Парафіяне з Багданава здзейснілі чарговую аўтапілігрымку, наведваючы велічныя святыні суседняй дыяцэзіі
- 3 лістапада, 2026
- Тэкст і фота: парафіяне касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі // Catholicminsk.by
Чарговая аўтобусная пілігрымка вернікаў парафіі Святога Міхала Арханёла ў Багданаве (Валожынскі дэканат) стала працягам ужо добрай традыцыі наведваць святыні і іншыя прыгожыя месцы нашай краіны. Разам з ксяндзом канонікам Андрэем Яркаўцом і сястрой Аленай Дварэцкай багданаўскія парафіяне мелі магчымасць наведаць касцёлы Гродзеншчыны, а таксама адчуць сябе як адна сям’я, якая, вырушаючы ў супольную вандроўку, шукае новы духоўны досвед.
Распачалася праграма ў Тракелях (Гродзенская дыяцэзія, Радунькі дэканат), дзе пры цудадзейным абразе Маці Божай Тракельскай, Каралевы нашых сем’яў, цэлебравалася святая Імша ў інтэнцыі ўсіх пілігрымаў і за парафіяльную сям’ю. Наведвальнікі мелі час і на малітву, і на прагулку па прыгожай, дагледжанай тэрыторыі каля санктуарыя.
У Радуні наведвальнікі пачулі гісторыю парафіі, якая дасягае XVI стагоддзя. Пры гэтым сам касцёл выглядае даволі сучасна, бо быў пабудаваны ўжо ў XX стагоддзі у стылі мадэрн з элементамі неаготыкі.
Беняконі — наступны прыпынак на шляху вандроўнікаў — уразіў сваёй неагатычныай святыняй. Цікавосткай парафіі таксама з яўляюцца прыкасцёльныя могілкі, дзе пахаваная муза Адама Міцкевіча — Марыля Верашчака. Пры парафіі таксама амаль 2 стагоддзі дзейнічаў дабрачынны шпіталь-прытулак для хворых людзей.

У Воранаве пілігрымы пазнаёміліся з 400-гадовай гісторыяй мясцовай парафіі. У XVI стагоддзі, калі тут згадваецца першая каталіцкая святыня, нават само мястэчка мела іншую назву — Блотна ці Балотна. Зараз вернікі тут маюць новую каменную святыню, пабудаваную ўжо ў нашы часы замест цалкам знішчанага савецкімі ўладамі старажытнага касцёла.

Велічны неагатычны касцёл Святога Казіміра, апякуна Вільні і Вялікага Княства Літоўскага, у Ліпнішках пабудаваны ў пачатку ХХ ст., быў наступным пунктам праграмы пілігрымаў. Святыня, якой апякуюцца браты капуцыны, бачны здалёк. Яе сцены выкладзены не з цэглы, а з вялізных гранітных валуноў, што мясцовыя жыхары збіралі па ўсім наваколлі.
У Суботніках, у касцёле Святога Уладзіслава, дзе і сама мясцовасць, і касцёл цесна звязана з гісторыяй роду Умястоўскіх, пілігрымы даведаліся пра яго гісторыю, пра вернасць Богу і самога фундатара, пахаванага ў крыпце, і парафіян, якія праз Божы провід ніколі не дазволілі святыні зачыніцца.

Апошняй святыняй на шляху пілігрымаў быў касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі у Трабах. Пілігрымы пазнаёміліся з гісторыяй неагатычны святыні, адметнасцю якой з яўляецца вонкавае аздабленне не чырвонай, але жоўтай, цэглай, а таксама даведаліся пра багатую мінуўшчыну мястэчка, што калісьці было рэзідэнцыяй Вялікага князя Літоўскага.
Пасля насычанага дня вандроўкі багданаўскія парафіяне з падзякай Богу і арганізатарам вярталіся дахаты, спадзяючыся на працяг такіх падарожжаў і на багаты духоўны плён такіх ініцыятываў.





