Skip to main content

«Каледж — гэта тая ж “семінарыя”, толькі ў паменшаным памеры»

  • 8 верасня, 2026
  • Фота: ave-maria.by, Марта Венславовіч // Catholicminsk.by


Шаснаццаць гадоў — узрост, калі навучальная ўстанова ўжо можа ганарыцца сваімі выпускнікамі і будаваць планы на далейшае. Мінскі тэалагічны каледж імя святога Яна Хрысціцеля за гэты час вырас з «Цэнтра падрыхтоўкі катэхетаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі» у паўнавартасную тэалагічную навучальную ўстанову, якая рыхтуе спецыялістаў для розных напрамкаў касцёльнага служэння. Як жыве каледж сёння, якія веды атрымліваюць студэнты, чым каледж адрозніваецца ад іншых падобных устаноў і ці ёсць у яго шанец стаць універсітэтам — размаўляем з дырэктарам ксяндзом канонікам доктарам Янам Крэмісам.

Ад цэнтра да каледжа: шлях да сталення

Калі ў 2010 годзе быў заснаваны «Цэнтр падрыхтоўкі катэхетаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі», і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прызначыў ксяндза Яна Крэміса дырэктарам гэтай установы, ніхто не думаў, што гэта будзе, як сёння кажуць, «паспяховы поспех» — на першы курс прыйшлі адразу 58 чалавек! А сёння гэта ўжо каледж, якому налічваецца 16 гадоў. І гэта ўжо не падлеткавы ўзрост, а пэўны стан чалавека.

Аднак у народзе кажуць: малыя дзеткі — малыя праблемы, а вялікія дзеткі — вялікія праблемы… Ці мае дачыненне гэтая народная прымаўка да ўжо даволі сталай навучальнай установы? Дырэктар навучальнай установы ксёндз Ян Крэміс адказвае:

— Не (усміхаецца), усё раўнамерна, як і было напачатку. Але напэўна з гадамі ёсць нейкая трансфармацыя. Цяпер у каледжы спецыялізацый стала больш. Напачатку ў праграме былі адны прадметы, але потым пачалі дадавацца іншыя.

— Калі параўноўваць каледж у першыя гады існавання і яго стан зараз, што было складаней: пачынаць, ці развіваць, ці заахвочваць новых навучэнцаў?

— У кожным часе ёсць свае клопаты. На пачатку ўвогуле не было ніякага досведу ў гэтай галіне. Занава стваралася і праграма навучання, і падбіраліся выкладчыкі. Як ужо казалі, гэта быў цэнтр падрыхтоўкі катэхетаў, і там былі іншыя стандарты. Але ўжо праз тры гады пасля заснавання цэнтра, 29 жніўня 2013 года, мы атрымалі дзяржаўную рэгістрацыю як «Мінскі тэалагічны каледж імя святога Яна Хрысціцеля». У мінулым, 2025 годзе, мы прайшлі перарэгістрацыю — гэта была планавая для ўсіх рэлігійных арганізацый падзея. Таму ў кожным часе ёсць свае выклікі, як кажа наш арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Мінскі тэалагічны каледж быў зарэгістраваны менавіта ў той дзень, калі Касцёл успамінае святога Яна Хрысціцеля, што з’яўляецца вымоўным, бо святы Ян — апякун усіх прапаведнікаў і катэхетаў.

Пачаткова навучальная ўстанова засноўвалася, каб рыхтаваць тых, хто будзе дапамагаць на сваіх парафіях у падрыхтоўцы дзяцей і дарослых да сакрамэнтаў. З цягам часу ў спісе спецыялізацый каледжа з’явіўся «касцёльны спеў», каб тыя парафіі, якія не маюць магчымасці мець свой хор ці арганістаў, маглі самастойна арганізаваць музычнае суправаджэнне літургіі. Потым з’явіўся напрамак «сродкі масавай камунікацыі» — каб парафіі маглі ствараць кантэнт аб сваім жыцці. Затым узнік «рэлігійны турызм», каб вернікі вывучалі сакральную хрысціянскую і не толькі хрысціянскую спадчыну, а таксама маглі арганізоўваць свае маршруты па святынях. Варта адзначыць, што, каб атрымаць сертыфікат па апошніх дзвюх спецыялізацыях, сюды прыязджаюць і з іншых дыяцэзій. Яшчэ па ініцыятыве арцыбіскупа Юзафа Станеўскага ў каледжы ўвялі «сурдапераклад» з ухілам на касцёльную тэрміналогію — каб імшы былі даступныя і людзям з абмежаваннямі па слыху і мове.

І яшчэ адзін немалаважны факт — навучацца тут могуць усе, каму больш за 18 гадоў, і — да бясконцасці.[/su_quote]

Ксёндз Ян працягвае:

— Акрамя асноўных прадметаў, спецыялізацыя выбіраецца на апошніх курсах. Паколькі навучанне цяпер чатырохгадовае, існуе магчымасць абраць усе спецыяльнасці адразу.

— Ці плануецца неяк пашырыць спіс спецыялізацый каледжа і што гэта можа быць?

— Плануецца, але аб гэтым рана казаць. Сёння мы маем пяць спецыялізацый, і яшчэ ёсць задума развівацца, але пакуль не гатовы яе агучыць. Магу толькі сказаць, што гэта будзе штосьці ў напрамку літургікі.

Адметнасці мінскага каледжа

У Беларусі дзейнічаюць некалькі падобных каталіцкіх навучальных устаноў: Баранавіцкі катэхетычны каледж імя Зыгмунда Лазінскага, Гродзенскі тэалагічны каледж імя святога Казіміра і ў Мінску. Што адрознівае Мінскі тэалагічны каледж ад іншых?

— Ад Баранавіцкага каледжа адрознівае тое, што наш каледж — тэалагічны. Таму ў нас акцэнт на тэалагічныя дысцыпліны. Гэта дагматычная, фундаментальная, маральная тэалогія, тэалогія духоўнасці, Святое Пісанне (Стары і Новы Запавет), гісторыя Касцёла, літургіка, педагогіка і іншыя. Зараз навучанне ў каледжы доўжыцца чатыры гады, і гэта дае магчымасць павялічыць колькасць гадзін па тэалагічных прадметах, бо менавіта яны з’яўляюцца асновай навучальнай праграмы. Што тычыцца Гродзенскага каледжа, то ў свой час мы падзяліліся з імі планамі, напэўна, штосьці яны ўзялі ад нас, штосьці не.

Мінскі тэалагічны каледж мае свае парадкі і ў арганізацыі навучання. Ксёндз Ян Крэміс тлумачыць:

— Ад самага пачатку ў нас абрана днём навучання выключна субота, ад раніцы да вечара, але каб у адзін дзень, і каб нядзеля, Дзень Пана, была вольная. Гэта вельмі зручна для тых, хто прыязджае да нас здалёк, з іншых абласцей. Напрыклад, у гэтым годзе геаграфія мясцін, адкуль першакурснікі будуць да нас прыязджаць, значна пашырылася — гэта ўжо ад Гомеля да Лепеля і Ліды. Магчыма, наша адрозненне і ў тым, што нашая навучальная ўстанова месціцца ў цэнтры краіны, у сталіцы.

— Усе, хто скончыў каледж, памятаюць вашы патрабаванні — не спісваць, не карыстацца інтэрнэтам падчас іспытаў і гэтак далей. А што наконт штучнага інтэлекту, як да яго будзе ставіцца каледж?

— Так, як напісана ў энцыкліцы папы Льва XIV Magnifica humanitas, якая у хуткім часе будзе апублікавана на беларускай мове. Таму каледж будзе кіравацца дакладна крытэрыямі, вызначанымі Святым Айцом.

Выкладчыкі і патрабаванні: якасць адукацыі

— Нагадаем чытачам, што Вы, акрамя кіраўніцтва каледжам, узначальваеце Секцыю па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакраментаў пры ККББ. Што Вы ўносіце з гэтай сферы ў арганізацыю навучальнага працэсу ў каледжы?

— Перш за ўсё гэта тычыцца літаратуры, якая павінна выкарыстоўвацца падчас навучання. Гэта павінны быць тыя выданні, якія маюць імпрыматур — інакш кажучы, кнігі афіцыйныя, правераныя, зацверджаныя, з тэрміналогіяй, якая прынята Касцёлам і якой ён карыстаецца. Навучэнцы павінны памятаць, што ў нас ёсць усходняя і заходняя традыцыі, і кожная мае права на існаванне, але ж кожная існуе са сваім багаццем тэрмінаў, таму мы заклікаем, каб навучэнцы разумелі гэта і ўспрымалі як адметнасць нашай культуры.

Ксёндз Ян Крэміс заўважыў, што на працягу першых шасці гадоў існвання Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі святога Тамаша Аквінскага ў Пінску ён займаў пасаду віцэ-рэктара і быў кіраўніком навучальнага працэсу, таму быць дырэктарам каледжа — гэта лагічны працяг:

— Досвед адтуль заклаў аснову і для нашага каледжа. Таму наш каледж — гэта тая ж
«семінарыя», толькі ў паменшаным памеры, - тлумачыць ксёндз Ян.

— Што датычыцца выкладчыкаў каледжа — колькі іх цяпер і якія патрабаванні прад'яўляе да ўдзельнікаў навучальнага працэсу ксёндз Ян Крэміс?

— Перш за ўсё, у іх павінна быць жаданне (усміхаецца), замацаванае дэкрэтам біскупа аб прызначэнні выкладчыкам. Паколькі прадметы розныя, таму павінна быць і адпаведная кваліфікацыя. Таксама павінна быць добрае веданне беларускай мовы, паколькі навучанне ў каледжы праводзіцца на ёй. Сёння ў нас 25 выкладчыкаў. Гэта духоўныя і свецкія асобы, якія маюць адпаведныя навуковыя ступені. І гэта не менш за 50 % ад першапачатковага складу выкладчыкаў, які існаваў у першыя гады. З часам хтосьці новы прыходзіць, як той жа ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, які сёння стаў выкладчыкам каледжа. Хтосьці ўжо адышоў да Пана Бога, як ксёндз Дзмітрый Барыла, які быў у нас шматгадовым выкладчыкам кананічнага права.

Чатырохгадовае навучанне: што зменіцца ў будучыні каледжа і яго выпускнікоў

— Ужо два гады, як каледж перайшоў на чатырохгадовае навучанне, і наступны выпуск будзе толькі ў 2028 годзе. Як гэта адаб’ецца на праграме? Якіх прадметаў стане больш? Што зменіцца ў навучальным працэсе?

— Павялічыцца колькасць гадзін па Святым Пісанні, дагматычнай тэалогіі, гісторыі Касцёла. Прадметы будуць больш раскладзены на чатыры гады. Напрыклад, тое ж Святое Пісанне — Стары Запавет, які раней мы вывучалі толькі год, і гэта было вельмі складана для навучэнцаў, бо вельмі аб’ёмны прадмет, зараз будзе выкладацца два гады. Тое ж тычыцца і дагматычнай тэалогіі, і гісторыі Касцёла. Усё астатняе застанецца з большага, як і было — на апошнім курсе выпускны экзамен eх universa з пяццю дысцыплінамі (Стары і Новы Запаветы, дагматычная тэалогія, гісторыя Касцёла і кананічнае права) і абарона дыпломнай працы.

— У некаторых краінах ёсць розныя формы каталіцкіх навучальных устаноў, нават універсітэты. Наколькі верагодна, каб і Мінскі тэалагічны каледж калі-небудзь ператварыўся ва ўніверсітэт?

— Было б добра, каб так сталася. Трэба аб гэтым маліцца.

— А калі б уявіць, што да вас прыходзіць выпускнік каледжа праз 20 гадоў. Наколькі каледжу будзе цікава, які след ён пакінуў у жыцці былога выпускніка, і як гэты след павінен праявіцца?

— Напэўна, у кожнага гэты след асабісты, і шмат выпускнікоў ужо выконваюць сваё служэнне. Сапраўды ў нас ёсць задума — стварыць нешта падобнае на такое «Імі ганарыцца каледж». Напрыклад, нашы дзве студэнткі зрабілі музеі — адна ў Вішневе пра ксяндза Уладзіслава Чарняўскага, другая ў Касцяневічах пра ксяндза Станіслава Жука. Ёсць і тыя, хто ладзіць пілігрымкі, хтосьці служыць як катэхет, хтосьці супрацоўнічае ў каталіцкіх СМК (сродках масавай камунікацыі — рэд.), служыць у душпастырстве людзей з абмежаваннямі. Усе гэтыя шляхі вельмі цікавыя і важныя для каледжа.

— Як павінны змяніцца сённяшнія першакурснікі пасля каледжа?

— Безумоўна, кожная духоўная сустрэча ўзбагачае. А пражыўшы тры ці чатыры гады ў каледжы, калі ўдзельнічаеш не толькі ў занятках, але і ў інагурацыі, як сёння, а гэта сапраўдная духоўная падзея, асабліва на пачатку года, калі на гэтую ўрачыстасць запрашаюцца і сем’і, і блізкія, то напэўна гэта не праходзіць дарэмна. Тут усё адбываецца накшталт пасеянага зерня, далейшы лёс якога залежыць ад таго, на якую глебу яно ўпадзе. Калі на скалу — гэта адно, а калі на добрую і падрыхтаваную зямлю, то і плён у гэтага зярняці будзе адпаведны. Ад самога чалавека шмат залежыць: наколькі ён будзе адкрыты каледжу, настолькі і каледж узбагаціць яго.

Размаўляла Жанна Мецеж