Skip to main content

На пасяджэнні Мінскага катэдральнага капітула абмеркавалі падрыхтоўку да святкавання двух юбілеяў

4 лістапада
  • 5 лістапада, 2026
  • Тэкст: кс. Віктар Гайдукевіч SDB / Фота: з архіва Мінскага катэдральнага капітула // Catholicminsk.by

4 лістапада адбылося чарговае працоўнае пасяджэнне Мінскага катэдральнага капітула святога Міхала Арханёла і Маці Божай Будслаўскай, у якім прыняў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Адным з галоўных пытанняў сустрэчы стала падрыхтоўка да юбілейных урачыстасцяў, запланаваных на 2027 год.

Пасяджэнне распачалося супольнай малітвай, якую ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Звяртаючыся да членаў капітула з уступным словам, Мітрапаліт падкрэсліў значэнне сустрэчы для жыцця і служэння мясцовага Касцёла.

Святкаванне 10-годдзя заснавання Мінскага катэдральнага капітула святога Міхала Арханёла і Маці Божай Будслаўскай плануецца аб’яднаць з яшчэ адным важным для мясцовага Касцёла юбілеем — 30-годдзем рэкансэкрацыі мінскага архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Урачыстасці запланаваны на 21 кастрычніка 2027 года — у гадавіну рэкансэкрацыі святыні, з якой непасрэдна звязана служэнне капітула.

Падчас пасяджэння была прадстаўлена працоўная канцэпцыя святкавання. Члены капітула абмеркавалі яе асноўныя палажэнні, прапанаваную структуру праграмы, а таксама арганізацыйныя і літургічныя аспекты падрыхтоўкі будучых урачыстасцяў.

З мэтай каардынацыі падрыхтоўчых мерапрыемстваў была створана арганізацыйная камісія, старшынёй якой абраны кс. кан. д-р Віктар Гайдукевіч SDB.

У склад камісіі таксама ўвайшлі:

  • кс. кан. Антоній Клімантовіч, дэкан капітула;
  • кс. кан. д-р Ян Крэміс, цырымоніймайстар капітула;
  • кс. кан. Аляксандр Барыла, сакратар капітула;
  • кс. кан. Пётр Шакрко, кусташ капітула;
  • кс. кан. ліц. Дзмітрый Пухальскі, пробашч мінскай архікатэдральнай парафіі.

На камісію ўскладзены задачы па далейшай распрацоўцы праграмы святкавання, размеркаванні абавязкаў, а таксама каардынацыі арганізацыйнай, інфармацыйнай і літургічнай падрыхтоўкі юбілейных урачыстасцяў.

Мінскі катэдральны капітул быў заснаваны ў 2017 годзе. Будучыя ўрачыстасці стануць нагодай падзякаваць Богу за дзесяць гадоў яго служэння, а таксама ўзгадаць аднаўленне галоўнай каталіцкай святыні беларускай сталіцы і мітраполіі, яе вяртанне да паўнавартаснага рэлігійнага жыцця.