Лістападаўскі нумар «Ave Maria»: пра памяць, прамінальнасць жыцця і каштоўнасць кожнага дня
- 6 лістапада, 2026
- Тэкст: Іна Бігель / Фота: ave-maria.by // Catholicminsk.by
Лістапад — асаблівы месяц, калі думкі многіх людзей скіраваныя да тых, хто ўжо адышоў у вечнасць. У гэты час мы з асаблівай цеплынёй і болем успамінаем памерлых родных і блізкіх, наведваем могілкі, молімся за іх і наноў задумваемся пра таямніцу жыцця і смерці. Гэта таксама нагода паглядзець на ўласнае жыццё, на час, які нам дадзены, і на тое, чым мы напаўняем кожны пражыты дзень.
Гэтымі роздумамі прасякнуты лістападаўскі нумар часопіса «Ave Maria». Яго матэрыялы запрашаюць задумацца пра прамінальнасць зямнога жыцця, хрысціянскае разуменне смерці і надзею на вечнасць, але разам з тым — пра каштоўнасць кожнага імгнення, чалавечых адносінаў, любові і сям’і. На старонках нумара знайшлося месца і для асэнсавання выклікаў нашага часу, сярод якіх — імклівае развіццё штучнага інтэлекту, і для таго, што застаецца вечным і нязменным. А яшчэ чытачоў чакаюць паэтычныя творы беларускіх аўтараў і цікавыя матэрыялы пра духоўныя вандроўкі.
Адкрывае нумар артыкул «Касцёл — сям’я сем’яў», прысвечаны праблематыцы, якая разглядалася падчас Міжнароднай сустрэчы старшыняў біскупскіх канферэнцый, прадстаўнікоў Усходніх Каталіцкіх Касцёлаў і сем’яў з розных краінаў і кантынентаў. Сустрэча адбылася з нагоды 10-годдзя апостальскай адгартацыі Amoris laetitia. У ёй узяў удзел і выступіў з дакладам арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Сучасным выклікам прысвечаны матэрыял «Праўда ў эпоху штучнага інтэлекту: хто адказвае за інфармацыю?». Ён закранае праблематыку, узнятую папам Львом XIV у энцыкліцы Magnifica humanitas, прысвечанай захаванню чалавечай годнасці ў эпоху штучнага інтэлекту. У цэнтры ўвагі — адказнасць за праўдзівасць інфармацыі, роля журналіста і межы выкарыстання новых тэхналогій у працы медыя.
У межах падрыхтоўкі да 110-й гадавіны Фацімскіх аб’яўленняў «Ave Maria» публікуе «Разважанне над балеснаю таямніцаю Ружанца „Укрыжаванне і смерць Езуса“», дзе чытачам прапануецца 15-хвілінная медытацыя для Набажэнства першых суботаў месяца.
Нязменныя аўтары часопіса айцец Юрый Кулай OCD і ксёндз Андрэй Рылка ў лістападаўскім нумары засяродзіліся на часовасці ўсяго зямнога, але разам з тым і на свядомым прызнанні каштоўнасці кожнага пражытага моманту. Айцец Юрый Кулай OCD у сваім артыкуле «Хрысціянская пастава адносна працы» разважае над адною з дзвюх фундаментальных праўдаў, згаданых святым Пятром у Другім пасланні, — прамінальнасці гэтага свету. Аўтар нагадвае пра неабходнасць цаніць час, бо чалавечае жыццё кароткае, а таму кожны дзень варта выкарыстоўваць для таго, каб рабіць дабро.
Ксёндз Андрэй Рылка ў матэрыяле «Як па-каталіцку перажыць пахаванне блізкай асобы?» нагадвае пра хрысціянскае разуменне смерці:
Аўтар дае практычныя падказкі, якія дапамогуць годна развітацца з памерлым блізкім чалавекам, захаваўшы веру і надзею. Гэтай жа тэме сугучны шчымлівы верш слыннай беларускай паэткі Дануты Бічэль «Супакоеныя душы», прысвечаны яе родным, якія адышлі ў вечнасць.
Ксёндз Сяргей Сурыновіч у артыкуле «Позірк цаною ў жыццё» працягвае цыкл разважанняў пра вобразы жанчын у Бібліі. Гераіня гэтага матэрыялу — Юдыт. Яе гісторыя, у якой мужнасць і вера становяцца адказам на пагрозу для цэлага народа, — не проста аповед пра падзеі даўніх часоў, але і нагода зазірнуць у глыбіні ўласнай душы, распазнаць схаваныя духоўныя хваробы і задумацца пра сапраўдныя каштоўнасці.
У перакладзе Іны Бігель з польскай мовы прапануецца артыкул брата Гжэгажа Філіпюка OFMCap «Марыя — Заступніца, Правадніца і Узор», дзе аўтар разважае пра чысцец, дапамогу душам памерлых і заступніцтва Маці Божай, якая клапоціцца пра ўсіх сваіх дзяцей.
Яшчэ адзін паэтычны твор — верш беларускай пісьменніцы ХІХ стагоддзя Габрыэлі Пузыні «Званы для глухіх» — надрукаваны ў перакладзе з польскай мовы Ірыны Багдановіч. Яго змест таксама пераклікаецца з галоўнай тэмай лістападаўскага выпуску.
Артыкул «Малітвы расстання» ўзяты з кнігі «Стань каля мяне, Пане…» сястры Анны Чайкоўскай WDC і сястры Ірэны Златкоўскай WDC, з раздзела «Хрысціянскае перажыванне жалобы». Гэтыя малітвы могуць стаць духоўнай падтрымкай для тых, хто перажывае страту блізкага чалавека.
У матэрыялах «Нястомны ў Божым служэнні» і «Час прыгожага духоўнага ўраджаю» гучаць словы падзякі і віншаванняў святарам ад удзячных парафіянаў.
Віктар Ведзень у артыкуле «…Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне?» працягвае знаёміць чытачоў з гісторыяй пілігрымавання слынных абразоў Маці Божай па парафіях Беларусі.
На апошніх старонках вокладкі змешчана «Набажэнства за памерлых „Lux Christi“ — „Святло Хрыста“». Ім можна маліцца за памерлых індывідуальна або супольна на працягу ўсяго года — як у лістападзе, падчас чування каля памерлага, так і ў іншыя дні, калі асабліва патрэбныя малітва і духоўнае суцяшэнне.
Лістападаўскі нумар «Ave Maria» — гэта запрашэнне не толькі ўспомніць тых, каго ўжо няма побач, але і з большай удзячнасцю прыняць дар уласнага жыцця, не адкладаць на заўтра любоў, малітву і добрыя ўчынкі.
«Запрашаем да чытання! Няхай старонкі часопіса стануць нагодай для роздуму, малітвы і адкрыцця таго, што сапраўды мае вечную каштоўнасць», — заахвочваюць у рэдакцыі Ave Maria.