У Бялынічах адбылася душпастырская сустрэча духавенства Магілёўскага рэгіёна, прысвечаная малітве за памерлых святароў
- 4 лістапада, 2026
- 4 лістапада
4 лістапада ў парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Бялынічах адбылася чарговая душпастырская сустрэча святароў і кансэкраваных асоб Магілёўскага рэгіёна Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Асаблівасцю лістападаўскай сустрэчы стала супольная малітва за памерлых святароў, якія на працягу свайго жыцця служылі Богу і людзям, а таксама духоўнае разважанне над вернасцю святарскаму пакліканню і адказнасцю за даручаны Божы народ.
Лістапад у традыцыі Каталіцкага Касцёла з’яўляецца асаблівым часам малітвы за памерлых. У гэтыя дні вернікі наведваюць могілкі, узгадваюць сваіх родных і блізкіх, просячы для іх дару вечнага жыцця. Сярод тых, каго Касцёл з удзячнасцю ўзгадвае ў сваіх малітвах, асаблівае месца займаюць памерлыя святары, якія праз абвяшчэнне Божага слова, удзяленне сакрамэнтаў і штодзённае душпастырскае служэнне вялі людзей да Хрыста.
Менавіта ў такім малітоўным і духоўным кантэксце прайшла сустрэча духавенства Магілёўскага рэгіёна, якая сабрала ў Бялынічах святароў і прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў. Узначаліў сустрэчу Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
Тры пытанні, якія Бог задае чалавеку
Сустрэча распачалася ў 11.00 у капліцы парафіі Маці Божай Бялыніцкай супольнай малітвай Літургіі гадзінаў, якую ўзначаліў ксёндз канонік Павел Сідарэнка, магілёўскі дэкан і пробашч парафіі ў Шклове.

У пачатку свайго разважання іерарх нагадаў пра салезіянскую духоўную практыку, вядомую як «практыкаванне добрай смерці», якой асаблівае значэнне надаваў святы Ян Боско.
Біскуп падкрэсліў, што ўсведамленне завяршальнасці зямнога жыцця не павінна выклікаць у хрысціяніна страху, але, наадварот, мае дапамагаць яму адкрываць сапраўдную каштоўнасць кожнага дня і жыць у перспектыве сустрэчы з Богам.
— адзначыў біскуп.
Асаблівую ўвагу прамоўца звярнуў на небяспеку духоўнай руціны, якая можа закрануць таксама святароў і кансэкраваных асоб. Паводле яго слоў, нават пры сумленным выкананні душпастырскіх абавязкаў чалавек можа паступова страціць унутраную свабоду, духоўную чуйнасць і здольнасць слухаць Бога.

Цэнтральнай часткай канферэнцыі стала разважанне над трыма пытаннямі са Святога Пісання, якія дапамагаюць чалавеку ацаніць свае адносіны з Богам, бліжнімі і самім сабой.
Першае пытанне Бог задае Адаму пасля грэхападзення: «Дзе ты?» (Быц 3, 9). Як патлумачыў біскуп, гэтае пытанне датычыцца не геаграфічнага месцазнаходжання чалавека, але яго ўнутранага стану і адносін з Богам. Для святара яно набывае асаблівае значэнне, бо заклікае сумленна спытаць сябе, ці застаецца ён верным першапачатковай любові да Хрыста і ці не ператварылася яго служэнне ў звычайнае выкананне абавязкаў.
Другое пытанне Бог скіроўвае да Каіна: «Дзе брат твой?» (Быц 4, 9). Яно нагадвае пра адказнасць за іншага чалавека, пра братэрскую любоў і ўдзячнасць тым, хто суправаджае нас на жыццёвым шляху. Біскуп звярнуў увагу, што часам чалавеку лягчэй гаварыць пра братэрскую любоў, чым праяўляць яе ў канкрэтных учынках, першым зрабіць крок да прымірэння або выказаць удзячнасць. «Усведамленне гэтага нараджае ўдзячнасць, а ўдзячнасць робіць сэрца больш адкрытым на Бога і на чалавека», — падкрэсліў іерарх.
Трэцяе пытанне ўваскрослы Хрыстус задае апосталу Пятру: «Ці любіш ты Мяне?» (пар. Ян 21, 17). Гэтае пытанне, паводле біскупа, знаходзіцца ў самым цэнтры святарскага і кансэкраванага паклікання. Яно нагадвае, што асновай адносін чалавека з Богам з’яўляецца не дасканаласць яго дасягненняў, а любоў.

Падсумоўваючы канферэнцыю, біскуп Аляксандр заклікаў прысутных не пакідаць пачутыя словы толькі на ўзроўні разважанняў, але зрабіць канкрэтныя крокі ў духоўным жыцці:
- знайсці час для асабістай сустрэчы з Богам,
- праявіць любоў і ўдзячнасць бліжняму,
- прыняць рашэнне, якое дапаможа аднавіць асабістыя адносіны з Хрыстом.
Час адарацыі і сакрамэнту пакаяння
Пасля духоўнай канферэнцыі адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту. Святары і кансэкраваныя асобы мелі магчымасць правесці час у асабістай адарацыі Эўхарыстычнага Езуса, у цішыні разважаючы над пачутымі словамі і ўласным пакліканнем. У гэты час прысутныя маглі таксама прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання.
Такім чынам, тэма асабістага навяртання, якая прагучала падчас канферэнцыі, знайшла сваё практычнае працягненне ў малітве і сакрамэнтальным жыцці.
Малітва за тых, хто завяршыў сваю зямную святарскую дарогу
Апоўдні распачалася святая Імша, якой папярэднічала малітва за памерлых — выпамінкі. Імёны памерлых зачытаў пробашч бялыніцкай парафіі ксёндз канонік Іосіф Сярпейка.
Падчас выпамінак удзельнікі сустрэчы ўзгадалі памерлых святароў, якія служылі ў архідыяцэзіі, а таксама памерлых родных і блізкіх са сваіх сем’яў. У супольную малітву былі ўключаны таксама памерлыя родныя біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, прысутных святароў і кансэкраваных асоб, у тым ліку памерлыя з сем’яў Станеўскіх і Касабуцкіх.

Гэтая малітва стала асаблівым выразам святарскага братэрства, якое не заканчваецца разам з зямным жыццём, але працягваецца ў духоўнай еднасці і малітоўнай памяці.
«Касцёл ідзе разам з чалавекам да канца»
Падчас святой Імшы гамілію прамовіў ксёндз канонік Іосіф Сярпейка, пробашч парафіі Маці Божай Бялыніцкай. У сваіх разважаннях святар засяродзіўся на тэме вернасці святарскаму пакліканню, падкрэсліваючы, што малітва за памерлых братоў-святароў павінна станавіцца таксама нагодай для асабістага разважання над уласным служэннем.
— адзначыў прапаведнік.
Разважаючы над сутнасцю святарскага паклікання, ксёндз Іосіф звярнуў увагу на глыбокую сімволіку хрысціянскага пахавання. Святар, які суправаджае свайго парафіяніна аж да магілы, становіцца бачным знакам Касцёла, які не пакідае чалавека нават на апошнім этапе яго зямной дарогі.Аднак такая вернасць, паводле прапаведніка, павінна праяўляцца не толькі ў момант смерці, але і на працягу ўсяго жыцця чалавека. «Быць добрым пастырам — гэта не толькі ведаць дарогу да касцёла, але быць гатовым прайсці разам з чалавекам яго цяжкую дарогу», — падкрэсліў святар.

Гаворачы пра цяжкасці душпастырскага служэння, ксёндз Іосіф нагадаў, што сам святар таксама перажывае стомленасць, расчараванні і крызісы. Таму крыніцай яго вернасці павінна заставацца асабістая сувязь з Хрыстом, якая ўмацоўваецца праз штодзённую малітву.
— адзначыў прапаведнік.
Асобную ўвагу ён звярнуў на неабходнасць мужна абвяшчаць Евангелле нават тады, калі яго патрабаванні здаюцца надзвычай цяжкімі.
У якасці прыкладу святар прывёў гісторыю, якую распавядаў адзін з місіянераў, што служыў у Руандзе. Пасля трагічных падзей, звязаных з масавымі забойствамі прадстаўнікоў народаў хуту і тутсі, місіянер цэлебраваў святую Імшу, у якой удзельнічалі дзеці, што перажылі жахі насілля. Некаторыя з іх былі цяжка пакалечаныя. Евангелле таго дня заклікала любіць сваіх ворагаў і маліцца за тых, хто чыніць зло.
Гледзячы на дзяцей, якія сталі ахвярамі страшэннай жорсткасці, святар не змог прамовіць падрыхтаваную гамілію. Ён адчуваў у сэрцы боль, гнеў і ўнутраны пратэст. Пасля Імшы місіянер пайшоў у сакрыстыю і расплакаўся. Калі праз некаторы час ён вярнуўся ў касцёл, то ўбачыў, што дзеці ўсё яшчэ чакалі яго.
На пытанне, чаму яны не разыходзяцца, адна з дзяўчынак адказала: «Мы чакаем казанне. Скажы нам казанне аб тым, што належыць прабачыць. Бо калі ты нам яго не скажаш, то аднойчы мы можам стаць горшымі за тых, хто зрабіў нам гэта. Скажы нам гэта казанне!»
Як патлумачыў ксёндз Іосіф, гэтая гісторыя паказвае, наколькі важным з’яўляецца абвяшчэнне Божага слова нават у самых складаных абставінах.

Падсумоўваючы гамілію, прапаведнік заклікаў прысутных прасіць у Бога трох ласкаў:
- сэрца пастыра, які не пакідае чалавека;
- вернасці штодзённай малітве;
- мужнасці абвяшчаць Евангелле нават у найбольш асабіста балючых абставінах.
Асабліва пранікліва прагучалі заключныя словы гаміліі: «Калісьці іншыя святары будуць стаяць каля нашай магілы і маліцца: „Вечны адпачынак дай ім, Пане“. Няхай жа тады нашае жыццё стане ціхім сведчаннем, што мы не толькі гаварылі пра Хрыста — мы стараліся ісці разам з Яго народам да канца».
Братэрская еднасць і супольная адказнасць за Касцёл
Пасля святой Імшы адбылася рабочая частка душпастырскай сустрэчы. Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB прадставіў прысутным актуальныя пытанні, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Касцёла, а таксама бягучымі справамі душпастырскага служэння.
Лістападаўская сустрэча ў Бялынічах яшчэ раз нагадала, што памяць пра памерлых святароў — гэта не толькі малітоўная ўдзячнасць за іх служэнне, але і заклік да тых, хто сёння працягвае абвяшчаць Евангелле.












