Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2025
- 20 снежня, 2025
- Catholicminsk.by
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
КАЛЯДЫ – ПРАЯЎЛЕННЕ
БЯЗМЕЖНАЙ БОЖАЙ ЛЮБОВІ ДА ЧАЛАВЕКА
Слова на Божае Нараджэнне 2025
«Слова сталася целам і пасялілася між намі,
і ўбачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае
ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды» (Ян 1, 14)
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Гэтыя словы Пралогу Евангелля, паводле святога апостала і евангеліста Яна, вельмі добра пераказваюць сэнс свята Божага Нараджэння. Нябачны і далёкі Бог Старога Запавету стаўся блізкім, бо прыйшоў да нас у чалавечым целе.
Ці гэта не знак бязмежнай Божай любові да грэшнага чалавека? Так. Бо Бог уцелавіўся і прыйшоў да яго. Ён стаўся падобным ва ўсім да чалавека, акрамя граху, як кажа святы апостал Павел (пар. Флп 2, 7).
Таму галоўнае пасланне Божага Нараджэння — гэта любоў Бога да чалавека. Хто б мог уявіць сабе ў сваіх самых адважных марах, што Бог, які стварыў увесь сусвет і кіруе ім, будзе любіць нас, грэшных, так моцна, што стане адным з нас у сваім Сыне Езусе Хрысце?
Нездарма Папа Леў XIV у сваім першым дакуменце — Апостальскай адгартацыі Dilexi te — «Палюбіў цябе», падкрэслівае, што Бог ёсць міласэрнай любоўю, а Яго план любові, які рэалізуецца ў гісторыі, заключаецца ў тым, што Ён прыйшоў да нас, каб вызваліць з няволі, страху, граху і смерці (пар. Dilexi te, 16).
2. Думаючы чыста па-чалавечы, Божая любоў да нас, можна сказаць, вар’яцкая. Мы не можам належным чынам яе зразумець, таму што яна не з гэтага свету. Але дзякуючы Уцелаўленню Сына Божага яна стала зразумелай для гэтага свету.
Якое значэнне гэтая праўда мае для нас? А менавіта тое, што дзякуючы таямніцы Божага Нараджэння мы, будучы з гэтага свету, становімся тымі, хто не з яго!
Евангелле паказвае нам шмат прыкладаў, як Езус бярэ людзей за рукі і дапамагае ім падняцца. Ён узяў за руку маленькую дзяўчынку, якую ўсе лічылі мёртвай, і яна ўстала (пар. Мц 9, 25; Мк 5, 41-42; Лк 8, 54-55). Узяў за руку цешчу Пятра, і гарачка пакінула яе (пар. Мк 1, 31). Узяў за руку сляпога і аздаравіў яго (пар. Мк 8, 22-25).
Гэты збаўчы Божы план таксама актуальны для кожнага з нас. Езус можа ўзяць нас за руку і падняць з гэтага грэшнага свету ў свой боскі свет. Ён — святло Божае — хоча асвятліць нас, каб паказаць нам, што для Бога мы не з’яўляемся злепкам малекул, але вяршыняй Яго стварэння. Такая любоў з’яўляецца нічым іншым як дарам Бога, які не навязвае сябе нам, але толькі прапануе сваю дапамогу. І толькі ад нас залежыць, прымем яе ці адрынем.
3. У Бэтлеемскім гатэлі не было месца для Езуса (пар. Лк 2, 6). Ці яно ёсць у нашым сэрцы? Ці мы падчас Адвэнту падрыхтавалі Яму месца ў ім, каб Ён там нарадзіўся сваёй ласкай? Ці мы адчынілі дзверы нашага сэрца Езусу, каб Ён мог увайсці ў яго і падняць нас да такога духоўнага ўзроўню, на якім Бог хоча нас бачыць?
Трэба памятаць, што зрабіць гэта ніколі не позна. Неабходна толькі дазволіць Езусу ўзяць нас за руку, каб у сакрамэнце пакаяння Ён мог падняць нас з грэшнага свету ў свет сваёй збаўчай ласкі.
4. Прарок Ісая апісаў сцэну прыйсця ў свет Збаўцы наступнымі словамі:
а Ізраэль не ведае, народ Мой не разумее»
(Іс 1, 3).
Гэтыя словы з’яўляюцца актуальнымі і для сучаснага, прасякнутага ідэямі секулярызму, свету. Калі надышла паўната часу (пар. Гал 4, 4), Бог стаў адным з нас у Езусе Хрысце, каб мы Яго ведалі і разумелі. Ці мы ведаем Яго? Ці не паўтараецца гісторыя выбранага народа, калі Бог прыйшоў да сваіх, а яны Яго не прынялі (пар. Ян 1, 11)?
Колькі дзвярэй зачынена для Езуса Хрыста сёння — ужо не ў бэтлеемскім заездзе, а ў нашых сэрцах, дамах, месцах працы, вучобы і адпачынку? Гэта азначае, што часова далёкая нам бэтлеемская рэальнасць з’яўляецца актуальнай і ў наш час, і спараджае дылемы для сучаснага чалавека.
Атмасфера тагачаснага бэтлеемскага хаосу нагадвае нам сучаснае асяроддзе культуры новых інфарамацыйных тэхналогій, якое насычана сэлфі, лайкамі, відэа, фэйк ньюсамі, інфармацыйным гулам, Цік-Токам, Фэйсбукам, сацсеткай Ікс, Інстаграмам і іншымі сацыяльнымі медыя, якія могуць несці небяспечныя этычныя выклікі.
Выкарыстанне штучнага інтэлекту адкрывае новую эру ў жыцці чалавецтва з невядомымі дагэтуль праблемамі. Адной з іх з’яўляецца знікненне межаў паміж машынамі і людзьмі, у выніку чаго мы сутыкаемся з радыкальнай трансфармацыяй разумення самога чалавека.
Пад ціскам сродкаў масавай камунікацыі, пад уплывам штучнага інтэлекту, моды і амаральнай грамадскай думкі людзі губляюць сваю хрысціянскую тоеснасць і, як мёртвая рыба, плывуць па плыні.
5. Да амаральных паталогій сучаснасці неабходна аднесці: жыццё без захавання Божага закону; секулярызм і маральны рэлятывізм; ідэалогію вакізму — усёабдымнай талерантнасці ва ўсіх сферах жыцця, у тым ліку і маральнай, якая ўсё больш заяўляе пра сябе; крызіс сям’і і Божага дару жыцця; адкідванне традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцей; імкненне да зямной славы, багацця і амаральных прыемнасцей; адсутнасць духу пакоры і служэння бліжняму; праявы гвалту, узброеныя канфлікты і карупцыю; максімалістычны давер дасягненням навукі і тэхналогіі ў справе вырашэння існуючых праблем, і г. д. Пры гэтым мы забываемся пра тое, што не ўсё, што навукова і тэхнічна магчыма, маральна дазволена.
Чалавек страціў пачуццё граху.
Але першай Божай запаведзі ніхто не адмяняў, і яна не можа быць прадметам дыскусіі. Веруючы чалавек не можа кланяцца сучасным ідалам, каб спадабацца секулярнаму свету.
Аднак у гэтай складанай сітуацыі мы не пакінуты без дапамогі. З Бэтлемскіх ясляў б’е боскае святло, якое не слабее. Бэтлеемская зорка надалей свеціць. Бог працягвае сваю руку, каб выцягнуць нас з грахоўнага балота да жыцця ў святле Божай ласкі. Трэба толькі дазволіць Яму нарадзіцца ў нашых сэрцах.
6. Ці мы застанемся падобнымі да жыхароў Бэтлеема, ці, насуперак секулярным тэндэнцыям, знойдзем у сабе сілы за дар Божага Нараджэння аддзячыць дарам вызвалення месца для Езуса ў гатэлі нашага сэрца?
Праўда Божага Нараджэння заклікае нас знайсці ў сабе месца для Бога, нягледзячы нават на тое, што мы можам быць высмеяны і адкінуты іншымі. Нашыя продкі ў часы ганенняў на веру мелі адвагу паставіць Бога на першым месцы і гэтым самым сталі сведкамі веры. Ці мы, людзі ХХІ стагоддзя, ва ўмовах секулярызму здольныя на першае месца паставіць Бога? Ці ў гатэлі нашага сэрца ёсць месца для Яго ласкі, Божага ладу мыслення і хрысціянскай этыкі?
Маральнасць і жыццё духам Евангелля не з’яўляюцца кайданамі, але дазволам жыць свабодна і дзейнічаць адказна згодна з аб’ектыўнымі Божымі нормамі, якія абяцаюць шчаслівае жыццё. Таму нельга губляць сваю хрысціянскую тоеснасць і перакананні на карысць супярэчлівых нормаў сучаснай секулярнай культуры.
Найперш неабходна слухаць Бога, нягледзячы на тое, што гэта сёння непапулярна і можа негатыўна адгукнуцца на нашым жыцці і кар’еры. Для гэтага неабходна вярнуцца да ясляў, адкуль раздаецца голас Боскага Дзіцяці. Немаўля ў пялёнках прамаўляе мацней, чым кароль Ірад, які хацеў Яго забіць. Пазбаўлены ўсіх атрыбутаў улады і славы, Збаўца свету абраў яслі сваім тронам. Такі наш Езус, наш Пан: моц Яго выявілася ў слабасці.
7. Святы Ян Павел ІІ казаў, што чалавек можа пазнаць сябе толькі ў Езусе Хрысце. А Папа Леў XIV вучыць, што ў эпоху лічбавых тэхналогій, калі складана пачуць цішыню, без сустрэчы з Езусам мы не можам спазнаць сябе.
Мы толькі тады адэкватна ацэнім сябе як Божыя стварэнні, калі аддадзім свае сэрцы Езусу і будзем глядзець на сябе саміх праз прызму Яго Евангелля. Тады ўбачым сябе такімі, якімі нас бачыць Бог.
Сучасны чалавек не ўяўляе сабе жыцця без мабільнага тэлефона. Аднак, мы добра ведаем, што можам ім карыстацца толькі пры наяўнасці злучэння з перадатчыкам сігналу.
Каб жыць і дзейнічаць па-хрысціянску, неабходна быць злучаным з перадатчыкам боскага сігналу, якім ёсць Езус Хрыстус. Без Яго нашае жыццё вядзе ў тупік, з якога мы не ведаем, як выйсці. З Ім усё магчыма, усё набывае сэнс і паўнату. Калі мы хочам ведаць кім з’яўляемся, то павінны аддаць сябе ў Яго рукі.
Таму, як кажа святы Аўгустын, прачніся, чалавек, бо для цябе Бог стаў чалавекам! Прачніся, хто спіць, і ўваскрэсні з мёртвых, і Хрыстус асвятліць цябе.
8. Пасля таго, як Анёл сказаў пастухам: «Нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан» (Лк 2, 11), яны паспяшаліся ў Бэтлеем, каб дзівіцца цуду ўцелаўлення Бога і распавядаць аб гэтым іншым людзям (пар. Лк 2, 17).
Паспяшаймася і мы ў наш беларускі Бэтлеем, каб там убачыць Збаўцу свету і акунуцца ў мора бязмежнай і збаўчай любові Бога да чалавека. Падобна да Бэтлеемскіх пастушкоў, давайце панясём гэтую навіну ў сучасны свет, які знудзіўся па хрысціянстве, каб, прымаючы праўду Божага Нараджэння, ён нарадзіўся да новага жыцця ў збаўчай Божай ласцы.
Са святам, дарагія браты і сёстры! Хрыстус Нарадзіўся — Бог аб’явіўся! Славім Яго!
На знак еднасці дзялюся з вамі традыцыйна аплаткай.
Шчаслівага Нараджэння Хрыстовага і надыходзячага Новага 2026 года!
З благаслаўленнем
✠ Тадэвуш Кандрусевіч
Арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 21 снежня 2025 г.
IV нядзеля Адвэнту
__________________________________
Выкарыстаная літаратура:
- Леў XIV. Апостальская адгартацыя Dilexi te.
- https: //www.vatican.va/content/leo-xiv/en/speeches/2025/ june/documents/ 20250624-giubileo-seminaristi.html
- https://www.vatican.va/content/john-paul-ii/en/homilies/1978/documents/hf_jp-ii_hom_19781022_inizio-pontificato.html.
- https://www.fronda.pl/a/sw-augustyn-mocno-o-narodzeniu-pana-przebudzcie-sie,84334.html.