«Больш чым памочнік»: у Мінску прайшла дыяцэзіяльная сустрэча міністрантаў
- 3 лістапада, 2026
- Тэкст і фота: удзельнікі дыяцэзіяльнай сустрэчы міністрантаў // Catholicminsk.by
3 лістапада ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску адбылася чарговая сустрэча міністрантаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Падзея аб’яднала каля 70 юнакоў з розных парафій, якія прысвячаюць сваё жыццё служэнню пры алтары.
Сустрэча распачалася катэхезай на тэму «Больш чым памочнік: Міністрант як верны слуга Хрыста», якую правялі сястра Марыя Мінютка USJK і спадарыня Крысціна Ефімовіч. Мэтай заняткаў было дапамагчы хлопцам глыбей усвядоміць сваю ідэнтычнасць як пакорных, але вельмі важных слуг Хрыста.

Падчас катэхезы арганізатары выкарысталі цікавыя і блізкія моладзі аналогіі. На прыкладзе працы сакратара Папы Рымскага, здымачнай групы акцёра Тома Холанда і, асабліва, асістэнтаў хірурга прысутным паказалі важнасць тых, хто звычайна застаецца «ў цені». Міністрантам нагадалі, што асістэнт хірурга не проста падае інструменты, а сочыць за кожным рухам лекара, падрыхтоўвае стэрыльнае асяроддзе і адказвае за бяспеку працэсу.

Юнакі разам памаліліся традыцыйнай малітвай міністранта перад cвятой Імшой, разважаючы над тым, што пры алтары павінны быць задзейнічаны не толькі рукі, але і думкі, вочы ды сэрцы.
Каб тэорыя лепш засвойвалася, для ўдзельнікаў падрыхтавалі шэраг інтэрактыўных заданняў:
- Тлумачэнне літургічных паняццяў: хлопцы тлумачылі складаныя і глыбокія словы, якія выкарыстоўваюцца падчас літургіі.
- Выбар «гардэроба»: практыкаванне наглядна паказала, чаму падрыхтоўка да Імшы пачынаецца яшчэ дома і чаму знешні выгляд міністранта па-за Імшой таксама мае значэнне.
- «Парадак у доме Бога»: з дапамогай рэбусаў міністранты па чарзе разбіралі свае абавязкі пасля заканчэння літургіі (прыбіранне ампулак, літургічных кніг, догляд за свечкамі і келіхавай бялізнай), бо праца міністранта, як і праца асістэнта ў аперацыйнай, не заканчваецца завяршэннем святой Імшы.

Галоўная выснова, якую супольна зрабілі ўдзельнікі сустрэчы:
Самым важным момантам дыяцэзіяльнага дня міністранта стала Эўхарыстыя, якую ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі. Падчас літургіі міністранты змаглі адразу на практыцы, з усёй годнасцю і пашанай, рэалізаваць тое, пра што разважалі падчас катэхезы.

Завяршыўся супольны дзень сустрэчай за смачным пачастункам, падчас якой хлопцы з розных куткоў дыяцэзіі змаглі бліжэй пазнаёміцца, абмяняцца досведам свайго служэння і проста весела правесці час.
















