«Жупранскі Нотр-Дам»: 150 гадоў веры і гісторыі над ракой Ашмянкай
- 20 жніўня, 2026
- Тэкст: кс. Артур Ляшнеўскі SDB / Фота: poshyk.info // Catholicminsk.by
На самым высокім узгорку Ашмянскага ўзвышша, дзе вецер пераносіць гісторыю, стаіць мураваны велікан. Касцёл святых Пятра і Паўла ў Жупранах святкуе 150-годдзе. Яго сцены памятаюць язычніцкіх баяраў, радзівілаўскія спрэчкі, пажары войнаў і цудоўны выратавальны крыж. А галоўнае — гэтая святыня стала духоўным сэрцам краю, дзе свой апошні спачын знайшоў Францішак Багушэвіч і дзе нарадзілася салезіянская харызма Беларусі.
Гісторыя Жупранскага касцёла
Жупраны — даўняе мястэчка, размешчанае ў самай высокай частцы Ашмянскага ўзвышша, на левым беразе ракі Ашмянкі. Тут на ўзгорку ўжо 150 гадоў стаіць стромкі неагатычны касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла. Гэты велікан памятае не адну вайну, графаў Гутэн-Чапскіх і беларускага песняра Францішка Багушэвіча. Кожны валун, умураваны ў сцены святыні, з’яўляецца сведкам гісторыі пакаленняў, якія тут, у «жупранскім Нотр-Даме», шукалі суцяшэння і падтрымкі.
Пачатак: ад язычніцкага баярына да драўлянай святыні
Першая дата, звязаная з Жупранамі ў гісторыі, — 1407 год. Менавіта тады мястэчка вялікім князем Вітаўтам было падаравана віленскаму ваяводзе Войцеху Манівіду за актыўны ўдзел у Грунвальдскай бітве. Войцех Манівід быў язычніцкім літоўскім баярынам, які пасля прыняцця хросту ў Каталіцкім Касцёле актыўна займаўся распаўсюджваннем каталіцтва ў сваіх уладаннях. Мяркуецца, што падмурак пад каталіцкую парафію ў Жупранах заклаў менавіта ён.

Афіцыйна каталіцкая парафія ў Жупранах вядомая з 1550 года. Гэтая дата лічыцца датай заснавання каталіцкай структуры ў мястэчку. Вядома, што ў тым жа годзе быў узведзены першы драўляны касцёл у гонар Маці Божай Балеснай. Фундатарамі першага касцёла былі Генрык Даўкша і Доўгірд — верагодна, мясцовыя землеўладальнікі.
Князі і Рэфармацыя: як касцёл стаў зборам
Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што цэнтр Жупранаў знаходзіўся крыху ў іншым месцы, чым цяпер. Ён размяшчаўся бліжэй да рэчкі Ашмянкі — там, дзе разбягаюцца дарогі на Замасцяны і Навасёлкі. На беразе, непадалёк ад мосту, і знаходзілася першая святыня мястэчка, а побач — млын, тартак і дзве карчмы. Тры разы на год — у канцы чэрвеня, 25 ліпеня, а таксама 1 лістапада, у дзень Усіх Святых — у мястэчку ладзіліся фэсты-кірмашы.
Праз шлюб Мікалая Радзівіла «Старога» з Соф’яй Манівід Жупраны перайшлі да Радзівілаў, якія валодалі імі да пачатку XIX стагоддзя. Мікалай «Стары» стварыў вялікую латыфундыю, якая заклала падмурак магутнасці роду Радзівілаў.
Юрый Радзівіл «Геркулес» (1480—1541), сын Мікалая «Старога», быў адным з найбагацейшых магнатаў Вялікага Княства. Ён стаў заснавальнікам біржанска-дубінкаўскай лініі роду. Час яго жыцця прыпаў на пачатак Рэфармацыі — рэлігійнага і грамадскага руху XV—XVI стагоддзяў, які меў мэтай рэформу хрысціянства і адыход ад уплыву Каталіцкага Касцёла. На тэрыторыю сённяшняй Беларусі рэфармацыя прыйшла ў вучэнні кальвіністаў. Юрый Радзівіл неаднойчы быў агітаваны кальвіністамі, аднак да канца жыцця застаўся верны каталіцкаму шляху веры і надзеі. Зусім іншы падыход да веры меў яго сын Мікалай.
Мікалай Радзівіл, па мянушцы «Руды» (1512—1584), аказаў значны ўплыў на распаўсюджванне і прапаганду рэфармацыйных ідэй. Афіцыйна прыняўшы кальвінізм, ён узначаліў пратэстантаў у ВКЛ. У Біржах ён стварыў цэнтр Рэфармацыі ў Літве і адкрыў кальвінісцкую школу. Радзівіл пачаў актыўную агітацыю шляхты і простых сялян да пераходу з каталіцтва ў кальвінізм. На тэрыторыі радзівілаўскіх уладанняў масава зачыняліся каталіцкія святыні, маёмасць касцёлаў канфіскоўвалася, а самі будынкі перарабляліся на кальвінскія зборы. Не абмінуў гэты лёс і Жупранскі стары касцёл, які быў зачынены і перароблены ў пратэстанцкі збор.
Каталіцкае духавенства падало на кальвіністаў у суд, абвінаваціўшы іх у бяспраўным заняцці будынка. Урэшце ў 1646 годзе ксёндз Павел Клячкоўскі, віленскі канонік, плябан нясвіжскі, койданаўскі і жупранскі, дамогся ад князя Багуслава Радзівіла, якому належалі тады Жупраны, каб будынак святыні і землі разам з маёнткам Ганчары, якія былі прыпісаны да збора, вярнулі католікам.
Цуд пасля пажару: адраджэнне ў XVII стагоддзі
Касцёл у Жупранах моцна пацярпеў падчас вайны 1654—1667 гадоў. Падчас «нашэсця» маскоўскія войскі падпалілі святыню. Над алтаром высока на бэльцы знаходзіўся драўляны крыж, які не змаглі зняць. Пасля пажару на папялішчы крыж і драўлянае распяцце знайшлі ў вуголлі некранутымі агнём. Вернікі палічылі гэтую рэліквію цудадзейнай. Сёння цудоўны крыж знаходзіцца ў правым бакавым алтары касцёла.
Новую святыню пасля пажару адбудавалі ў 1692 годзе на сродкі дачкі Багуслава Радзівіла. Працамі кіраваў цясляр Казлоўскі з Барун. Былі ўзведзены новыя сцены, а ў Вільні замоўлены жалезны крыж для даху.
XIX стагоддзе: ахвяра графа і доўгае будаўніцтва
У пачатку XIX стагоддзя Жупраны, Навасёлкі і Станькава (на Міншчыне) сталі ўладаннямі Караля Чапскага (1779—1836), сына Францішка і Веранікі з Радзівілаў. Пасля Караля Жупраны і Навасёлкі атрымаў у спадчыну ягоны сын Адам Юзаф Эразм Чапскі (1819—1874), а затым унук Адам Ігнацый (1849—1914).
Граф Адам Карлавіч Гутэн-Чапскі ў 1854 годзе, бачучы патрэбу жупранскай парафіі ў аднаўленні старога струхнелага касцёла, ахвяраваў сродкі на пабудову новага мураванага каталіцкага касцёла. Пробашчам парафіі ў той час быў ксёндз Францішак Станкевіч. Месцам для новага касцёла стала ўзвышша каля могілак, дзе на той момант стаяла драўляная капліца.

Пасля паўстання 1863—1864 гадоў будаўнічыя працы былі прыпынены з прычыны абмежаванняў на будаўніцтва каталіцкіх святыняў у Расійскай імперыі і жадання расійскіх уладаў канфіскаваць недабудаваны касцёл і прыстасаваць яго пад царкву, якой у мястэчку не было. Пасля актыўных пратэстаў вернікаў і намаганняў тагачаснага пробашча ксёндза Зыгмунта Косці 23 красавіка 1874 года ўдалося атрымаць дазвол ад царскіх улад, і працы працягнуліся.
Будаўнічыя працы працягваліся аж да 1884 года, калі нарэшце была завершана алтарная частка і тры вежачкі над ёй. Капліца ля новай святыні была разабрана 10 мая 1894 года, а матэрыял выкарыстаны на агароджу касцёльнага дзядзінца.
Архітэктура і сімвалы: тры нефы і дзесяць вежачак
Інтэр’ер касцёла святых Пятра і Паўла падзелены на тры нефы пяццю парамі васьмігранных магутных калон. На сярэдняй калоне справа знаходзіцца драўляная гранёная амбона. Касцёл упрыгожваюць тры алтары. У галоўным алтары, выкананым у стылі барока, змешчаны цудадзейны абраз Маці Божай Сямібалеснай. Абраз напісаны ў XVII стагоддзі і быў перанесены ў сённяшні касцёл са старой драўлянай святыні.
На абразе прадстаўлена Багародзіца пад крыжам, са слязьмі на вачах. У Яе матчына сэрца ўтыкаюцца сем мячоў — гэта алегарычны сімвал, які адлюстроўвае сем пакут Марыі:
- Прароцтва Сімяона ў святыні.
- Уцёкі ў Егіпет ад пераследу Ірада.
- Страта падлетка Езуса ў Ерузалемскай святыні.
- Сустрэча з Езусам на Крыжовым шляху.
- Смерць Езуса на Крыжы.
- Зняцце Цела Езуса з Крыжа.
- Пахаванне Езуса.
Вакол абраза размешчаны шматлікія воты — каштоўныя знакі ўдзячнасці людзей за атрыманыя цуды.
Францішак Багушэвіч: пясняр, які хадзіў у Жупраны
У міжваенны перыяд да парафіі адносілася капліца ў Куцавічах. Драўляная капліца была ўзведзена ў цэнтры вёскі, на скрыжаванні каля шашы Ашмяны — Баруны, у першай палове XIX стагоддзя як уніяцкая. У 1864 годзе яна была перароблена на праваслаўную царкву, а ў 20-я гады XX стагоддзя зноў вернута католікам. У 80-я гады яна была зачынена калгаснай уладай і цалкам знішчана праз некалькі гадоў.
У 1749 годзе да жупранскай парафіі далучылася сям’я Багушэвічаў. Якраз тады яны набылі за 450 злотых блізкі ад Жупранаў фальварак. Будучы беларускі песняр Францішак Багушэвіч (1840—1900) упершыню ўбачыў Жупраны ў 1845 ці 1846 годзе, калі яго бацька Казімір перавозіў дзяцей са Свіранаў (жончынага фальварка) у Кушляны. Францішак тады меў гадкоў пяць-шэсць.

Лёс выдатнага пісьменніка быў цесна звязаны з жупранскім касцёлам. Багушэвіч актыўна займаўся зборам сродкаў падчас будоўлі: агітаваў людзей на кірмашах, збіраў ахвяры ў вёсках. Пасля пакідання адвакацкай службы ў 1898 годзе ён пасяліўся ў маёнтку Кушляны, адсюль хадзіў на нядзельную святую Імшу ў Жупраны. У гэтых мясцінах ён і памёр 28 красавіка 1900 года. У жупранскім касцёле адбылася пахавальная літургія, а сам пясняр пахаваны побач з касцёлам на парафіяльных могілках.
Салезіяне: калыска адраджэння ў Беларусі
З Жупранамі таксама звязана гісторыя адраджэння салезіянскай харызмы ў Беларусі. Салезіяне (Таварыства святога Францішка Сальскага) — гэта каталіцкая манаская кангрэгацыя, якую ў XIX стагоддзі заснаваў італьянскі святар Ян Боско.
Першы салезіянін прыйшоў у Жупраны яшчэ падчас Другой сусветнай вайны. У місіянерскіх выправах на беларускіх землях, арганізаваных арцыбіскупам Віленскім Рамуальдам Ялбжыкоўскім, прымалі ўдзел 11 салезіянаў. Адным з першых удзельнікаў «місіі на Усход» быў ксёндз Францішак Краеўскі SDB. Ён адгукнуўся на просьбу арцыбіскупа адразу пасля атрымання святарскага пасвячэння (20 красавіка 1941 года) і пачаў дапамагаць у Ашмянскім і Смаргонскім паветах. 29 студзеня 1942 года ён накіраваўся ў Жупраны, дзе на працягу года апекаваўся парафіяй.

У складаны ваенны і пасляваенны перыяд, з 1944 па 1951 год, у парафіі нёс служэнне ксёндз Баляслаў Гельмер (1897—1969), які кіраваў парафіяй у часы жорсткіх сталінскіх рэпрэсій супраць Касцёла і духавенства. 6 сакавіка 1951 года святар быў арыштаваны і асуджаны савецкімі ўладамі на 25 гадоў лагераў (рэабілітаваны 25 верасня 1992 года). Пасля вызвалення з лагера ў 1954 годзе святар вярнуўся ў Жупраны і, ужо хворы, працаваў да смерці.
Пасля смерці ксёндзя Баляслава Жупраны не мелі сталага пробашча: на Імшу прыязджаў ксёндз Фелікс Карпінскі з Мураванай Ашмянкі, а пасля яго трагічнай смерці — іншыя святары з ваколіц. Гэтак працягвалася да таго часу, пакуль не прыехаў наступны салезіянін — ксёндз Юзаф Занеўскі SDB.
Ксёндз Юзаф служыў у Жупранах з 1981 па 1991 гады і вёў актыўнае змаганне за вяртанне католікам мясцовых зачыненых касцёлаў. Святар ездзіў цэлебраваць святую Імшу «пад дзвярыма» зачыненых святынь і разам з вернікамі адчыняў канфіскаваныя камуністычнай уладай касцёлы. Дзякуючы намаганням ксёндза Юзафа Занеўскага зноў адчынілі дзверы пяць буйных касцёлаў Гродзеншчыны: святога Міхала Арханёла ў Ашмянах, святога Яна Хрысціцеля ў Гальшанах, святога Міхала Арханёла ў Смаргоні, Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дайлідках і Святой Тройцы ў Данюшаве.
Пасля ксяндза Юзафа Занеўскага салезіянская прысутнасць у Жупранах не перарываецца і сёння. Па праву гэтая парафія можа называцца калыскай адраджэння салезіянскай харызмы ў Беларусі.
Доўгачаканае пасвячэнне: вяршыня юбілею
Жупранскі касцёл у завіруху гістарычных падзей ніколі не спыняў сваёй дзейнасці. Аднак, нягледзячы на гэта, адкладзенае пасвячэнне святыні так і не была здзейснена на працягу яе 150-гадовай гісторыі.
Пасля юбілейнага аднаўлення касцёла сёлета, 29 жніўня, урэшце адбудзецца ўрачыстая кансэкрацыя святыні разам з новым эўхарыстычным алтаром. Яе здзейсніць біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
Гэты велічны і вельмі чаканы акт станецца «вотумам» падзякі Богу і продкам за 150 гадоў веры і гісторыі.
Праграмма святкавання ТУТ>>>.








