Пастырскае слова Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага з нагоды прысвячэння Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста Мінска-Магілёўскай Мітраполіі ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай
- 1 ліпеня, 2026
- Фота: Віталій Палінеўскі // Catholicminsk.by
На надыходзячую ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Старшыня ККББ, кіруе вернікам сваё пастырскае слова.
Пастырскае слова Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
арцыбіскупа Юзафа Станеўскага з нагоды прысвячэння Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста Мінска-Магілёўскай Мітраполіі ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай
Будслаўскі Фэст 2026 года
«Ты не застанешся адзін.
Тая, якая стаяла пад Крыжам Хрыста,
Будзе таксама і побач з табою…»
Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце!
Сёння адзначаем урачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай — Апякункі Мінска-Магілёўскай мітраполіі. З ласкі Божага Провіду сёлета спаўняецца 35 гадоў аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Таму ўрачыстасці адбываюцца менавіта тут, у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай. Сёлетнія ўрачыстасці падзякі за 35 год мы перажываем пад дэвізам: «Богу — хвала, Марыі — давер, Касцёлу — вернасць».
Сёння таксама адзначаем 35-ую гадавіну аднаўлення пілігрымак да нашай Будслаўскай Заступніцы. Першыя, яшчэ нешматлікія, пілігрымкі ў 1991 годзе прыйшлі з Мінска, Маладзечна, з гарадоў і вёсак Міншчыны і Віцебшчыны. Удзельнікі тых першых пілігрымак апавядалі, якое здзіўленне было ў людзей, калі пілігрымы ішлі па вёсках і дарогах нашай Бацькаўшчыны да іконы Маці Божай Будслаўскай. Некаторыя людзі бачачы незвычайных вандроўнікаў, пыталіся: «А які фільм здымаюць? Хто вы такія?». Тады ўпершыню кляўзуровыя сёстры дамініканкі апранулі габіты, каб засведчыць сваю прыналежнасць Хрысту.
У тыя гады ў Мінску яшчэ не бачна было людзей, якія хадзілі б у габітах ці ў сутанах, таму для большасці людзей было незразумела, што гэта за людзі з’явіліся ў сталіцы ў такой незвычайнай вопратцы. Таму трэба быць удзячнымі тым святарам і сёстрам, якія не баяліся тады апрануць сутану ці габіт і адважна дабіраліся праз увесь горад на святую Імшу ў Чырвоны касцёл, касцёл на Кальварыйскіх могілках ці катэдру, сваім выглядам і адзеннем сведчачы сваю веру. Магчыма, і на сённяшнюю ўрачыстасць прыбылі тыя першыя адважныя вандроўнікі Марыі. Дзякуй усім вам за вашу адвагу, дзякуй усім святарам, якія тады арганізавалі пілігрымкі ў Будслаўскую святыню: ксёндз Міхал Сапель, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, ксёндз Эдмунд Даўгіловіч, ксёндз Францішак Кісель. Дарэчы, на той фэст прыехалі і першыя семінарысты з гродзенскай семінарыі.
Браты і сёстры! За гэтыя гады ўрачыстасці ў Будславе сталі не толькі рэлігійнай падзеяй, але і сапраўдным нацыянальным святам, на якое збіраюцца шматлікія дзясяткі тысяч пілігрымаў і гасцей з нашай Радзімы і з-за мяжы.
У наш час абраз Маці Божай Будслаўскай стаў агульнабеларускай святыняй, што выразна пацвердзілася каранацыяй абраза папскімі каронамі, якая адбылася 2 ліпеня 1998 года і была здзейсненая кардыналам Казімірам Свёнткам з дэлегацыяй Папы Рымскага Святога Айца Яна Паўла II.
А ўжо ў 2018 годзе Будслаўскі фэст — урачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай — быў уключаны ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА.
У 2025 годзе па ініцыятыве Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, выслухаўшы меркаванне вернікаў і духавенства ў нашай краіне, прызнала мэтазгодным і карысным для далейшага развіцця і ўдасканалення рэлігійнай дзейнасці вызначыць Нацыянальны санктуарый у Будславе як Духоўны цэнтр Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, які прызваны кансалідаваць агульнабеларускія праекты ў галіне духоўнага жыцця хрысціян каталіцкага веравызнання. Касцёл і Дзяржава — гэта сям’я сем’яў.
Браты і сёстры! Людзі прыходзяць і прыязджаюць сюды з вераю і надзеяй, бо тут ужо больш за 400 гадоў знаходзіцца Найсвяцейшая Панна Марыя, наша духоўная Маці, Заступніца, Суцяшальніца, Апякунка і Каралева. Незлічоныя цуды, якія адбыліся на беларускай зямлі праз заступніцтва Маці Божай Будслаўскай, сведчаць пра Яе чулую і нястомную апеку, якою Яна атуляе кожнага з нас. Багародзіца сама заўсёды прагне адорваць нас шматлікімі ласкамі, нават такімі, пра якія мы і не просім, бо хоча весці нас да святасці.
Папа Леў XIV звяртае нашу ўвагу, што «словы Марыі ў Кане Галілейскай “зрабіце ўсё, што Езус вам скажа”, — апошнія, запісаныя ў Евангеллі, і таму яны з’яўляюцца своеасаблівым запаветам Маці сваім дзецям. Зрабіце ўсё, што б Хрыстус вам ні сказаў. Марыя ўпэўненая, што Яе Сын яшчэ скажа, што Яго слова не скончана, што Ён працягвае ствараць, нараджаць, дзейнічаць, напаўняць свет вясною, а вясельныя збаны напаўняць віном. Марыя, як дарожны знак, паказвае, што наш пункт прызначэння — гэта Пан Езус і Яго слова, гэта цэнтр, у якім усё сыходзіцца, гэта асноўная вось, вакол якой круцяцца час і вечнасць».
Святы Айцец Леў XIV услед за Багародзіцай, заахвочвае ўсіх нас: «Зрабіце ўсё, што Ён вам скажа: скажа ўсім Евангеллем, патрабавальным словам, суцяшальнаю чуласцю, напамінам і абдымкамі. Тое, што вы разумееце, і тое, чаго не разумееце. Марыя заклікае нас быць падобнымі да прарокаў: каб мы ў сваім жыцці не змарнавалі ніводнага з Яго словаў» (11.10.2025 г.).
Сапраўды, тэксты Святога Пісання пацвярджаюць, што Маці Езуса ідзе за сваім Сынам крок у крок, радуючыся і пакутуючы з Ім, з мацярынскаю чуйнасцю апякуючыся ўсімі, хто побач з Ім. Таму мы сёння, як нашы продкі на працягу стагоддзяў звяртаемся да Найсвяцейшай Панны Марыі, нашай нябеснай Маці. Яна — узор таго, як трэба адклікацца на Божую ласку, як паводзіць сябе ў тых справах, якія нам трэба здзейсніць, вучыцца ў Яе, і ўрэшце станавіцца падобнымі да Яе, як дзеці падобныя да сваёй маці.
Святы Эскрыва піша, што «ў першую чаргу трэба наследаваць любоў Марыі. Любоў не павінна зводзіцца да пачуццяў — яна павінна праяўляцца ў словах, але перад усім у справах. Дзева Марыя не проста сказала fiat, але ў кожны момант цвёрда і нязменна трымалася гэтага рашэння. Так і мы: калі нас прыспешыць любоў Бога і мы распазнаем, чаго Ён ад нас хоча, тады мы павінны прыняць рашэнне быць вернымі і надзейнымі, і сапраўды быць такімі. Бо Езус сказаў, што “не кожны, хто кажа Мне Пане, Пане, увойдзе ў Нябеснае Валадарства, але той, хто выконвае волю Айца Майго”». Святая Марыя, Настаўніца ва ўсіх нашых справах, вучыць нас сёння паслухмянасці Богу, каб мы сапраўды адкрылі «свабоду хвалы дзяцей Божых» (гл. Рым, 8, 21).
Святы Пій X, папа, гаварыў: «Калі мы хочам усё аднавіць у Хрысце, то без Найсвяцейшай Маці нічога не адбудзецца, роля Маці Божай неацэнная ў нашым збаўленні, збаўленні душ і аднаўленні ўсяго ў Хрысце». Калі мы сапраўды пазнаем Хрыста, мы станем адным з Ім, і аднаўленне настане. Калі часам яно не адбываецца, то гэта таму, што мы ідзем сваім шляхам. Таму святы Аўгустын часта паўтараў: «Я баюся, што Хрыстус пройдзе міма мяне, і я Яго не заўважу; я мушу сустрэць Яго. Мы абавязкова сустрэнемся з Хрыстом, калі Марыя давядзе нас да Яго. Бо кожны святы мае сваё мінулае і кожны грэшнік мае сваю будучыню».
Браты і сёстры! Сёння мы праслаўляем Бога, дзякуючы за 35 гадоў адраджэння і станаўлення касцёльных структур у нашай краіне, таксама здзейснім прысвячэнне Касцёла ў Беларусі Найдаражэйшай Крыві Хрыста, падрыхтоўка да якога адбывалася на працягу дзевяці месяцаў тут, у Нацыянальным санктуарыі. Выказваю шчырую ўдзячнасць усім, хто далучыўся да гэтай малітоўнай акцыі і здзяйсняў пілігрымкі ў Будслаў, асабліва моладзі і першакамунійным дзеткам.
«Кроў Хрыста, якая ў Эўхарыстыі поіць і ачышчае душы, — выбаў нас», — молімся ў Літаніі да Найдаражэйшай Крыві Езуса. Для таго, «каб распачаць новае жыццё», як раіў святы Ян Павел ІІ, патрэбна нашае гарачае імкненне аднавіцца ў Хрысце. І самае галоўнае ў гэтым аднаўленні належыць сакрамэнту пакаяння і сакрамэнту Эўхарыстыі. Дзякуючы Эўхарыстыі, у якой адбываецца перамяненне хлеба і віна ў Цела і Кроў Пана, ажыццяўляецца абяцанне Езуса, нашага Збаўцы: «І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20). Касцёл ёсць там, дзе здзяйсняецца Эўхарыстыя, ён жыве дзякуючы Эўхарыстыі (Ecclesia de Eucharistia, 1).
Мае дарагія! Няхай наша шчырая малітва паспрыяе абуджэнню глыбокай удзячнасці Эўхарыстычнаму Езусу, заахвоціць святароў і вернікаў, кансэкраваных асобаў і прадстаўнікоў рэлігійных рухаў, а таксама дзяцей і моладзь адараваць нашага Збаўцу з належнай пашанай і годна прымаць Яго ў святой Камуніі. Мы спажываем Эўхарыстыю, каб быць моцнымі вераю, каб усведамляць, што Бог, жывы Бог, прысутны ў нашым жыцці, Ён беражэ нас і вядзе да шчаслівай вечнасці. Бог заўсёды хоча весці нас па шляху любові і прабачэння. Ён заўсёды дае нам надзею. Папа Францішак казаў: «Хрыстус жыве! І Ён хоча, каб і ты жыў. Кожны, хто дазваляе Хрысту дакрануцца да свайго сэрца, становіцца нанова маладым маладосцю Езуса Хрыста, Які з’яўляецца найпрыгажэйшай маладосцю гэтага свету».
Дзеля нас Ён праліў сваю Кроў, дзеля нас застаўся назаўсёды ў Эўхарыстыі —табэрнакулюме. Месяц ліпень прысвечаны набажэнству да Найдаражэйшай Крыві Хрыста, таму заахвочваю вас, дарагія вернікі, любая моладзь і дзеці, маліцца Літаніяй да Найдаражэйшай Крыві Хрыста, нашага Пана і Збаўцы.
Дзякуючы Пану Богу за 35 гадоў адраджэння і станаўлення Касцёла ў нашай краіне, хочацца заахвоціць, каб мы, дбаючы пра будучыню нашага Касцёла, на бліжэйшыя гады пастараліся ажыццявіць заклік святога апостала Паўла «аднавіць усё ў Хрысце» (Эф 1, 10).
Кардынал Казімір Свёнтэк, першы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, менавіта гэты дэвіз выбраў для першага Сіноду, дадаўшы: «у нашым партыкулярным Касцёле і ва ўсім грамадстве ў Беларусі». Яго Эмінэнцыя падкрэсліваў, што «Хрыстус, моц Божая і мудрасць Божая, нягледзячы на перашкоды і цяжкасці, з якімі мы сутыкаемся, будзе ўсё больш набліжаць нас да Сябе і яднаць з бліжнімі, каб мы маглі такім чынам паспрыяць будове грамадства згодна з хрысціянскімі традыцыямі, якія грунтуюцца на Евангеллі і на вучэнні Каталіцкага Касцёла». Сапраўды, неверагодная задума Бога, які ў сваёй вялікай міласэрнасці вырашыў не толькі стварыць нас, але і збавіць, паслаўшы ў свет свайго Сына.
Ідучы па прыкладзе святога Паўла, які паўтараў: «Жыццё для мяне — гэта Хрыстус», і святога Пія X, які кіраваўся дэвізам: «Каб аднавіць усё ў Хрысце», — мы павінны выбраць Езуса Хрыста сваім найвышэйшым прыкладам.
Жадаю, каб мы ўсе спазналі адкупленчую сілу Крыві Хрыста, бо ў ёй «моц Божай любові, гарантыя надзеі, паратунак, паяднанне, шлях да новага жыцця».
Няхай праз чулую апеку Маці Божай Будслаўскай у нашай беларускай Кане Галілейскай Езус прыме нашыя малітвы, возьме наш лёс у свае святыя рукі і дасць нам падказку, як нам аднавіць у Ім сваё жыццё ва ўсіх яго вымярэннях.
Кроў Хрыста, якая ў Эўхарыстыі поіць і ачышчае душы, — выбаў нас.
Маці Божая Будслаўская, — маліся за нас. Амэн.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск-Будслаў
чацвер, 2 ліпеня 2026 года
урачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай