Skip to main content

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі віншуе настаўнікаў Беларусі з іх прафесійным святам

4 кастрычніка
  • 4 кастрычніка, 2026
  • Catholicminsk.by

У першую нядзелю кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень настаўніка. Сёлета гэтае свята прыпадае на 4 кастрычніка. З гэтай нагоды Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе ўсім працаўнікам сферы адукацыі словы віншаванняў з іх прафесійным святам.

Паважаныя настаўнікі, выхавацелі і ўсе працаўнікі сферы адукацыі!

Дарагія браты і сёстры!

З глыбокай пашанай і ўдзячнасцю ў сэрцы звяртаюся да вас у гэты святочны дзень — Дзень настаўніка. Сёння, калі мы дзякуем Богу за дар вашага паклікання, я хачу ад імя Каталіцкага Касцёла ў Беларусі скіраваць да кожнага з вас словы падзякі.

Быць настаўнікам — гэта не проста прафесія, а сапраўдная місія, вялікае і адказнае пакліканне, даверанае вам самім Творцам. Вы не проста перадаеце веды, вы фармуеце чалавечыя душы, запальваеце ў сэрцах маладых людзей агонь праўды, дабрыні і вернасці тым каштоўнасцям, на якіх стагоддзямі трымаецца наша беларуская зямля.

Кожны вучань, якога вы сустракаеце, — гэта неапрацаваны алмаз, і менавіта ваша цярплівасць, ваша мудрасць, а таксама бацькоўская і матчына чуласць дапамагаюць гэтаму каменю зазіхацець Божым святлом. Вы вучыце нашых дзяцей быць чалавечнымі, любіць сваю Бацькаўшчыну, паважаць старэйшых і будаваць сваё жыццё на трывалым фундаменце маральнасці.

У гэты святочны дзень прагну пажадаць вам, дарагія педагогі, моцнага здароўя, невычэрпнай духоўнай энергіі і хрысціянскай надзеі. Няхай Божы Настаўнік — Езус Хрыстус — заўсёды будзе для вас прыкладам цярплівасці і бязмежнай любові да вашых вучняў. Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, Сталіца мудрасці і Маці добрай рады, атуляе вас і вашыя сем’і сваёй матчынай апекай. Няхай кожны дзень вашай працы прыносіць багатыя плёны і шчырую ўдзячнасць ад вашых выхаванцаў.

Выпрошваю для вас, вашых вучняў і ўсіх занятых у сферы адукацыі і выхавання шчодрых Божых ласкаў, благаслаўлення і святла Духа Святога.

Са святам! З Днём настаўніка!

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі