Skip to main content

У Заслаўі з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча прайшла парафіяльная ўрачыстасць у гонар Нараджэння Маці Божай

6 верасня
  • 8 верасня, 2026
  • Фота: PILIGRYM TUT // Catholicminsk.by

У нядзелю 6 жніўня ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі распачалося святкаванне ўрачыстасці тытулу касцёла, якое сёлета адбываецца на працягу 3-х дзён. Урачыстую Імшу апоўдні ўзначаліў вельмі шанаваны і чаканы ў парафіі дастойны госць — арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.

Парафія грунтоўна падрыхтавалася да ўрачыстасці: прысутнасць законных сясцёр і вернікаў, якія запоўнілі касцёльную прастору, упрыгожаны дзякуючы руплівай працы фларыстаў прыгожай дэкарацыяй галоўны алтар і касцёльная музыка, якую стваралі арганістка і парафіяльны хор, — падкрэслілі значнасць цэлебрацыі і дапамагалі ў супольнай малітве.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч назваў адпустовую ўрачыстасць «імянінамі парафіі» і павіншаваў са святам пробашча — ксяндза каноніка Антонія Клімантовіча — і ўсіх парафіянаў, а асабліва тых, хто носіць імя Марыя або Мар’ян. Ён падкрэсліў, што нараджэнне Марыі прынесла радасць не толькі яе бацькам — Яўхіму і Ганне, але кожнаму, хто верыць у Хрыста, таму што «з нараджэннем Марыі распачаўся світанак нашага збаўлення». Арцыпастыр назваў Марыю, згодна з Традыцыяй Касцёла, «ранішняй зоркай» — знакам хуткага наступлення дня, гэта значыць, прыйсця Збаўцы Езуса Хрыста.

«Нараджэнне Марыі — гэта не проста гістарычная падзея двухтысячагадовай даўніны. Гэта пачатак новага часу — часу збаўлення. Калі наша першая маці Ева сваёй непаслухмянасцю Богу адчыніла дзверы граху, то Марыя паслухмянасцю Богу адчыніла дзверы збаўленню»,

— падкрэсліў іерарх, дадаўшы, што Марыя — гэта мост паміж Старым і Новым Запаветам, які аб’ядноўвае іх у адну гісторыю збаўлення.

Далей прамоўца расказаў слухачам пра гісторыю святкавання Нараджэння Маці Божай, якая сягае часоў Рамана Сірыйскага (Салодкапеўца), які прывёз традыцыю святкавання ў Рым, дзе яна прынялася ў VIII стагоддзі. Дата ўрачыстасці была вызначана на дзень, яки наступае праз 9 месяцаў пасля Беззаганнага Зачацця Багародзіцы.

У славутым гімне Magnificat Марыя кажа, што вялікія рэчы Ёй учыніў Усемагутны і яе будуць праслаўляць усе пакаленні (пар. Лк 1, 49). «Калі Бог так ушанаваў Марыю, то і мы павінны Яе шанаваць і праслаўляць, зрабіў выснову арцыбіскуп. — Бог выбраў яе, каб Яна была Маці Яго Сына. Для ажыццяўлення гэтага плану Ён адарыў Яе прывілеяй Беззаганнага Зачацця, выбраў як адзіную з усіх жанчын свету, учыніў святыняю Духа Святога, дазволіў Ёй прыняць удзел у цярпеннях і смерці Езуса, які з дрэва крыжа даў нам Яе як нашу духоўную Маці». А яшчэ Марыя з’яўляецца найдасканалейшым прыкладам паслухмянасці Божай волі. Таму, па словах іерарха, «Яе прыклад — гэта шлях да святасці для кожнага чалавека».

«Якія ўрокі мы атрымліваем з нараджэння Маці Божай у наш час вялікага крызісу веры?» — задаўся пытаннем арцыбіскуп і даў патройны адказ:

  • Па-першае, кожны з нас пакліканы да канкрэтнай місіі. Марыя прыняла Божа план і змяніла гісторыю. Арцыпастыр прапанаваў задумацца, ці мы прымаем Божую волю ў сваім жыцці? Ён папярэдзіў: ад нашага адказу Богу «так» ці «не» залежыць нашая будучыня.
  • Па-другое, свята Нараджэння Марыі вучыць нас шанаваць кожнае жыццё як самы вялікі Божы дар, што асабліва важна ў часы сённяшняга вельмі відавочнага дэмаграфічнага крызісу.
  • Па-трэцяе, гэтае свята вучыць нас надзеі. Бацькі Марыі Яўхім і Ганна былі ў сталым узросце і не маглі спадзявацца нараджэння дзіцяці, хоць і маліліся аб гэтым. «Але Бог прыходзіць у моманты, калі мы не спадзяемся. Ён дзейнічае тады, калі з чалавечага пункту гледжання няма надзеі».

Напрыканцы гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч успомніў пра беларускіх фларыстаў, дасягненні якіх вядомыя не толькі ў касцёлах, але і дзякуючы іх удзелу ў конкурсах. Ён зазначыў, што Марыя ў Гадзінках аб Яе Беззаганным Зачацці названая «лілеяй паміж цернямі». Паводле яго Марыя — гэта самая прыгожая кветка, бо яна сваёй духоўнай чысцінёй і прыкладам жыцця стала бязгрэшнай лілеяй сярод грахоўных церняў свету.

«Дарагія браты і сёстры! Па прыкладу Марыі будзем прыгожымі духоўнымі кветкамі сучаснасці. Няхай добры Бог нам у гэтым благаславіць, а Найсвяцейшая Панна Марыя ахінае плашчом сваёй апекі»,

— такім заклікам завяршыў сваю гамілію іерарх.

Напрыканцы Імшы парафіяне шчыра падзякавалі арцыбіскупу за чарговы візіт у Заслаўе і пажадалі моцнага здароўя і патрэбных сіл. Ён жа ў сваю чаргу падзякаваў за малітвы ў яго інтэнцыі, асабліва падчас нядаўняга знаходжання ў шпіталі.

Арцыпастыр уручыў падзячныя граматы кожнаму з фларыстаў з Заслаўя і іншых мясцовасцяў, якія сваім талентам дапамаглі парафіі. Затым, пасля супольнага памятнага фотаздымку, падчас працэсіі ў закрыстыю, іерарх благаславіў і акрапіў асвячанай вадой новыя стацыі Крыжовага шляху, усталяваныя звонку касцёла.

Святочны настрой ствараў таксама кірмаш каля касцёла, дзе кожны мог набыць сабе рэлігійныя прадметы, сувеніры, салодкія прадукты харчавання і нават карціны з выявамі Заслаўя і іншых мясцовасцей.