы гэтаму святар «набыў заслужаную павагу і аўтарытэт» сярод вернікаў, святароў, кансэкраваных асобаў і жыхароў Вілейкі.
Арцыпастыр падкрэсліў, што юбілей — гэта «адпаведны час для самааналізу і рахунку сумлення, каб папрасіць у Бога прабачэння за магчымыя недахопы ў служэнні», бо «ўсе мы недасканалыя». Гэта таксама адпаведны момант прасіць бласлаўлення на будучае служэнне, «бо без Хрыста мы не зможам зрабіць нічога».
― дадаў ён.
Іерарх звярнуў увагу, што Касцёл у Беларусі «адчувае вострую патрэбу ў святарах як духоўных анестэзіёлагах, каб аблегчыць боль духоўных трагедый і траўм людзей». Сёння, паводле яго, «патрэбныя духоўныя дыетолагі, каб дапамагаць людзям адрозніць духоўна здаровую ежу ад таксічнай». Таксама «патрэбныя духоўныя рэабілітолагі, бо хто з нас не адчувае патрэбы аздараўлення пасля грахоўнай хваробы?»
Прамоўца ўпэўнены, што 25 гадоў служэння Касцёлу ксяндза Аляксандра пацвердзілі яго вернасць вырашэнню гэтых заданняў.
― усклікнуў арцыпастыр.

Дастойны іерарх нагадаў, што ксёндз канонік Аляксандр Барыла стаў святаром у 2000 годзе Вялікага юбілею хрысціянства, які адзначаўся пад дэвізам: «Езус Хрыстус учора, сёння і на вякі Той самы». Срэбраны юбілей святарства ён адзначае ў юбілейным годзе надзеі, які праходзіць пад дэвізам «Пілігрымы надзеі». «Сам будучы пілігрымам, сваім служэннем ён дапамагае людзям стаць пілігрымамі новай надзеі», — сцвердзіў прамоўца.
Гамілію арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў пажаданнем: «У складаны момант сучаснай гісторыі, ксёндз Аляксандр, даверся Хрысту Першасвятару.
“In nomine Domini” ― “У імя Пана” смела ідзі ў новае заўтра і вядзі Божы народ у Нябесны Ерузалем. І няхай благаславіць цябе на гэтым шляху Бог, а Найсвяцейшая Багародзіца апякуецца на многія, святыя і плённыя леты!»
Напрыканцы святой Імшы юбіляр падзякаваў за прысутнасць усім гасцям урачыстасці, а прысутным іерархам і сваім бацькам уручыў прыгожыя кветкавыя букеты.
Пасля гэтага ксяндза каноніка Аляксандра Барылу павіншавалі прадстаўнікі вілейскай парафіі, касцёльнага хору Angeli і парафіяне з ваколіц.

Падымаючы ў сваёй віншавальнай прамове тэму новых пакліканняў, арцыбіскуп Станеўскі, ўручыў юбіляру адмысловы падарунак ― ружанец з Рыма, які благаславіў Папа Леў XIV.

Затым арцыпастыр благаславіў адноўлены намаганнямі пробашча і вернікаў галоўны алтар касцёла.
Пасля пастырскага благаслаўлення іерархаў і супольнага фота індывідуальна павіншаваць юбіляра змог кожны жадаючы.




































