Skip to main content

Галоўны рэдактар сatholicminsk.by віншуе арцыбіскупа Юзафа Станеўскага з 5-й гадавінай кананічнага ўступлення на пасаду Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага

23 кастрычніка
  • 23 кастрычніка, 2026
  • Фота: Віктар Ведзень // Catholicminsk.by

23 кастрычніка 2021 года ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску адбылася ўрачыстая цэлебрацыя з нагоды кананічнага ўступлення на пасаду Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі арцыбіскупа Юзафа Станеўскага. З нагоды 5-й гадавіны ад гэтай урачыстай даты галоўны рэдактар інтэрнэт-старонкі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі catholicminsk.by ксёндз Павел Эйсмант кіруе ў адрас іерарха словы віншаванняў.

Ваша Эксцэленцыя, Глыбокапаважаны Арцыпастыр і Мітрапаліт Юзаф Станеўскі!

Ад імя рэдакцыі партала Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі catholic.by і ад сябе асабіста шчыра віншую Вас з Пятай гадавінай кананічнага ўступлення на пасаду Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага.

Пяць гадоў таму, у свята Узвышэння Святога Крыжа, Божы Провід праз прызначэнне Святога Айца даверыў Вашым рукам пастырскае кіраванне гэтай гістарычнай супольнасцю вернікаў.

Гледзячы на ​​Ваш жыццёвы шлях, мы бачым, як нябачная, але ўсемагутная ласка Хрыста вяла Вас ад самых вытокаў. Нарадзіўшыся ў маляўнічай вёсцы Занявічы на Гродзеншчыне, Вы ўзрасталі ў атмасферы глыбокай і ахвярнай бацькоўскай любові. Любоў Вашай маці Гэлены і бацькі Рамуальда стала той самай першай ecclesia domestica — хатнім Касцёлам, дзе ў цішыні штодзённых малітваў і сумеснай працы закладаўся фундамент Вашага будучага святарскага паклікання. Гэты цёплы бацькоўскі дом, напоўнены прыкладам веры і цнотаў, узгадаваў у Вашым сэрцы гатоўнасць сказаць Богу сваё рашучае fiat. Праз навучанне ў школе, сельскагаспадарчую працу і службу ў войску Пан рыхтаваў Вас, каб у 1990 годзе Вы сталі адным з першых семінарыстаў новапаўсталай Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі, пасля чаго Бог паслядоўна вёў Вас да біскупскага служэння.

Асаблівым чынам хочам падкрэсліць Вашую нястомную руплівасць і бацькоўскі клопат аб новых святых пакліканнях да святарскага і манаскага служэння.

Ваша доўгае і самаадданае служэнне ў якасці рэктара Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі, якое працягваецца і сёння ў малітве і няспыннай працы з маладымі сэрцамі на мінска-магілёўскай зямлі, з’яўляецца жывым сведчаннем Вашага пастырскага клопату пра будучыню Касцёла.

Няхай Пан жніва шчодра адкажа на Вашыя малітвы і пасылае на сваё жніво новых працаўнікоў, здольных нясці святло веры наступным пакаленням.

У гэты ўрачысты дзень жадаем Вам, каб Вашае арцыпастырскае служэнне заўсёды заставалася жывым адлюстраваннем унутранага жыцця Найсвяцейшай Тройцы. Просім Бога для Вас аб патрэбных ласках ў будаванні мясцовага Касцёла як «сям’і сем’яў», дзе кожны вернік знаходзіць сваё месца ў супольнасці веры, надзеі і любові. Няхай пад Вашым кіраўніцтвам архідыяцэзія квітнее духоўна, выяўляючы сінадальную сувязь з Апостальскай Сталіцай і адкрытасць на ўсіх людзей, каб супольнае крочанне шляхам веры прыносіла багаты плён для ўсяго Касцёла ў Беларусі.

Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, Маці Касцёла, і святы Юзаф, Ваш нябесны заступнік і прыклад вернага бацькоўства, нястомна дапамагаюць Вам, умацоўваючы на ​​шляху абвяшчэння радасці Евангелля і сведчання аб жывым Пану.

Ad multos annos!

З сыноўняй адданасцю і дарам малітвы,

Ксёндз Павел Эйсмант,
галоўны рэдактар старонкі catholicminsk.by,
разам з супрацоўнікамі рэдакцыі