Skip to main content

Падчас пастырскай сустрэчы ў Мінску прысутныя павіншавалі арцыбіскупа Кандрусевіча з імянінамі

29 кастрычніка
  • 30 кастрычніка, 2025
  • Фота: кс. Павел Эйсмант // Catholicminsk.by

29 кастрычніка ў касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску адбылася пастырская сустрэча святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Дата гэтага духоўнага мерапрыемства была вызначана адмыслова. Напярэдадні, у літургічнае свята святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша, свае імяніны адзначаў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Сустрэча распачалася супольнай малітвай Літургіі Гадзінаў. Затым духоўны айцец архідыяцэзіі ксёндз канонік Андрэй Далянскі прамовіў духоўную канферэнцыю. У ёй святар прапанаваў субратам у святарстве паразважаць над тэмай іх актыўнага ўдзелу у касцёльных мерапрыемствах, а таксама прыкладу жыцця для вернікаў і малодшых субратоў, які з гэтага ўдзелу вынікае. Ставячы ў цэнтры ўвагі тэму хрысціянскай надзеі, якой прысвечаны цяперашні юбілейны год у Касцёле, ксёндз Далянскі моцна падкрэсліў важную ролю іншай цноты — цярплівасці — у жыцці і служэнні святароў.

Пасля адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту адбылася святая Імша, якую ўзначаліў дастойны імяніннік.

Напачатку арцыбіскуп прызнаўся, што па прычыне яго лячэння пастырская сустрэча была перанесена з 28 кастрычніка на наступны дзень, і падзякаваў усім за малітвы ў яго інтэнцыі.

У гаміліі арцыпастыр перадусім падкрэсліў значэнне святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша як місіянераў свайго часу. Святы Сымон запісаўся ў гісторыю хрысціянства як чалавек руплівы ў абвяшчэнні Добрай Навіны, а святы Юда Тадэвуш вядомы як апякун у цяжкіх справах.

Іерарх нагадаў, што Езус і ў наш час кліча сваіх апосталаў: біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх і кожнаму з іх вызначае канкрэтную місію, якую яны павінны рэалізаваць у канкрэтным месцы і часе. 36 гадоў таму ён паклікаў святара Тадэвуша Кандрусевіча да біскускага служэння, каб распачаць місію адраджэння Касцёла ў Беларусі і Расіі.

Дэвізам свайго служэння Quis ut Deus — «Хто ж як Бог» — ён хацеў ушанаваць вернікаў, якія ў складаныя часы пераследу веры і Касцёла не адракліся Бога і менавіта Яго паставілі на першае месца, і падкрэсліць, што ў сваім біскупскім служэнні таксама будзе старацца ставіць Бога на першае месца.

Арцыбіскуп растлумачыў, што для яго азначае выраз «ставіць Бога на першае месца»:

«Не гуляць у паліткарэктнасць у маральных справах, каб спадабацца свету і чакаць ад яго апладысментаў, а абвяшчаць нязменную праўду Евангелля, бо маўчаннем здраджваецца Бог; не дастасоўваць веры да сучасных ліберальных ідэалогій, а бараніць Божы закон і супрацьстаяць амаральным паталогіям сучаснасці».

Іерарх таксама прыгадаў 35-годдзе адраджэння кананічных структур Касцёла ў Беларусі, якое будзе святкавацца ў 2026 годзе. «За гэты час шмат зроблена, але не ўсё ўдалося, — звярнуў увагу ён. — Таму падрыхтоўка да святкавання гэтай круглай даты павінна ўключаць у сябе не толькі ўдзячнасць Богу за новыя магчымасці, але таксама стаць рахункам сумлення і актам перапрашэння за нявыкарыстаныя магчымасці». 

Адказ на заклік Хрыста: «Ідзі за Мной!» — гэта, паводле арцыпастыра, адначасова дар і заданне, якое магчыма выканаць толькі праз навяртанне розуму і сэрца. Важнай справай для кожнага верніка з’яўляецца прыняць крыж Хрыста і ўбачыць свет такім, якім яго бачыць Езус.

«Наследаванне Хрыста адбываецца не на нашых, але на Яго ўмовах, што патрабуе ад нас адмовы ад эгаізму, канкурыруючых інтарэсаў і пошуку папулярнасці секулярнага свету, — папярэдзіў прамоўца. — Калі мы паддадзімся ўплывам маральнага рэлятывізму, то замест быць святлом свету, якое асвятляе грахоўную цемру, станем толькі люстэркам, а замест быць духоўнай соллю, якая захоўвае ад маральнага сапсавання, нас будзе характарызаваць бязсмакавая абыякавасць да праўды Евангелля». 

Аўтарытэт пастыра і кансэкраванай асобы, перакананы арцыбіскуп Кандрусевіч, заключаецца не ў тым, каб весці людзей да сябе, але да Хрыста.

«Езус тры разы пытаўся апостала Пятра, ці ён любіць Яго? У цэнтры нашага служэння знаходзіцца любоў. Наша любоў да Хрыста — гэта адказ на Яго любоў да нас. Нашым заданнем ёсць дапамагаць людзям зразумець, што Езус не стамляецца іх любіць, нягледзячы на іх нявернасць Яму», — сказаў іерарх і дадаў: «Мы павінны быць праваднікамі Божай любові, якая суцяшае і дае надзею, кідае выклік і змяняе, даручае і пасылае».

Прамоўца нагадаў слухачам словы Папы Льва XIV, якія ён сказаў да біскупаў: для паспяховага пастырства біскуп павінен дазволіць Езусу абнавіць яго, каб стаць падобным да Сэрца Езуса і таямніцы Яго любові. Святы Айцец, звяртаючыся да святароў, падкрэсліў, што сучасны свет прапануе сумнеўныя і павярхоўныя мадэлі поспеху і прэстыжу. Замест захапляцца імі, паводле слоў іерарха, «неабходна звяртаць увагу на прыклад тых, хто раней служыў Богу з верай і адданасцю. А такіх у беларускім Касцёле было шмат, асабліва ў часы ганенняў». Пантыфік таксама сказаў, што Касцёл давярае кансэкраваным асобам заданне быць жывымі сведкамі першынства Бога ў сваім жыцці і дапамагаць іншым развіваць гэтае сяброўства.

«У наш гліняны посуд Бог уклаў багацце святарства і кансэкраванага жыцця. Мы павінны з пакорай дзякаваць Яму за яго і дзяліцца ім з іншымі», — нагадаў прысутным арцыбіскуп.

У год надзеі прамоўца чарговы раз звярнуўся да слоў апостала Паўла «надзея не асароміць» (пар. Рым 5, 5). Абвяшчэнне гэтай праўды, паводле слоў Папы Льва XIV, азначае рух супраць цячэння. «Нягледзячы на гэта і застаючыся ўкаранёнымі ў Богу і поўнасцю адданымі служэнню Касцёлу, будзем сведкамі надзеі, нават насуперак надзеі», — заклікаў прысутных дастойны іерарх.

«Беларускі Касцёл павінен быць місійным, а не статычным. Ён не можа стаяць на месцы, але павінен ісці наперад. Зыходзячы з выклікаў сучаснасці, павінен імгненна адказваць на іх, бо заўтра можа быць позна. Цягнік адыдзе без нас, а ў ім людзі, якія чакаюць нашай дапамогі»,

— акцэнтуючы кожны выраз, моцна прамовіў арцыпастыр.

Сваю гамілію арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў малітвай: «Божа, праз заступніцтва святых Сымона і Юды Тадэвуша над беларускай зямлёй дай нам ласку мужнага служэнння Касцёлу ў наш час з яго небяспечнымі выклікамі, каб мы не страцілі надзею і ў руках Езуса сталі інструментамі патрэбнай для збаўлення Божай ласкі».

Пасля благаслаўлення прадстаўнікі духавенства архідыяцэзіі, а таксама архімандрыт Сяргей Гаек, скіравалі словы віншаванняў у адрас арцыпастыра. Да віншаванняў далучыўся арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Напрыканцы сустрэчы сабраныя святары выслухалі аб’явы, між іншым, што пастыр архідыяцэзіі абвясціў новыя прызначэнні некаторых святароў на новыя душпастырскія пляцоўкі.