У мінскай Серабранцы з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча адзначылі парафіяльную ўрачыстасць і ўзнеслі малітву за ксяндза-юбіляра
- 25 чэрвеня, 2026
- Фота: Вікторыя Крыстал // Catholicminsk.by
24 чэрвеня арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў адпустовую святую Імшу ў парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Мінску (мікрараён Серабранка, дэканат Мінск-Усход), служэнне ў якой нясуць айцы салезіяне. Падчас Эўхарыстыі вернікі таксама маліліся ў інтэнцыі ксяндза каноніка Юзафа Занеўскага, які ў гэтым годзе адзначае 85-ю гадавіну свайго нараджэння.
У гаміліі арцыпастыр звярнуўся да Евангелля аб нараджэнні Яна Хрысціцеля, які прыйшоў у свет у сям’ю бяздзетных і старых Альжбеты і Захарыя. Божы Провід прызначыў яму важную і адказную ролю: падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцу. Не асфальтаваную ці бетонную, як падкрэсліў арцыпастыр, а менавіта духоўную, бо людзі вялі грэшнае жыццё.
Арцыбіскуп нагадаў, што святы Ян Хрысціцель быў верным сведкам Божага закону і яго прыклад заклікае нас быць такімі ў наш час, калі ўсё больш людзей жыве так, як быццам Бога няма: не згодна з Божым законам, а ўстаноўленым імі самімі.
— падкрэсліў іерарх.

Сімвалічная дата нараджэння Яна Хрысціцеля — 24 чэрвеня, калі дні самыя доўгія ва ўсім годзе. Аднак потым яны пачынаюць скарачацца. Гэтая прыродная з’ява адлюстроўвае праўду, якую аб’явіў Ян, што ён сам павінен памяншацца, а Езус узрастаць. Ён прыйшоў не для таго, каб прыцягнуць да сябе ўвагу, але каб падрыхтаваць шлях Езусу.
Арцыбіскуп Тадэвуш узгадаў святарскі шлях юбіляра ксёндза каноніка Юзафа Занеўскага. Ён нарадзіўся ў каталіцкай сям’і на Гродзеншчыне. Марыў стаць святаром, што ў атэістычныя часы было не так проста. Таемна атрымаўшы святарскае пасвячэнне ў салезіянскай супольнасці, ён працаваў рабочым на Гродзенскім піўзаводе і таемна дапамагаў пробашчу гродзенскага пабернардынскага касцёла ксяндзу прэлату Міхалу Арановічу, аб чым хутка стала вядома атэістычным уладам.
Пераломны момант наступіў у 1989 годзе, калі папа Ян Павел ІІ прызначыў арыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча біскупам у Беларусі. Распачаўся працэс адраджэння веры і вяртання раней канфіскаваных касцёлаў. І тут у поўнай меры праявіліся пастырскія і арганізацыйныя здольнасці ксяндза Юзафа. Дзякуючы яго намаганням вернікі змаглі сабе вярнуць шмат канфіскаваных касцёлаў, а салезіяне распачалі працу ў дзесяці парафіях, што пры катастрафічна малой колькасці святароў, было падарункам з неба.
Але прыйшоў 1991 год і арцыбіскуп Тадэвуш быў накіраваны ў Расію, дзе рэлігійная сітуацыя была вельмі складанай, бо было толькі некалькі касцёлаў і святароў. Аднак адкрываліся новыя перспектывы і іерарх запрапанаваў ксяндзу Юзафу пасаду пробашча парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Маскве.

Пачатак служэння быў вельмі складаны. Касцёл быў перабудаваны пад завод і розныя офісы, падзелены на чатыра паверхі. Але ксёндз Юзаф не разгубіўся і з надзеяй на Божую дапамогу ўзяўся за працу. Святар распачаў рэгулярныя набажэнствы на сходах касцёла. Служыў у спёку і мароз, у дождж і снег. Пяць гадоў настойліва змагаўся за вяртанне касцёла, пакуль ён не быў перададзены парафіі.
Дзякуючы намаганням ксяндза Юзафа салезіяне адкрылі дом апекі для дзяцей вуліцы. Пад Масквой заснавалі рэкалекцыйны цэнтр. Менавіта яны стаялі ля вытокаў адраджэння парафій у Гатчыне пад Санкт-Пецярбургам, у Саратаве і Растове-на-Доне. Цяпер яны таксама служаць у Сочы.
Дастойны іерарх назваў юбіляра «апосталам Масквы» і ад усяго сэрца падзякаваў яму за яго працу, адзначаючы, што без яго Касцёл у Расіі не быў бы такім, якім з’яўляецца сёння.
— выразіў упэўненасць іерарх.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што асоба святога Яна Хрысціяцеля і прыклад ахвярнага служэння ксяндза Юзафа Занеўскага заахвочваюць духоўных і вернікаў ніколі не здавацца, нават у найбольш складаных сітуацыях давяраць Богу і жыць паводле хрысціянскіх перакананняў. Калі ж сітуацыя Касцёла патрабуе таго — пакорна адысці на другі план, уступаючы месца іншым. Сваёй малітвай і служэннем Богу, Касцёлу і людзям рыхтаваць шлях для прысутнасці Езуса Хрыста ў штодзённым жыцці людзей.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў ксяндзу каноніку Юзафу Занеўскаму заставацца маладым духам і бадзёрым, перадаваць багаты вопыт новаму пакаленню, каб яно таксама магло пакінуць пасля сябе добры след.
Урачыстая літургія завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй і словамі падзякі арцыпастыру за яго прысутнасць і віншавання юбіляра з яго святам.































