Skip to main content

Арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Маці Божай Ружанцовай у Мінску

3 кастрычніка
  • 5 кастрычніка, 2026
  • Фота: ксёндз Павел Эйсмант, Мікалай Клімук // Catholicminsk.by

3 кастрычніка арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў мінскую парафію Маці Божай Ружанцовай (Лошыца), якая святкавала адпуст, і ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі.  

Гэтае свята праслаўляе заступніцкую моц Марыі. Яно было ўстаноўлена Папам Піем V у знак падзякі за перамогу хрысціянскага флоту над флотам Асманскай імперыі пад Лепанта 7 кастрычніка 1571 года. Гэтая лёсавызначальная перамога абараніла хрысціянскую тоеснаць Еўропы. З таго часу Ружанцовая малітва стала вельмі папулярнай.

У гаміліі арцыбіскуп нагадаў, што ў наш час Папы заклікаюць вернікаў маліцца на ружанцы – як сузіральнай малітвай, скіраванай на збаўчыя таямніцы Хрыста і сувязь Марыі з Ім і Яго збаўчай місіяй. Папа Ян Павел II назваў Ружанец «хрыстацэнтрычнай малітвай». У ёй мы разважаем пра жыццё, смерць, ўваскрасенне і ўнебаўшэсце Езуса, а таксама пра ўнебаўзяцце і праслаўленне Марыі ў нябеснай славе. Падчас сваіх аб’яўленняў у Фаціме ў 1917 годзе Марыя прасіла фацімскіх пастушкоў маліцца на ружанцы, каб прадухіліць пагрозу атэізму і наблізіць мір.

Арцыпастыр адзначыў, што ўсё больш папулярнай становіцца малітва «Міліён дзяцей моліцца на Ружанцы», якая ў гэтым годзе пройдзе ва ўсім свеце 7 кастрычніка.

«Дзякуючы Ружанцовай малітве вера захавалася і перадалася маладым пакаленням у часы ганенняў. Не было ні касцёлаў, ні святароў, не абвяшчалася Божае слова, але ў руках людзей заставаўся ружанец – скарот Евангелля. Таму Ружанец – гэта не проста механічнае перабіранне пацерак, а магутная духоўная зброя ў штодзённай барацьбе са злом, а таксама сродак вызнання і перадачы веры»,

— падкрэсліў арцыбіскуп.

Аб гэтым мы павінны памятаць у наш час крызісу веры і неабходнасці яе адраджэння, да чаго нас вядзе Касцёл, асабліва праз сакрамэнт канфірмацыі.

У гімне да Духа Святога мы молімся: «Сыдзі Дух Святы і аднаві воблік зямлі». Воблік зямлі — гэта не столькі інфраструктура, матэрыяльнае становішча людзей, развіццё тэхналогій, колькі духоўны стан чалавека, які, на вялікі жаль, пакідае жадаць лепшага.

Арцыбіскуп Тадэвуш нагадаў, што канец ХХ і пачатак ХХІ стагоддзяў адзначыліся не толькі ласкай атрымання свабоды веравызнання пасля трох пакаленняў ганенняў, але і неадпаведнага яе выкарыстання. Гэта сталася прычынай крызісу веры і заняпаду хрысціянскіх традыцый, якія стагоддзямі фармавалі нашу культуру і тоеснасць.

Паводле прамоўцы, за прыкладамі не трэба хадзіць далёка. Рэлігійнасць выпараецца як гарачая вада. Абвешчаныя Богам праўды веры разбаўляюцца секулярнымі тэндэнцыямі, а на іх месцы прыходзяць погляды, якія супярэчаць Божым праўдам. Наступае дыктатура маральнага рэлятывізму: ён не прызнае абсалютнай праўды, аб’яўленай Богам, і сцвярджае, што ў кожнага праўда свая. Але гэта бессэнсоўна, бо праўда можа быць толькі адна.

Трывогу таксама выклікае рэлігійная абыякавасць, якая вядзе да заняпаду духоўнага жыцця. Замест таго, каб пакланяцца Богу, сучасны чалавек пакланяецца новым тэхналогіям. Ён абагаўляе не Бога, а смартфон, і схіляе над ім галаву:

«У выніку чаго наступае маральная дэградацыя, якая праяўляецца ў крызісе сям’і, знявазе Божага дару жыцця, а таксама ў маральнай распусце. Адно з характэрных для сучаснасці меркаванняў сцвярджае, што ўсе рэлігіі вядуць да збаўлення. Але Святое Пісанне выразна кажа: адзіны Збаўца свету — Езус Хрыстус. Таму рэлігійны сінкрэтызм несумяшчальны з каталіцкай верай».

Арцыбіскуп Тадэвуш разважаў пра захапленне сучаснага свету штучным інтэлектам. З аднаго боку, ён вельмі карысны і можа дапамагаць чалавеку ў паўсядзённым жыцці. З іншага — неэтычнае выкарыстанне спараджае маральныя праблемы і пагражае чалавечай годнасці, калі машына пачынае кіраваць чалавекам.

Гэтыя і падобныя амаральныя тэндэнцыі пагражаюць нашай рэлігійнай тоеснасці, нашаму духоўнаму ДНК. Як хрысціяне, мы не можам заставацца пасіўнымі, калі гаворка ідзе пра абарону нашай веры і сведчанне пра яе.

У гэтым нам дапамагае Дух Святы. Пасля таго, як ён сышоў на апосталаў, якія разам з Марыяй знаходзіліся ў Вячэрніку, яны перасталі баяцца і мужна пачалі абвяшчалі Хрыста і Яго Евангелле.

Сёння пад чулым заступніцтвам Маці Божый Ружанцовай цуд Пяцідзесятніцы паўтараецца ў мінскай Лошыцы, дзе ўдзяляецца сакрамэнт канфірмацыі. Ён умацоўвае канфірмантаў сямю дарамі Духа Святога, каб яны маглі мужна абароняць нашу веры ў час крызісу.  

Але ўмовай гэтага неабходна дазволіць Духу Святому дзейнічаць — адчыніць Яму дзверы нашых сэрцаў. Камп’ютар не будзе працаваць без падключэння да сеткі. Тое самае і з мабільным тэлефонам. Так і мы павінны адкрыцца на дзеянні Духа Святога — і Ён пераменіць нас.  

Вядома, без бензіну аўтамабіль не паедзе. Гэтаксама і без духоўнага «паліва» — Божай ласка і сямі дароў Духа Святога — чалавек не зможа выканаць Божую волю.

Ужо дзве тысячы гадоў Дух Святы кіруе Касцёлам: у часы росквіту, ганенняў і крызісаў. Ён вядзе яго і сёння, калі людзі адыходзяць ад Бога і Яго праўды. Нас трэба толькі супрацоўнічаць з ім, беручы прыклад з Марыі, якая, дзякуючы дзеянню Духа Святога стала Маці Збаўцы.

Гамілію арцыпастыр завяршыў малітвай:

«Божая Маці Ружанцовая, выпрасі нам у Бога ласку супрацоўніцтва з Духам Святым і паслухмянасці яму, каб мы мужна адказвалі на выклікі часу, баранілі веру і яе сведчылі ў штодзённым жыцці з мэтай перамены свету на лепшы».