Святары з Беларусі прымуць удзел у міжнародным чэмпіянаце па міні-футболе
- 4 снежня, 2025
- Тэкст і фота: grodnensis.by // Catholicminsk.by
У 2026 годзе беларускія каталіцкія святары прымуць удзел у міжнародным чэмпіянаце па міні-футболе, які пройдзе з 9 па 13 лютага ў Любліне (Польшча). Ужо на працягу некалькіх тыдняў па панядзелках каманда зборнай Беларусі праводзіць інтэнсіўныя трэніроўкі ў спарткомплексе «Лідар» у Навагрудку.
Акрамя спартыўных мэтаў, кожная такая трэніроўка садзейнічае ўсталяванню братэрства паміж удзельнікамі: святары збіраюцца разам, размаўляюць, маюць магчымасць выказваць адзін аднаму падтрымку і ствараць супольнасць, у якой можна будзе адчуваць сябе адной сям’ёй.
Па словах святароў, асаблівай радасцю для іх з’яўляецца ўдзел у гэтых трэніроўках біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя, які разам з іншымі выходзіць на пляцоўку, натхняе іх і падтрымлівае сваім прыкладам дух адзінства і адданасці справе.

Міжнародны чэмпіянат святароў па міні-футболе праводзіцца не толькі з той мэтай, каб дасягнуць найлепшага выніку або заняць высокае месца ў турнірнай табліцы, але і з той, каб стварыць магчымасць для сустрэчы святароў з розных краін, для супольнай малітвы, знаёмства з культурай і традыцыямі краіны, якая арганiзоўвае турнір.
— адзначаюць святары, якія рыхтуюцца да ўдзелу ў чэмпіянаце.
Варта ўзгадаць, што Беларусь ужо была арганiзатарам міжнароднага чэмпіянату па міні-футболе сярод святароў — гэта адбылося ў 2014 годзе ў Лідзе. Тады ў чэмпіянаце ўдзельнічалі 170 чалавек з 13 краін. На той момант біскуп Уладзімір Гуляй быў пробашчам парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе.
— дзеляцца спартоўцы.
Беларусь на міні-чэмпіянаце ў Любліне прадставяць святары з трох дыяцэзій: Гродзенскай, Пінскай і Мінска-Магілёўскай.
Ад Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на міні-чэмпіянат у Люблін паедуць ксёндз канонік Юрый Ясевіч, ксёндз Ян Кузюк, айцец Юрый Находка OCD, айцец Яўгеній Эйсмант SAC, брат Сяргей Гусар OFMCap, ксёндз канонік Франц Рудзь.




