Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў парафію Святой Тройцы ў Касцюковічах падчас XXXIII Дня беларускага пісьменства
- 8 верасня, 2026
- Тэкст і фота: кс. кан. Юрый Ясевіч // Catholicminsk.by
Касцюковічы — горад, які з 5 па 6 верасня стаў цэнтрам культурнага і духоўнага жыцця рэгіёна. У рамках святкавання ХХХІІІ Дня беларускага пісьменства, які праходзіў у гэтым горадзе, яго наведаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Візіт іерарха стаў важнай падзеяй для мясцовай каталіцкай супольнасці.
У межах візіту арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў парафію Святой Тройцы. Гэта стала сімвалічным акцэнтам свята, якое аб’ядноўвае культурныя і духоўныя традыцыі беларускага народа. Мітрапаліт сустрэўся з вернікамі, даведаўся пра жыццё мясцовай каталіцкай супольнасці і цэлебраваў святую Імшу разам пробашчам ксяндзом канонікам Андрэем Далянскім, молячыся разам з прысутнымі парафіянамі.
Урачыстая літургія, якую ўзначаліў іерарх, сабрала шматлікіх вернікаў. Парафіяне мелі магчымасць памаліцца разам са сваім Мітрапалітам і атрымаць яго пастырскае благаслаўленне, а таксама атрымаць кнігі Святога Пісання Новага Запавету.

Удзел кіраўніка Каталіцкага Касцёла Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў мерапрыемствах свята падкрэсліў цесную сувязь духоўнай і культурнай спадчыны Беларусі, а таксама дыялог паміж рознымі часткамі грамадства.




















