Skip to main content

У Бялынічах адзначылі 265-годдзе каранацыі абраза Маці Божай Бялыніцкай — Каралевы Беларусі

6 верасня
  • 7 верасня, 2026
  • Фота: Віктар Ведзень // Catholicminsk.by

6 верасня Бялынічы зноў сталі месцам асаблівай малітвы і сустрэчы вернікаў з розных куткоў Беларусі. У гэты дзень тут урачыста адзначылі 265-годдзе каранацыі папскімі каронамі цудатворнага абраза Маці Божай Бялыніцкай — аднаго з найбольш шанаваных марыйных выяваў на беларускіх землях. Каранацыя абраза адбылася 20 верасня 1761 года. Праз 265 гадоў вернікі зноў сабраліся ў Бялынічах, каб не толькі ўзгадаць славутую старонку гісторыі, але перадусім засведчыць, што культ Маці Божай Бялыніцкай застаецца жывым, а само гэтае месца паступова вяртае сабе значэнне аднаго з важных марыйных цэнтраў Беларусі. На юбілейную ўрачыстасць прыбылі сотні пілігрымаў, у тым ліку ўдзельнікі XI пешай пілігрымкі Магілёў — Бялынічы. Нягледзячы на дажджлівае надвор’е, вернікі, святары і кансэкраваныя асобы засталіся на малітве, ператвараючы свята ў выразнае сведчанне веры і прывязанасці да Багародзіцы.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB: Бялынічы павінны зноў стаць месцам пілігрымавання

На пачатку ўрачыстай святой Імшы прысутных прывітаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Генеральны вікарый для Магілёўскага рэгіёна біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Ён сардэчна прывітаў Апостальскага нунцыя Іньяцыё Чэффаліа, Мітрапаліта Юзафа Станеўскага, біскупаў, архімандрыта Сяргея Гаека, святароў і кансэкраваных асоб, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, гасцей і шматлікіх пілігрымаў, а таксама хор Transitus з парафіі святога Францішка Асізскага ў Копішчы — Новай Баравой.

У сваім слове біскуп Аляксандр нагадаў гісторыю Бялыніцкай святыні і шматвяковую пілігрымскую традыцыю гэтага месца. На працягу стагоддзяў сюды ішлі пешшу, ехалі на конях і фурманках, пазней — на роварах і аўтобусах католікі, уніяты, праваслаўныя і людзі розных народаў. Бялынічы былі сапраўдным цэнтрам марыйнай пабожнасці. Іерарх таксама сфармуляваў тры важныя пастырскія заклікі:

  • адраджаць пілігрымкі да Маці Божай Бялыніцкай,
  • маліцца аб адшуканні і вяртанні арыгінальнага цудатворнага абраза,
  • імкнуцца да адбудовы ў Бялынічах санктуарыя Маці Божай Бялыніцкай — Каралевы Беларусі.

Асабліва выразна прагучала просьба аб магчымасці пабудовы санктуарыя ў Бялынічах як месца, якое мела б не толькі рэлігійнае, але таксама гістарычнае і культурнае значэнне для ўсёй краіны.

Разам з Папам Львом XIV

Галоўным цэлебрантам урачыстай Эўхарыстыі стаў Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа. Разам з ім святую Імшу канцэлебравалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB і Юрый Касабуцкі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, а таксама шматлікія святары. Ва ўрачыстасці ўдзельнічаў таксама Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Асаблівым знакам еднасці з сусветным Касцёлам стала тое, што Апостальскі нунцый прыбыў у Бялынічы з прывітаннем і благаслаўленнем Папы Льва XIV. У пачатку гаміліі арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа перадаў прысутным айцоўскае прывітанне Пантыфіка і яго Апостальскае благаслаўленне.

«Падзея, якая аб’ядноўвае веру, гісторыю і ідэнтычнасць»

 Цэнтральным духоўным момантам Эўхарыстыі стала гамілія Апостальскага нунцыя. Арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа звярнуў увагу, што юбілей Бялыніцкага абраза нельга разглядаць толькі як успамін гістарычнай падзеі. Гэта частка жывой памяці народа — падзея, якая звязвае веру, гісторыю і ідэнтычнасць. Нунцый нагадаў, што каранацыя абраза адбылася 20 верасня 1761 года і стала не толькі значнай касцёльнай падзеяй, але таксама знакам еднасці для народа.

Духоўныя карані, падкрэсліў іерарх, не з’яўляюцца цяжарам мінулага. Наадварот, яны — дар, які дазваляе чалавеку і народу трывала стаяць у сучаснасці і з надзеяй глядзець у будучыню.

Марыя заўважае тое, чаго нам не хапае

Разважаючы над Евангеллем пра вяселле ў Кане Галілейскай, арцыбіскуп Чэффаліа звярнуў увагу на постаць Марыі, якая першай заўважыла праблему людзей і прынесла яе свайму Сыну. Гэтая евангельская сцэна, паводле нунцыя, паказвае Марыю як Маці ўважлівую, далікатную і здольную заўважаць тое, чаго чалавеку не хапае. Асабліва сімвалічна, што першы цуд Хрыста адбыўся не ў святыні, а ў сямейным доме, падчас вяселля. Гэта нагадвае, што Бог хоча быць прысутным не толькі ў касцёльнай прасторы, але ў штодзённым жыцці чалавека — у сям’і, адносінах, радасцях і праблемах. Ператварэнне вады ў віно становіцца знакам глыбейшага ператварэння чалавечага сэрца. Нунцый перасцярог перад верай, якая можа застацца выключна знешнім абрадам. Сапраўдная вера павінна ператварацца ў любоў, братэрства, салідарнасць, міласэрнасць і мір. Як падкрэсліў арцыбіскуп, вера, якая не становіцца любоўю, застаецца толькі абрадам, а вера, якая ператвараецца ў любоў, становіцца сведчаннем.

«Рабіце ўсё, што Ён вам скажа»

Адным з ключавых пасылаў гаміліі сталі словы Маці Божай, скіраваныя да слугаў у Кане Галілейскай: «Рабіце ўсё, што Ён вам скажа» (пар. Ян 2, 5). Паводле Апостальскага нунцыя, гэтыя словы Марыя працягвае скіроўваць сёння да Касцёла і народа. Гэта заклік даверыцца Евангеллю і ператварыць веру ў сілу, здольную змяняць сучаснасць і адкрываць будучыню.

Марыя вучыць заўважаць тое, чаго не хапае чалавеку, сям’і і грамадству, і прыносіць гэтыя недахопы да Хрыста, каб Ён мог ператварыць іх у ласку.

Арцыбіскуп Чэффаліа асабліва падкрэсліў грамадскі вымярэнне веры. Вера не павінна ізаляваць чалавека ці падзяляць людзей. Яна стварае супольнасць, будуе масты, падтрымлівае чалавечую годнасць і вучыць узаемнай адказнасці. Звяртаючыся да сем’яў, нунцый пажадаў, каб яны заставаліся месцамі любові, падтрымкі і перадачы духоўных каштоўнасцяў, а да моладзі — каб духоўныя карані не заставаліся «музейным экспанатам», але станавіліся часткай яе штодзённых рашэнняў. Завяршаючы гамілію, прадстаўнік Святога Айца даручыў Маці Божай Бялыніцкай шлях Касцёла і ўсёй Беларусі, сем’і і моладзь, церпячых і тых, хто нясе грамадскую адказнасць. Юбілей, паводле арцыбіскупа Чэффаліа, павінен быць адначасова ўдзячнасцю за мінулае і гатоўнасцю будаваць будучыню з верай, мужнасцю і надзеяй.

Малітва за Касцёл, Беларусь, сем’і і пакліканні

У малітве вернікаў асаблівым чынам былі прадстаўлены Богу інтэнцыі Касцёла і беларускага народа. Вернікі маліліся:

  • за Каталіцкі Касцёл, каб ён верна захоўваў Божае слова, абвяшчаў Евангелле свету і быў знакам надзеі і еднасці;
  • за Папу Льва XIV, прысутных біскупаў і святароў;
  • за Беларусь і беларускі народ — аб трывалым міры, узаемнай павазе, справядлівасці і дабрабыце.

Асобная просьба прагучала за парафію ў Бялынічах і ўсіх пілігрымаў, каб кожны, хто з верай прыходзіць да Маці Божай Бялыніцкай, знаходзіў суцяшэнне ў смутку, ацаленне ў хваробах і благаслаўленне для сваіх сем’яў. Маліліся таксама за хворых, церпячых, самотных і тых, хто страціў надзею; аб новых святых і высакародных пакліканнях да святарства, манаскага і місійнага жыцця; за семінарыстаў і фарматараў, кансэкраваных асоб і свецкіх апосталаў; за памерлых, а таксама за ўсіх удзельнікаў урачыстасці, каб прыклад вернасці Марыі дапамагаў ім быць сведкамі веры ў штодзённым жыцці.

Беларусь даверылі Маці Божай Бялыніцкай

Адным з найбольш значных момантаў урачыстасці стаў Акт прысвячэння Беларусі Маці Божай Бялыніцкай — Каралеве Беларусі, які пасля Эўхарыстыі здзейсніў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У малітве Маці Божай былі давераны Беларусь, яе народ, будучыня, сем’і, дзеці і моладзь, хворыя і церпячыя, Касцёл і ўсе, хто шукае міру і бяспекі. Сутнасцю акта стала абяцанне вернасці Богу, Евангеллю і хрысціянскім каштоўнасцям, а таксама просьба, каб у Беларусі панавалі мір, згода, справядлівасць, павага да чалавечай годнасці і салідарнасць. Асаблівае месца ў прысвячэнні заняла малітва аб адшуканні і вяртанні арыгінальнага цудатворнага абраза Маці Божай Бялыніцкай, каб ён зноў заняў належнае месца ў сэрцы гэтай зямлі. Таксама прагучала просьба аб адбудове санктуарыя ў Бялынічах, каб ён стаў жывым цэнтрам малітвы, пілігрымак, пакаяння і духоўнага адраджэння. Будучая святыня была даверана Марыі як знак адраджэння веры, надзеі, еднасці і міру ў Беларусі. Пасля Акта прысвячэння Мітрапаліт Юзаф Станеўскі здзейсніў таксама асвячэнне новых вотаў — ватыўных дароў, прынесеных у знак удзячнасці Маці Божай Бялыніцкай за атрыманыя ласкі і Яе заступніцтва.

Хор Transitus з Новай Баравой

Музычнае суправаджэнне ўрачыстай літургіі забяспечыў хор Transitus з парафіі святога Францішка Асізскага ў Копішчы — Новай Баравой пад кіраўніцтвам Веранікі Раманенкавай. Прысутнасць францішканскага хору мела сёлета дадатковы сімвалічны сэнс. У Каталіцкім Касцёле працягваецца юбілей, звязаны з 800-годдзем смерці святога Францішка Асізскага. На ўрачыстасці прысутнічаў таксама брат Алег Шэнда OFMCap, настаяцель Беларускай кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў.

Словы падзякі

Напрыканцы святой Імшы пробашч парафіі Маці Божай Бялыніцкай выказаў удзячнасць усім, хто прычыніўся да падрыхтоўкі і правядзення юбілейнай урачыстасці. Асаблівыя словы падзякі былі скіраваныя да Апостальскага нунцыя арцыбіскупа Іньяцыё Чэффаліа за ўзначаленне Эўхарыстыі і абвяшчэнне Божага слова. Пробашч таксама прывітаў і павіншаваў Мітрапаліта Юзафа Станеўскага, узгадваючы, што менавіта ў 2021 годзе — падчас папярэдняй бялыніцкай «пяцігодкі» — ён быў прызначаны Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім. Падзяка прагучала біскупам Аляксандру Яшэўскаму і Юрыю Касабуцкаму, біскупу Алегу Буткевічу, архімандрыту Сяргею Гаеку, усім святарам і кансэкраваным асобам. Словы ўдзячнасці былі таксама скіраваныя прадстаўнікам Бялыніцкага раённага выканаўчага камітэта за супрацоўніцтва і неабходныя дазволы для арганізацыі ўрачыстасці. Сярод гасцей прысутнічала начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Бялыніцкага райвыканкама Іна Віктараўна Ігнатовіч. Пробашч падзякаваў хору Transitus, літургічнай службе алтара, арганізатарам, валанцёрам, парафіянам, гаспадыням і ўсім тым, хто працаваў над тым, каб сотні пілігрымаў маглі годна перажыць гэтае свята. Пасля Эўхарыстыі парафіяне запрасілі ўсіх удзельнікаў да супольнага пачастунку.

«Ідзіце і абвяшчайце Евангелле»

Аднак завяршэнне свята мела яшчэ адзін, незвычайны і вельмі сімвалічны акцэнт. Пробашч нагадаў, што чалавек не можа зрабіць усяго сваімі сіламі: можна маліцца, клапаціцца, дапамагаць, прасіць прабачэння і прабачаць, але цуды неабходна пакінуць Богу. Задача хрысціяніна — абвяшчаць Евангелле. У сувязі з гэтым для ўдзельнікаў урачыстасці былі падрыхтаваны сімвалічныя тапкі. Першыя пары атрымалі біскупы, пасля чаго абутак раздалі моладзі і іншым жадаючым. Сэнс гэтага незвычайнага падарунку быў просты: узяць абутак і ісці абвяшчаць Евангелле — расказваць іншым, што Бог праз рукі Багародзіцы працягвае здзяйсняць цуды ў Бялынічах.

Бялынічы зноў клічуць пілігрымаў

Юбілей 265-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Бялыніцкай паказаў, што гісторыя гэтага месца не завяршылася. Старажытны цудатворны абраз пакуль не вярнуўся. Санктуарый яшчэ чакае свайго адраджэння. Але ўжо сёння ў Бялынічы вяртаюцца пілігрымы, тут гучыць малітва, збіраецца Касцёл, а імя Бялыніцкай Багародзіцы ўсё выразней вяртаецца ў рэлігійную свядомасць беларускага народа. Прысутнасць прадстаўніка Святога Айца, Мітрапаліта, біскупаў лацінскага абраду і кіраўніка грэка-католікаў Беларусі, святароў, кансэкраваных асоб і сотняў вернікаў стала бачным знакам таго, што Бялынічы зноў становяцца месцам сустрэчы. І, магчыма, менавіта словы з гаміліі арцыбіскупа Іньяцыё Чэффаліа найбольш дакладна перадаюць сэнс гэтага юбілею: духоўныя карані дадзены нам не для таго, каб заставацца толькі ў мінулым. Яны дапамагаюць будаваць будучыню. Будучыню з верай, мужнасцю і надзеяй.

У наступным годзе ў Бялынічах — калі Пан Бог дазволіць і будзем жывыя — сустрэнемся ў апошнюю суботу лета: 28 жніўня ў 14.00. Усіх шчыра запрашаем!

Маці Божая Бялыніцкая, Каралева Беларусі, маліся за нас!

Кс. мгр ліц. Іосіф Сярпейка