«Смерць не мае апошняга слова: апошняе слова належыць Богу» — біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB памаліўся за памерлых на могілках у Магілёве
- 3 лістапада, 2026
- Прэс-служба аддзела архідыяцэзіяльнай курыі ў Магілёўскім рэгіёне / Фота: Сяргей Гаравы // Catholicminsk.by
2 лістапада, ва Успамін усіх памерлых вернікаў, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў святую Імшу і працэсію на каталіцкіх могілках па вуліцы Лазарэнкі ў Магілёве.
Разам з біскупам маліліся пробашч магілёўскай конкатэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі кcёндз канонік Уладзімір Русак, настаяцель грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Магілёве айцец Васіль Ягораў, вікарый конкатэдральнай парафіі ксёндз Аляксандр Улас і семінарыст Давід Венцэк.
На малітву сабраліся вернікі, каб разам узгадаць сваіх памерлых родных і блізкіх, даручыць іх Божай міласэрнасці і ўмацавацца ў хрысціянскай надзеі на ўваскрасенне.

У гаміліі біскуп Аляксандр звярнуў увагу на тое, што могілкі для хрысціяніна — гэта не месца безнадзейнасці, але месца малітвы і надзеі. За кожнай магілай стаіць чалавечае жыццё, гісторыя, любоў і ўспаміны, а таму боль расстання з блізкімі з’яўляецца натуральным. Аднак вера ў Хрыста дапамагае глядзець на смерць у святле ўваскрасення.
— падкрэсліў іерарх.

Каментуючы евангельскі аповед пра ўваскрашэнне Лазара, біскуп звярнуў увагу на словы: «Езус заплакаў» (Ян 11, 35). Паводле яго, гэтыя кароткія словы адкрываюць нам вельмі важную праўду пра Бога: Ён не стаіць збоку, калі чалавек пакутуе, і не пакідае чалавека сам-насам у хвіліны жалобы. Гэтую блізкасць Бога да чалавека біскуп падкрэсліў словамі: «Бог не з’яўляецца абыякавым назіральнікам чалавечага болю. Езус уваходзіць у наш смутак, падзяляе нашыя слёзы і становіцца побач з намі».
Разам з тым цуд уваскрашэння Лазара нагадвае, што Езус з’яўляецца Панам жыцця і мае ўладу над смерцю.

Асобную ўвагу біскуп прысвяціў малітве за памерлых, назваўшы яе канкрэтным учынкам хрысціянскай любові. Ён заклікаў вернікаў не абмяжоўвацца толькі наведваннем магілаў, кветкамі і запаленымі свечкамі, але памятаць пра сваіх памерлых у малітве і асабліва ў ахвяры святой Імшы, просячы для іх Божай міласэрнасці.
Іерарх таксама заахвоціў прысутных успрымаць наведванне могілак як нагоду задумацца над уласным жыццём.

«Гледзячы на магілы, варта задаць сабе некалькі простых, але вельмі важных пытанняў: ці ўмею я прабачаць тым, хто мяне пакрыўдзіў? Ці не адкладаю на заўтра прымірэнне з чалавекам, з якім даўно не размаўляю? Ці знаходжу час для Бога, для сваёй сям’і, для людзей, якія патрабуюць маёй прысутнасці?» — прапанаваў задумацца біскуп.
У завяршэнне гаміліі, звяртаючыся да евангельскіх слоў Езуса «Развяжыце яго і дазвольце яму хадзіць» (Ян 11, 44), біскуп заклікаў вернікаў не пакідаць сам-насам з болем тых, хто перажывае страту блізкіх, але падтрымліваць іх малітвай, словам суцяшэння і канкрэтнай дапамогай.

Пасля святой Імшы адбылася працэсія па могілках з малітвай за памерлых. На асобных прыпынках працэсіі кожны са святароў па чарзе ўзначальваў супольную малітву, даручаючы Божай міласэрнасці памерлых.
Супольная прысутнасць прадстаўнікоў Рыма-каталіцкага Касцёла і Грэка-каталіцкай Царквы стала таксама сведчаннем хрысціянскай еднасці ў малітве за тых, хто адышоў з гэтага свету.
— падсумаваў біскуп Аляксандр.

Успамін усіх памерлых вернікаў нагадвае кожнаму хрысціяніну, што зямное жыццё не з’яўляецца апошнім этапам чалавечага існавання. Хрыстус, які сам прайшоў праз смерць і ўваскрос, адкрыў чалавецтву шлях да вечнага жыцця. Таму хрысціянская малітва за памерлых заўсёды спалучаецца з надзеяй, што апошняе слова належыць не смерці, а Богу.






























